Закрыть

Выберите свой город

Закрыть

Рэпартаж з дома сезоннага пражывання ў Вязыні Вілейскага раена

Рэпартаж з дома сезоннага пражывання ў Вязыні Вілейскага раена

Фото с сайта zviazda.by.

 

Дом сезоннага пражывання ў Вязыні ўжо другую зіму выратоўвае мясцовых пенсіянераў ад адзіноты.

Зіма ў вёсцы для старога чалавека — яшчэ тое выпрабаванне. Прынесці вады па галалёдзе з калодзежа, штодзень вытапіць грубку — справы не з лёгкіх. Ды і да юшкі многім з тых, каму за 70, ужо даволі праблематычна дацягнуцца... А дадайце да гэтага яшчэ і пачуццё адзіноты... Асабліва цяжка даводзіцца жыхарам хутарных вёсак, дзе да дачнага сезону практычна ўсе хаты на замку.

На Вілейшчыне прыдумалі рашэнне гэтай праблемы, паведамляе 20 студзеня сайт “Звязды”. Каб адзінокія старыя не сумавалі доўгімі зімнімі вечарамі ў сваіх хатах, мясцовыя ўлады адрамантавалі закінуты драўляны дамок. Там колісь была бібліятэка. І павесілі шыльду "Дом сезоннага пражывання". Зараз там пад адным дахам жывуць тры бабулі і дзядуля, якія за два месяцы сталі адно для аднаго самымі блізкімі людзьмі.

"Як вярнуўся сюды — дык і апетыт з'явіўся"

Невялічкі сціплы пакойчык. Тры бабулькі ў квяцістых хусцінках — на канапе перад тэлевізарам. Толькі паспела павітацца, як з суседняга пакоя выглянула худзенькая жанчына.

— А гэта Алена, — злавіла мой пытальны погляд бабуля, што сядзела бліжэй да дзвярэй. — Даглядчыца наша. Яна тут як член сям'і. Праведвае нас, старых, пяць разоў на тыдзень. І есці зварыць, і печкі растопіць, таблеткі ды прадукты прынясе.

— На выхадных яны самі ўпраўляюцца, — падхоплівае сацработнік Алена Нарэйка. — Чакаюць панядзелка, каб я да іх прыйшла. Дружныя яны, нічога не скажу. Адна праблема, што адзінокія засталіся. А тут разам усё ж весялей. І час хутчэй бяжыць(паглядае на гадзіннік) . Калі дазволіце, і я ўжо пабягу. Склаліся ж па 20 тысяч — дык трэба паспець у краму да абеду, каб заказы выканаць. Мне ж яшчэ і мясцовых старых трэба абслужыць... А дзеда я нацерла маззю (звяртаецца да бабулек). Вы ведаеце (а затым зноў да мяне), нешта наш Фядотавіч апошнім часам аслабеў, толькі ў пятніцу з бальніцы выпісалі. Там, сын казаў, практычна нічога не еў, а як вярнуўся сюды, да сваёй часовай сям'і — дык, дзякуй Богу, і апетыт з'явіўся.

Іван Фядотавіч Брыль, якому 2 лютага споўніцца 85, згадзіўся адказаць на мае пытанні. Але папрасіў дазволу не падымацца з ложка.

— Як сюды трапілі? — цікаўлюся.

— Язык да Кіева, дачушка, дапытае. Бабкі вясковыя на вуліцы збяруцца і рознае збіраюць. Вось ад іх і пачуў пра гэты дом. А пасля сацыяльны работнік — яна да жонкі спярша хадзіла, а тады і да мяне перайшла, — пацвердзіла. Жонка ж мая памерла. Ужо 15 гадкоў, як адзін, бы без лісця ўлетку язмін. Пакуль мог, рабіў усё скрозь ля хаты. Нават людзі дзівіліся: "У Івана ўсё сваё — і капуста, і гуркі". Гэтай вясной хвароба скруціла, дык агарод не садзіў... Не змог.

— А дзеці?

— А што дзеці?.. Малодшага сына ўжо няма ў жывых. Старэйшыя і самі пенсіянеры, здароўе ў іх таксама нікудышнае. З адным я ў бальніцы зараз ляжаў. Няма каму даглядаць за мной...

Пасля гэтых слоў старэчыя вочы ўвільгатніліся. І я, шчыра прызнацца, на нейкі момант нават разгубілася. Не так часта даводзіцца бачыць, як мужчына плача.

— Суседкі вас тут не крыўдзяць: вы ж адзін, а іх — трое? — спахапілася і спрабую перавесці размову на іншую тэму.

— Чаму ж яны будуць крыўдзіць? Грошы ж з пенсіі на камунальныя выдаткі ды прадукты тыя самыя кладу ў "зберкасу", што і яны. Разам плануем свой бюджэт. Што прыгатаваць, якія прадукты купіць — усё абмяркоўваем на сямейным савеце. Атрымліваецца менш затратна, чым калі б я адзін жыў.

— А ці смачна кормяць?

— Як заправіш, так і з'ясі, — усміхаецца Іван Фядотавіч. — Прынамсі так у нас на вёсцы кажуць. Калі хочаш, каб каша была смачнейшай, адрэж кавалак каўбасы ці сала.

"За зіму Сярожка і Тамарка так прыкіпелі адно да аднаго, што расстацца не змаглі"

Наладзіць кантакт з гаспадынямі дома сезоннага пражывання атрымалася значна хутчэй. Адна з іх аказалася яшчэ той гумарысткай, а смех, як водзіцца, збліжае.

Ледзь Яўгенія Фядотаўна Гамолка ўбачыла ў маіх руках фотаапарат, тут жа пачала павучаць сваіх сябровак.

— Надзька, Лідка, што вы галовы долу апусцілі, у дзірачку глядзіце.

— Дык вы тут за старэйшую? — удакладняю праз смех.

— Не, я — за старэйшую, — ажывае Надзея Міхайлаўна. — Мне 1 студзеня 83 споўнілася.

— Ай, Надзька, адзін год розніцы, што ты ўжо!.. — жартуе Фядотаўна.

— І як адсвяткавалі дзень народзінаў і Новы год?

— Адтупалі добра (смяюцца), — працягвае ўсіх весяліць Яўгенія Фядотаўна.

Надзея Міхайлаўна мандрык — адзіная, хто праводзіць тут ужо другі сезон.

— Спадабалася так, што і на другую зімоўку папрасілася, — кажа зграбная бабулька. — Тут весялей. Ды і тое, што родная вёска непадалёку, грэе. Як душа не на месцы, дык, бывае, збяруся раніцай і пешшу паклыпаю ў родную вёску. Пагляджу, што ўсё ў парадку, — і назад. Ногі ў мяне для маіх гадоў яшчэ дзякуй Богу, толькі вось вельмі дрэнна бачу.

— А чаму вашы мінулагоднія суседзі не вярнуліся на гэтую зіму?

— Тамарка пераехала да Сярожкі. Цяперака яны жывуць разам. Яму — 76, ёй — 63. Летась тут сустрэліся і зімавалі. Так прыкіпелі адно да аднаго, што расстацца не змаглі, — распавяла душашчыпальную гісторыю Надзея Міхайлаўна.

"Пацук застукае — дык ужо і валасы дубам"

— Не дай Бог аднэй у хаце быць, — уздыхае Фядотаўна. — Мыш застукае, пацук застукае — дык ужо і валасы дубам. Думаецца, што гэта нехта ідзе. А як паслухаеш па тэлевізары, што на свеце робіцца, дык і яшчэ большы страх апаноўвае.

— А вы як даведаліся пра дом сезоннага пражывання?

— А гэткая ў нас харошая, шустрая бабка ёсць (сацработнік. — Н.Д.), якая даглядала мяне. Ну дык ад яе і пачула, што ў Вязыні зрабілі гэткі домік. Фенька, кажу, дык ты мяне ўтопай туды. Яна з першага разу і ўтопала мяне сюды. Добра тут, як дома. Лепей не трэба.

— Сумуеце па доме?

— Спачатку ныла, а цяпер не ныю. Цяпер я што і дома тут. І машыны ходзяць, і людзі ходзяць. Дагэтуль зімавала ў сына. У яго дачка выйшла замуж, хлопчыка нарадзіла. Дык там ужо мне і месца не будзе. Ды і цяжка мне ў горадзе. Там на чацвёртым паверсе нямашака ліфта: дык гляджу ўніз, як у яму. Унучка калі-нікалі мяне памаленьку на двор зводзіць. Вось і ўся сувязь з зямелькай. Я родам з вёскі Рогавічы. Ад Вязыні недалёка — мусіць, кіламетраў 9-10.

— І няўжо аб роднай хаце душа не баліць, як суседцы?

— А што там? З кута ў кут ходзіш. З аднэй лавачкі — на другую. Нікога няма і пагаварыць. Нідзе нікога, з усіх канцоў усе пустыя хаты. Адна я. Сям'і нямашака. Курэй нямашака, свіней нямашака — нічога, дзеткі, не трымаю. І ўжо і трымаць не буду. Бо ўжо не магу.

— А як вам новыя суседзі?

— А мы сябруем. У нас жарты, смешкі. Я гэтай бабкі (Яўгенія Фядотаўна дзеліць адзін пакой з нямой Лідзіяй Васільеўнай Мароз. — Н.Д.) ужо і гутарку разумею. Што рукамі пакажу, што яна мне. Вось так мы і гутарым. Дапамагаем гору адна аднэй. Надзька ж дрэнна бачыць, Лідка — не гаворыць, а мне ногі баляць. А сёння ноччу гэны Фядотавіч з ложка зваліўся, бедны. Так напужаў. Дык добра я пачула. Ліда, кажу, хутчэй уставай! Але дзе ж мы мужыку дадзім рады. Давялося ў "хуткую" тэлефанаваць.

"Што мы Фядотавіча не падзелім?"

Больш за ўсё ў сінім дамку любяць узгадаць маладосць. Калі размова заходзіць аб кавалерах, смяюцца да ўпаду. Як да веснічак праводзілі, які час быў бесклапотны. А пасля сям'я, дзеці, праца...

— Я была на паляводстве, — распавядае Фядотаўна. — Пасля прыказам паставілі на ферму. За работай свету не бачыла. Трое дзетак у школу выправіць трэба, мужу ссабойку сабраць. 12 год як памёр, нямашака.

— Я больш за цябе адрабіла на ферме даяркай, — хваліцца сваім стажам Надзея Міхайлаўна.

— Ну дык не дзіва: ты ж раней нарадзілася, — шуткуе Фядотаўна. — Вой, як даіла кароў, дык спаць хацелася. Ставіш будзільнік у вядро, каб барабаніў ля вуха. А цяперака, хоць сшывай вочы, не спіцца. Ноччу, як выб'емся разам са сну, дык пачынаем рэзаць прыпеўкі.

Вецер вее, вецер вее,

Вішанька калышацца.

Ты не вер, дзяўчына, хлопцу.

Покуль не распішацца.

— Чаму пчолкі не гудзяць? — падхоплівае Надзея Міхайлаўна. -

Чаму не раяцца?

Чаму хлопцы не жэняцца?

Бо дзевак баяцца.

— Ну што, падобныя мы адна да адной? — цікавіцца Фядотаўна.

— Як сёстры, — паддакваю.

— Стрыечныя... І не дзіва. У адной хатцы жывём.

— І што, зусім не сварыцеся?

— А за што? За што мы будзем сварыцца? Што мы, Фядотавіча не падзелім? (смяюцца).

— Чаму не сябраваць? Калі не сябраваць, як жа ж жыць? — дадае Надзея Міхайлаўна.

Вясной, у красавіку, усіх чатырох развязуць па родных хатах. А пакуль наперадзе доўгая зіма. Якую старым дапамогуць прабавіць мясцовыя валанцёры — да слова, такія ж пенсіянеры. Час ад часу іх праведваюць і дзеці, якія далёка зараз ад бацькоўскага гнязда. У кожнага свой лёс і сваё апраўданне...

Каментарый

Людміла СЛЯПЦОВА, дырэктар Вілейскага тэрытарыяльнага цэнтра абслугоўвання насельніцтва: "Дамоў-інтэрнатаў многія старыя баяцца як агню"

— З самага пачатку, калі ідэя дома сезоннага пражывання толькі прапрацоўвалася, вельмі не хацелася ствараць нешта падобнае на дом састарэлых, са штатнымі работнікамі, якія цалкам абслугоўвалі б бабуль і дзядуляў. Многія старыя, якія яшчэ не страцілі здольнасць да самаабслугоўвання, такіх устаноў баяцца як агню. Сезонная форма пражывання добрая тым, што вясной чалавек вернецца зноў у свае родныя сцены, свой двор, зможа займацца звыклымі справамі. Менавіта таму і вырашылі пасяліць адзінокіх пенсіянераў разам, даць аднаго на чатырох сацработніка, а ў астатнім прадаставіць поўную свабоду. На жаль, на гэты сезон не змаглі засяліць усіх ахвотных. Бо іх у раёне шмат, а дом пакуль толькі адзін...

— Дык стварыце яшчэ адзін, два. Столькі, колькі неабходна. Хапае ж у вёсках закінутых будынкаў.

— Усё ўпіраецца ў фінансаванне. Ініцыятыўны малады старшыня Вязынскага сельсавета адразу ж падтрымаў ідэю. У выніку — за кошт бюджэтных сродкаў адрамантавалі той закінуты будынак. Абсталяваць яго мэбляй і бытавой тэхнікай дапамаглі нашы спонсары — ірландскія валанцёры. Няма гарантыі, што яны будуць дапамагаць нам адкрываць такія дамы і ў іншых населеных пунктах. Таму трэба шукаць новыя падыходы ў арганізацыі сезоннага пражывання нашых пенсіянераў. Адзін з іх — стварыць падобныя дамы на базе прыватнага жылля. Умоўна, у адзінокага пенсіянера ёсць хата на некалькі пакояў. І ён гатовы прыняць да сябе яшчэ двух-трох старых. Сацработнік будзе прыходзіць да іх. Не выключаем, што давядзецца рабіць там касметычны рамонт. Мы б выдзелілі грошы з бюджэту, адрамантавалі, калі нешта патрэбна, мэблю завезлі — і няхай бы пажылыя людзі жылі разам.


Заметили ошибку? Выделите текст, нажмите Ctrl+Enter и оставьте замечание!

Написать комментарий

Информация
Чтобы написать комментарий вам нужно авторизоваться или зарегистрироваться

Обращались ли вы за помощью в милицию?

Новости Вилейки

В Вилейке назначен новый заместитель председателя райисполкома по социальной сфере

Хотите узнать больше? 4 января в Вилейском райисполкоме состоялось мероприятие с участием зампредседателя Миноблисполкома Ивана Маркевича и председателя райисполкома Олега

В Вилейке в скейт-парке, на уличных тренажерах и детских площадках установили камеры видеонаблюдения

Хотите узнать больше? В Вилейке вандалы периодически портят городские объекты. К примеру, скейт-парк с 2016 года громили трижды. В июне kraj.by обратился к властям по

В Вилейском районе установили памятные знаки в честь воинов Первой мировой войны

Хотите узнать больше? В годы Первой мировой войны в деревнях Слобода и Кулиха находились лазареты. 102 года тому назад закончилась Первая мировая война, в которой

В Молодечненском, Воложинском и Вилейском районах запрещено посещать леса

Хотите узнать больше? Запрет на посещение лесов действует уже в 72 районах Беларуси. Такая информация размещена на интерактивной карте запретов и ограничений на посещение

Шефа Вилейского РОВД перебросили в Столбцы

Хотите узнать больше? 30 декабря Александр Коротыш назначен на должность начальника отдела внутренних дел Столбцовского райисполкома. Александр Коротыш Обязанности

Расписание рождественских богослужений в приходе храма Преподобной Марии Египетской

Хотите узнать больше? Православные христиане празднуют Рождество 7 января. Расписание служб на Рождество в приходе храма Преподобной Марии Египетской размещено на сайте

Молодечненский, Вилейский, Мядельский районы... Где еще напряженка с базаром труда

Хотите узнать больше? Правительство утвердило перечень территорий с напряженной ситуацией на рынке труда на 2020 год. Соответствующее постановление Совета Министров от 27

Регистратура разинутого субъекта азбука работать в поликлинике Вилейской ЦРБ

Хотите узнать больше? В районной поликлинике Вилейки 27 декабря торжественно открылась обновленная регистратура с современной «начинкой». Из новшеств – электронная