Закрыть

Выберите свой город

Закрыть

Людьми красивые Дворчаны

Людьми красивые Дворчаны

Жыў багаты чалавек, наймаў да сябе на работу людзей. Па-польску іх звалі “люд чарны”, а месца жыхарства багацея — “Двор чарны”. Потым хтосьці пры напісанні дапусціў памылку — і атрымаліся Дварчаны. Вось такая легенда пра назву вёскі.

  З гісторыі

Дакладная дата ўзнікнення паселішча невядома. У кнізе “Памяць” напісана, што з 1921 года Дварчаны ўваходзілі ў склад Віленскага ваяводства, з 1940 — у Пастаўскім раёне. Гэта была вёсачка да дзесяці дамоў. Аднак у невялікім радыусе знаходзілася мноства хутароў. Людзі працавалі на ўласнай зямлі, вялі гаспадарку. Мірнае жыццё парушыла Вялікая Айчынная вайна. Многія мясцовыя жыхары пайшлі на фронт і загінулі.

У 1949 годзе ў Дварчанах арганізаваўся калгас “Залаты колас”. Паступова гаспадарка ўзбуйнялася. На цэнтральнай сядзібе сталі будавацца дамы, былі ўзведзены два свінарнікі, два кароўнікі, аўчарня, канюшня, памяшканне для ўтрымання птушкі, інкубатар, цяпліца. Працаваў нават свой ільнозавод. У 1955 годзе з’явіліся водаправод і дызельная электрастанцыя, а ў 1959-ым — паветраныя лініі электраперадач, першая тэхніка. На ёй працавалі Іосіф Прашмунт, Рафал Лоўчык. Сваімі працавітасцю, стараннем праславіў дварчанскую зямлю механізатар Браніслаў Турон. Ён узнагароджаны ордэнамі Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума медалямі Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі, Ганаровым дыпломам Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР. На жаль, гэтых людзей ужо няма ў жывых.

У 1963-ім з Загачча ў Дварчаны перамясціўся сельскі Савет, з’явіліся аб’екты сацкультбыту: аддзяленне сувязі, бібліятэка, клуб. У 1963 годзе ў новым будынку спра­віла наваселле школа. Яе дырэктарамі былі Генадзій Якаўлевіч Кіёнак, Пётр Сільвестравіч Мурзёнак, які потым выехаў у Злучаныя Штаты Амерыкі, Ванда Андрэеўна Цюлькова. Доўгі час калектыў узначальвала На­дзея Андрэеўна Кіёнак. Змяніла яе Яніна Вайцехаўна Ожаль. У 2004-ым школу закрылі, і дварчанскія дзеці сталі вучыцца ў Камайскай СШ. У 1986 годзе калгас “За Радзі­му” быў далучаны да калгаса “Дружба”, а Дварчаны сталі аддзяленнем.

І хлеб, і песня

Цяпер у вёсцы пражывае каля 200 чалавек. Яе можна падзяліць на тры часткі. Адна — з пабудовамі мінулага стагоддзя, дзе жывуць людзі старэйшага ўзросту, другая — пяць дамоў, узведзеных у двухтысячных гадах, у якія засяліліся ў асноўным прыезджыя, і трэцяя — новыя сучасныя домікі з выгодамі, у многіх з якіх нават падключаны прыродны газ. Гаспадары там таксама маладыя. Увогуле, большасць насельніцтва вёскі працаздольнага ўзросту. Ёсць фельчарска-акушэрскі пункт, магазін, клуб-бібліятэка. На мехдвары — уся неабходная для апрацоўкі зямлі тэхніка, камбайны. У аддзяленні працуюць чатыры  жывёлагадоўчыя фермы з утрыманнем цялят на адкорме, цялушак для абнаўлення статка і дойная.

— Механізатары ў нас рознага ўзросту, — расказваў начальнік аддзялення Віктар Францавіч Вайцякян. — Ёсць карэнныя дварчанцы, ёсць прыезджыя. Апрацоўваем каля тысячы гектараў ворнай зямлі, часта выязджаем на дапамогу ў іншыя аддзяленні. Шмат гадоў звязаны з тэхнікай Пётр Бейнер, Уладзімір Казакевіч, Казімір Чапскі, Станіслаў Волк, Уладзіслаў Ядзевіч, Аляксандр Феакцістаў і іншыя. Стараюцца і маладзейшыя Леанід Счасны, Дзяніс Бейнер, Віталій Масцяніца.

Людьми красивые Дворчаны

Аляксандр Вярбіцкі, Уладзімір Феакцістаў, Юрый Сырых, Іван Яркоўскі і Аляксей Казакевіч.

 На мехдвор мы прыехалі раніцай. Механізатары былі без настрою. “Надвор’е ўсталявалася добрае, — гаварылі яны, — а мы ў майстэрні сядзім. Работы ж у полі шмат: рыхтаваць глебу да сяўбы, сеяць. Прычына вымушанага прастою — адсутнасць паліва”.

В. Ф. Вайцякян у аддзяленні і начальнік, і аграном, і заатэхнік. Спецыялісты не затрымліваюцца, адпрацуюць абавязковы тэрмін і мяняюць месца жыхарства. Нядаўна пасля заканчэння Гарадоцкага тэхнікума механізацыі загадчыкам майстэрняў прыйшоў працаваць мясцовы Віктар Лоўчык. Яго бацька Віктар працуе вадзіцелем, маці Даната — загадчыцай зернясклада. Магчыма, і сын прырасце да дварчанскай зямлі.

Знаёмімся з механізатарамі. Аляксей Казакевіч пакуль сям’і не мае і жыве з бацькамі, працуе на МТЗ з дыскамі. Ва Уладзіміра Феакцістава МТЗ-1025, ён уносіць хімікаты. Аляксандр Вяр­біцкі нарадзіўся ў Вільнюсе. У Іёдаўцах жылі бабуля з дзядулем. Да іх часта прыязджаў у госці, пазнаёміўся з дварчанскай дзяўчынай і перабраўся сюды. Цяпер з Вільнюсам звязвае толькі памяць пра бацькоў, якія там пахаваны. У Дварчанах атрымаў новы домік, абуладкаваў яго на свой густ. Рукам Аляксандра падуладна любая тэхніка. Працаваў на камбайне, цяпер уносіць мінеральныя ўгнаенні. Прыезджы і Іван Яркоўскі. У свой час Дварчаны прывабілі яго магчымасцю атрымаць жыллё. За механізатарам замацаваны камбайн, “Кіравец”. На любой рабоце руплівы. Юрый Сырых родам з Паўночнай Асеціі. Але яго мама — беларуска. Вярнуліся на яе ра­дзіму, у Браслаўскі раён, потым пераехалі ў Дварчаны. Цяпер у Юрыя свая сям’я, падрастаюць дзве дачушкі.

Хоць вольнага часу ў вёсцы не так шмат, многія з’яўляюцца актыўнымі наведвальнікамі бібліятэкі, удзельнічаюць у мастацкай сама­дзейнасці. Песня аб’ядноўвае. Алена Кіркіж у мінулым гараджанка. Пра тое, што памяняла гарадскую кватэру на асобны дом у Дварчанах, ніколькі не шкадуе. У яе сям’і пяцёра дзетак: двое дарослых, а трое — школьнікі. Усе любяць спяваць, таму ні адно мерапрыемства ў клубе не абыхо­дзіцца без іх удзелу. Зна­хо­дзіць час на рэпетыцыі і канцэрты яшчэ адна мнагадзетная маці — Крысціна Альбінаўна Мядзвецкая. З мамамі на сцэну выходзяць і дзе­ці — Ваня і Вераніка Жылавы, Максім Мя­дз­вецкі, Валерыя Памазкова. Шмат апладысментаў заўсёды заслугоўваюць Маргарыта Волк і Вікторыя Вярбіцкая. А аб’ядноўвае вакол сябе артыстаў загадчыца клуба-бібліятэкі Святлана Памазкова — ініцыятыўная, творчая, таленавітая. Дварчанскіх сама­дзейных артыстаў заўсёды шчыра сустракаюць не толькі ў мясцовым клубе, але і на святах навакольных вёсак.

Людьми красивые Дворчаны

Удзельнікі мастацкай самадзейнасці: Святлана Памазкова, Крысціна Мядзвецкая, Вікторыя Вярбіцкая, Маргарыта Волк, Алена Кіркіж, Валерыя Памазкова, Максім Мядзвецкі, Вераніка і Ваня Жылавы.

Выдатніцы народнай асветы

Некалі ў Дварчанскай школе вучылася больш за сто дзяцей, працавала шмат настаўнікаў. Яніна Вайцехаўна Ожаль сёлета ўпершыню 1 верасня не пачула залівістага школьнага званка, не прывітала вучняў у класе. Педагагічнай справе яна прысвяціла больш за 40 гадоў.

— А настаўніцай стала выпадкова, — расказвала. — У сям’і нас былі тры сястры. Мама выхоўвала адна. Было цяжка. 7 класаў закончыла ў Шкіралях. Вучобу прадоўжыла ў СШ № 2. Там атрымала пасведчанне швачкі і вырашыла ўладкавацца ў райбыткамбінат. Хаця вельмі любіла школу, добра ведала нямецкую мову. І калі ў Каралінове спатрэбіўся настаўнік нямецкай, з раённага аддзела адукацыі запрасілі мяне. Паспрабавала — атрымалася. Паступіла на завочнае аддзяленне ў інстытут замежных моў. А калі выйшла замуж, перавялася ў Дварчаны. Тут адпрацавала да таго часу, пакуль школу не закрылі. Думала адпачываць. Ды прапанавалі паездзіць у Янкішкі, потым — у Муляры.

— З Надзеяй Андрэеўнай Кіёнак нас звязвае многае, — працягвала Яніна Вайцехаўна. — Яна вучыла мяне ў Шкіралёўскай школе. Потым я працавала пад яе кіраўніцтвам у Дварчанах. Энергічная, настойлівая, мэтанакіраваная, прафесіянал у сваёй справе. Мне нават было страшнавата пасля яе прымаць дырэктарства. Цяпер часта ўспамінаем той хоць няпросты, але цудоўны час.

Людьми красивые Дворчаны

Ветэраны педагагічнай працы Я. В. Ожаль (злева) і Н. А. Кіёнак.

 Абедзве настаўніцы — выдатніцы народнай асветы. Але найбольшая ўзнагарода для іх — удзячнасць былых вучняў і калег. Нярэдка перагортваюць фотаальбомы, вяртаюцца ў гады маладосці, плённай працы і ні аб чым не шкадуюць. Жылі сумленна, цалкам аддавалі сябе абранай справе. Таму і цяпер карыстаюцца павагай і аўтарытэтам у вяскоўцаў.

 Сёстры

Іх дзяцінства прайшло на хутары ля Дварчан. У сям’і было шасцёра дзяцей. У школу хадзілі ў Шкіралі, выраслі — ажаніліся, павыходзілі замуж. Адзін брат абсталяваўся ў Паставах, другі — у Нарачы, трэці — у Дварчанах. Сярэдняя сястра, Вілюня, паехала за маладым салдацікам, які праходзіў у Паставах тэрміновую службу, ажно ў Валгаградскую вобласць. Старэйшая, Баляслава, выйшла за Браніслава Турона з суседняга Рубяжа, малодшая, Браніслава, — за Івана Лешчыка са Старога Двара. Завочна вывучыліся, атрымалі спецыяльнасці. Баляслава працавала бухгалтарам, Браніслава — брыгадзірам.

Людьми красивые Дворчаны

У радасці і горы разам сёстры Вілюня, Баляслава і Браніслава.

Не склалася жыццё ў далёкім краі ў Вілюні, з дваімі дзеткамі вярнулася дадому. У другі раз выйшла замуж за мясцовага хлопца, нарадзіла дзяўчынку, а праз год муж трагічна загінуў. Падтрымалі, ахінулі клопатам сёстры. Цяпер усе тры — удовы. Але даюць сабе рады, трымаюць гаспадарку, на канікулах прымаюць унукаў. Ёсць конь. Сенам забяспечвае кіраўніцтва гаспадаркі, упраўляцца з плугам, бараной прыязджаюць зяці, а калі трэба, то і мясцовыя мужчыны выручаць. Талакой садзяць і ўбіраюць агароды. Збіраюцца разам не толькі ў святы, але нярэдка і ў звычайны дзень, каб абмеркаваць навіны або тэлеперадачу, любяць чытаць раённую газету. На траіх дзеляць радасці і гора. Быць дружнымі іх вучылі бацькі. І сёстры гэту навуку добра засвоілі. У вёсцы ім многія зайздросцяць, бо як жа гэта добра, калі побач ёсць родны, надзейны чалавек, які ў любой сітуацыі падставіць плячо, суцешыць, раздзеліць радасць, мудра падкажа, павучыць.

У клопатах жыццё цікавейшае

Э. С. Адамовіч родам з сям’і, у якой было 12 дзяцей. Усе змаглі атрымаць адукацыю і працавалі на адказных пасадах. Эдмунд Сцяпанавіч быў інжынерам, потым узначальваў калгас “За Радзіму”, быў старшынёй Дварчанскага сельскага Савета. Жонка Галі­на Генрыхаўна да выхаду на пенсію працавала галоўным эканамістам мясцовай гаспадаркі. Не ся­дзяць без справы гэтыя людзі і цяпер. У той дзень, калі я завітала да Адамовічаў, застала іх на панадворку. Яны збіраліся капаць бульбу. Эдмунд Сцяпанавіч зранку паспеў на веласіпедзе з’ездзіць у Паставы — развезці сваім кліентам малако і вярнуцца дадому.

Людьми красивые Дворчаны

У Эдмунда Сцяпанавіча і Галіны Генрыхаўны Адамовічаў заўсёды шмат спраў.

— Сцяпанавіч на нагу лёгкі, — казала жонка. — Я больш каля дома, а ён і карову, і каня дагледзіць, і мне дапаможа. Руплівы, нястомны.

Дачка Адамовічаў — доктар, жыве ў Мінску. Сын — у Паставах. Ён дальнабойшчык. У якіх толькі краінах ні давялося яму пабываць! Дзеці забяспечаныя, ім дапамагаць не трэба. Бацькі маглі б адпачываць, але гэта не ў іх характары. Ад працы атрымліваюць асалоду, у клопатах жыццё цікавейшае.

Ёсць што ўспомніць суседкам

Людьми красивые Дворчаны

Былыя даяркі Т. С. Грыбоўская, А. І. Субко і К. П. Кавалеўская.

Тэрэса Станіславаўна Грыбоўская, Аліна Іванаўна Субко і Крысціна Пятроўна Кавалеўская хоць і жывуць па-суседстве, цяпер сустракаюцца не штодня. У кожнай хапае клопатаў дома. Часам здзіўляюцца, як раней усюды паспявалі. Яны працавалі на адной ферме даяркамі. Уручную раздавалі кармы, апаратамі даілі кароў, малако злівалі ў бачкі. А як цяжка было прывучаць першацёлак! Здаралася, пакуль з поля  ў памяшканне загоняць, прывяжуць, падояць — ужо дзве гадзіны ночы. У чатыры раніцы зноў ішлі на ферму. Без выхадных і водпускаў працавалі гадамі. Паміж дойкамі летам трэба было паспець за некалькі кіламетраў схадзіць паварочаць сена, падаіць уласных кароў, накарміць свіней. Да таго ж трымалі парадак у доме, выхоўвалі дзяцей.

— Палягчэла пасля таго, калі на ферме правялі рэканструкцыю, падключылі малакаправод, — успаміналі. — Усе тры ў 50 гадоў пайшлі на льготную пенсію, але працягвалі працаваць. Былі як адна сям’я.  Калі каторай куды трэба было, старалі­ся падмяніць. Цяпер нікуды спяшацца не трэба. Жывём дзеля сябе. Больш часу прысвячаем добраўпарадкаванню прыдамавых тэрыторый, маем магчымасць паглядзець любімыя тэлеперадачы, у нядзелю з’ездзіць у Паставы ў касцёл.

А збяруцца разам, ёсць што ўспомніць, пра што пагаварыць, пажартаваць.

* * * 

Пра многіх жыхароў Дварчан я пісала раней. Напрыклад, пра гаспадароў прыгожага, яркага дома ў цэнтры вёскі — Ганну і Уладзіслава Ядзевічаў, пра працавітыя сем’і Казіміра і Святланы Чапскіх, Ганны і Генадзя Прашмунтаў, мнагадзетных Кіркіж і Мядзвецкіх, расіян Смаркалавых. У будучым планую бліжэй пазнаёміцца яшчэ з некаторымі. Да новых сустрэч, дварчанцы!

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.

Заметили ошибку? Выделите текст, нажмите Ctrl+Enter и оставьте замечание!

Написать комментарий

Информация
Чтобы написать комментарий вам нужно авторизоваться или зарегистрироваться

Обращались ли вы за помощью в милицию?

Новости Постав

Люд, какие нас удивили в 2019 году. Топ-10 на kraj.by

Хотите узнать больше? В этом году прежде всего отличились милиционеры. Причем сразу и вилейские, и молодечненские. Переставили машины нетрезвых туристов Вилейские

Женщина из Постав поверила «экстрасенсу» - и лишилась более тысячи долларов

Хотите узнать больше? В отношении ранее не судимой 75-летней женщины возбуждено уголовное дело.

Страну засыпало снегом. Посмотрите, как красиво в разных частях Беларуси

Хотите узнать больше? Собрали фото, которые читатели TUT.BY присылали в редакционный Viber.

В Поставах на торгах продали столетний дом: его купил местный житель

Хотите узнать больше? Дом с почти столетней историей не включен в список историко-культурных ценностей Беларуси.

Портал 115.бел обновили и назвали по-новому

Хотите узнать больше? Портал 115.бел глобально обновили и дали ему новое название – «Мая рэспублiка». При его разработке были учтены предложения и замечания, поступившие

При сварке взорвалось топливо. Пограничники в Поставах получили травмы при ремонте служебного авто

Хотите узнать больше? 21 сентября прапорщик и солдат срочной службы ремонтировали в гараже служебную машину. Старший по званию занимался сваркой и нарушил технику

В Поставах на торгах продают столетний дом

Хотите узнать больше? Кирпичное здание площадью 270 квадратных метров на улице Вокзальной, 34 построили во время советско-польской войны.

В Беларуси запустили «счетчик поборов» в школах и детских садах

Хотите узнать больше? Не так давно в Сети появился ресурс pobory.by, озаглавленный как «Поборы в детских садах и школах». Tut.by поговорил с одним из авторов идеи – главой