Закрыть

Выберите свой город

Закрыть

“Шчасце — у дробязях”

“Шчасце — у дробязях”

Вераніка Харужая

“Найлепш пра мяне і мае захапленні раскажуць фатаграфіі”, — запэўніла мяне падчас сустрэчы маладая выкладчыца прафтэхкаледжа Вераніка Харужая і пачала паказваць на планшэце сваю багатую калекцыю здымкаў. Вось яна са сваімі навучэнцамі, далей — сярод удзельнікаў конкурсу прафесійнага майстэрства “Шлях да поспеху” і тэатралізаваных дзей падчас Міжнароднага фестывалю “Звіняць цымбалы і гармонік”, а яшчэ — ля славутых мясцін Санкт-Пецярбурга, на рыбалцы і ў грыбах… А колькі на здымках кветак, уласных вышывак, пейзажаў роднай Пастаўшчыны! 

Адразу стала зразумелым — размова кароткай не атрымаецца.

— Вераніка, раскажы пра свой шлях у прафесію.

— Я нарадзілася і вырасла ў Паставах. Вучылася ў СШ № 3, паралельна скончыла мастацкую школу, якая падарыла шмат магчымасцей для самаразвіцця. Прадметы даваліся лёгка, у старэйшых класах думала паступаць у вышэйшую навучальную ўстанову. Але ў планы «ўмяшаліся» абставіны. Тата трапіў у рэанімацыю, дома былі патрэбны мая падтрымка і дапамога. Паступіла ў Пастаўскі прафесійна-тэхнічны каледж на спецыяльнасць “Рахункавод”, затым атрымала  яшчэ адну — “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт” і дыплом з адзнакай. Пасля размеркавання засталася ў гэтай установе працаваць майстрам вытворчага навучання.

— Вучыцца падабалася?

— Вельмі. Заўсёды актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці каледжа, шмат сіл аддавала вучобе. Старанні былі заўважаны — атрымлівала рэспубліканскую стыпендыю імя Францыска Скарыны. Уладкаваўшыся на работу, паступіла на завочнае аддзяленне ў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, дзе атрымала дыплом эканаміста. Прызнаюся: сумую па лекцыях і студэнцкім жыцці. З радасцю працягвала б вучобу — мне надзвычай падабаецца пазнаваць невядомае.

— Ці прыносіць задавальненне работа?

— А як жа! Хоць яна няпростая і мае свае нюансы. Найцяжэй было пачынаць. Навучэнцы не намнога маладзейшыя за мяне, і трэба ўмець сябе паставіць так, каб яны слухаліся, паважалі, не парушалі дысцыпліну на занятках. З іншага боку, мой узрост дапамагае наладжваць сяброўскія, даверлівыя адносіны. Што тут утойваць: частка дзяцей — з няпоўных, нядобранадзейных сем’яў, ёсць сіроты. Увага, нераўнадушныя адносіны ім патрэбны як нікому іншаму. Бывае, што, акрамя выкладчыка, ім няма больш да каго звярнуцца. Несумненна, перажываеш за кожнага, дапамагаеш.

— За лёсам выпускнікоў сочыш?

— Так, часцей за ўсё — у інтэрнэце. Бывае, што дасягненні былых вучняў трапляюць на старонкі раённай газеты, і я ім радуюся, як сваім. Нярэдка сустракаю выпускнікоў у гора­дзе, і тады не магу не спытаць у іх пра справы дома і на рабоце. Заўважаю, што, падрастаючы, яны пачынаюць па-іншаму глядзець на многія рэчы. Часта дзякуюць за настойлівыя парады працягваць вучобу, атрымліваць дадатковыя спецыяльнасці. Для мяне як для выкладчыка гэта найлепшая адзнака за работу.

— Добры настаўнік у жыцці значыць многае. У цябе іх было шмат?

— Мне пашчасціла: у прафесійным плане было і ёсць з каго браць прыклад. Часта ўспамінаю ўрокі грамадазнаўства былога дырэктара СШ №3 Юрыя Мікалаевіча Кісялёва. Як цікава, даступна ён умеў падаць свой прадмет, колькі прыводзіў жыццёвых прыкладаў! У каледжы такім узорам для мяне з’яўляюцца дырэктар установы Мікалай Мікалаевіч Лысёнак, яго намеснік па выхаваўчай рабоце Алена Канстанцінаўна Дубовік. Яны, як і іншыя калегі, заўсёды падтрымліваюць мае ідэі, ініцыятывы, дадаюць упэўненасці ў сілах. Толькі і чую ад іх: “дзейні­чай!”, “спрабуй!”, “ты гэта зможаш!”. І, аказваецца, магу.

— Ты з’яўляешся сакратаром пярвічнай арганізацыі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі ў прафтэхкаледжы…

— Гэтыя абавязкі мне па душы. Супрацоўніцтва з райкамам БРСМ прыносіць шмат знаёмстваў, адкрыццяў, новых уражанняў. Ужо зараз з нецярпеннем чакаю новага навучальнага года, які, як заўсёды, распачнецца з арганізацыі студатрадаў, работы ў гаспадарках раёна. Клопатаў хопіць, але без іх восені не ўяўляю.

— На наступным тыдні бу­дзе праведзены другі этап конкурсу прафесійнага майстэрства “Шлях да поспеху”, у якім ты ўдзельнічаеш. Якія ўражанні ад першага?

— Вельмі прыемныя. Наогул, ніколі не адмаўляюся ад удзелу ў любых праектах і мерапрыемствах. Яны даюць магчымасць знайсці сяброў, адкрыць у сабе новыя здольнасці. На конкурс пайшла і з мэтай данесці да старшыні райвыканкама свае думкі па развіцці каледжа, абнаўленні яго матэрыяльна-тэхнічнай базы. За сем гадоў гэта навучальная ўстанова стала для мяне другім домам, і мне вельмі хочацца, каб яна развівалася і харашэла.

— На сцэне ты не навічок…

— Сапраўды, я нярэдка выступаю на самых розных мерапрыемствах — як у каледжы, так і на гарадскіх пляцоўках. Яшчэ калі вучылася на бухгалтара, з задавальненнем наведвала тэатральны гурток. Сцэнічная творчасць захапіла і адпускаць не збіраецца. У каледжы дапамагаю калегам у напісанні сцэнарыяў, з задавальненнем удзельнічаю ў пастаноўках. Сцэна — гэта маё. Люблю яе найперш за… страх, які пераадольваю кожны раз, выходзячы да гледача. Гэта такі кайф — перамагчы сябе, свае неспакойныя думкі і хваляванні! Кожны поспех натхняе і дадае ўпэўненасці.

— У цябе шмат здымкаў ­краявідаў Пастаўшчыны.

— Прырода — найлепшае натхненне, найлепшы душэўны лекар і наймагутнейшая крыніца энергіі. Таму вольны час заўсёды стараюся правесці за межамі горада. На прагулкі часцей за ўсё адпраўляюся пешшу. Усё, што можна абысці, абыду. Заўсёды бяру з сабой вернага сябра — аўчарку Барона. І фота­апарат — гэта яшчэ адно маё вялікае захапленне. У любую пару года вакол столькі цікавага, прыгожага! Усё хочацца захаваць на фотаздымках.

— Напэўна, ты і рыбак заядлы?

— Яшчэ які! Тут мне пашчасціла. У нас вялікі дом, на ўчастку ёсць свая сажалка. Не так даўно запусцілі туды карпаў, таму на рыбалку і ехаць нікуды не трэба. За гэта я асабліва люблю Паставы. З аднаго боку, ты жывеш на ўлонні прыроды, дыхаеш свежым паветрам і атрымліваеш асалоду ад навакольнай цішыні. З іншага, дзесяць хвілін на машыне — і ты ўжо ў цэнтры сучаснага еўрапейскага гарадка.

— Чым яшчэ захапляешся?

— Доўга пералічваць! Вельмі люблю чытаць, асабліва рускую класічную літаратуру і Ясеніна ў прыватнасці. Цікаўлюся сусветнымі навінамі — за імі сачу па тэлебачанні і ў інтэрнэце. Нядаўна захапілася ёгай. Як аказалася, гэта выдатны сродак для аднаўлення духоўнай энергіі і фізічных сіл. Ляжыць душа да вышыўкі — па выхадных часта саджуся за гэты занятак. Шмат задавальнення прыносіць догляд кветак. Яшчэ адна мая “стыхія” — вандроўкі. Хацелася б з часам пабываць у Еўропе, але найперш трэба спазнаць Беларусь і яе шматлі­кія славутасці.

Кожнае захапленне па-свойму супакойвае, натхняе на работу, дорыць адчуванне гармоніі і душэўнай раўнавагі.

— Што для цябе шчасце?

— Гэта найперш здаровыя бацькі, якія цябе любяць і падтрымліваюць, утульны дом, куды штодня хочацца вяртацца. Наогул, па жыцці я ўмею шчыра радавацца непрыкметным на першы погляд рэчам і з’явам — усходу сонца, прагулцы на прыродзе, сустрэчы з  сябрамі… Нават такія дробязі дораць мне адчуванне вялікага шчасця.

Іна СНЯЖКОВА. 

Фота аўтара.

Заметили ошибку? Выделите текст, нажмите Ctrl+Enter и оставьте замечание!

Написать комментарий

Информация
Чтобы написать комментарий вам нужно авторизоваться или зарегистрироваться

Обращались ли вы за помощью в милицию?

Новости Постав

Люд, какие нас удивили в 2019 году. Топ-10 на kraj.by

Хотите узнать больше? В этом году прежде всего отличились милиционеры. Причем сразу и вилейские, и молодечненские. Переставили машины нетрезвых туристов Вилейские

Женщина из Постав поверила «экстрасенсу» - и лишилась более тысячи долларов

Хотите узнать больше? В отношении ранее не судимой 75-летней женщины возбуждено уголовное дело.

Страну засыпало снегом. Посмотрите, как красиво в разных частях Беларуси

Хотите узнать больше? Собрали фото, которые читатели TUT.BY присылали в редакционный Viber.

В Поставах на торгах продали столетний дом: его купил местный житель

Хотите узнать больше? Дом с почти столетней историей не включен в список историко-культурных ценностей Беларуси.

Портал 115.бел обновили и назвали по-новому

Хотите узнать больше? Портал 115.бел глобально обновили и дали ему новое название – «Мая рэспублiка». При его разработке были учтены предложения и замечания, поступившие

При сварке взорвалось топливо. Пограничники в Поставах получили травмы при ремонте служебного авто

Хотите узнать больше? 21 сентября прапорщик и солдат срочной службы ремонтировали в гараже служебную машину. Старший по званию занимался сваркой и нарушил технику

В Поставах на торгах продают столетний дом

Хотите узнать больше? Кирпичное здание площадью 270 квадратных метров на улице Вокзальной, 34 построили во время советско-польской войны.

В Беларуси запустили «счетчик поборов» в школах и детских садах

Хотите узнать больше? Не так давно в Сети появился ресурс pobory.by, озаглавленный как «Поборы в детских садах и школах». Tut.by поговорил с одним из авторов идеи – главой