Модэль Бор
Засценак Модэль Бор, 1930-я гг. Фота з сямейнага альбома Вітольда Каржанеўскага, Варшава.
Гэтая гісторыя пачалася год таму
Як там у Еўропе ёсць? Прыязджае чалавек у незнаёмы горад і хоча нешта адшукаць… Здагадайцеся, куды ён пойдзе па дамамогу? Зразумела, у бібліятэку, альбо музей! Па няпісанаму ў свеце правілу існуе завядзёнка – менавіта тут і знаходзяцца людзі, якія ўсё ведаюць! Яны чытаюць кнігі, збіраюць розныя дакументы аб сваім краі.
Так адбылося і ў гэтым выпадку: Вітольд і Марыся Каржанеўскія з Варшавы завіталі ў Глыбоцкую раённую бібліятэку.
– Мы хочам знайсці ў Галубіцкай пушчы месца, дзе некалі стаяў засценак Модэль Бор, там, у 1930-ыя гг, жылі нашыя родзічы Рытароўскія. Можа ў вас ёсць якія мапы, дзе той Модэль Бор пазначаны?– пытаюцца госці з Варшавы.
– Няма ў нас нічога! Ідзіце да Скрабатуна,– напэўна так адказалі ў бібліятэцы (не сумняваюся). Як бы там насамрэч і ні было, але пасля візіту ў бібліятэку палякі завіталі менавіта да мяне.
А я падумаў: а мне гэта трэба? І так часу не стае! Сваю работу, бывае, раблю ў аўральным рэжыме. Хай бы тая бібліятэка, як Ваня Сусанін, сама і вадзіла гэтых палякаў па пушчы ды шукала ў яе неабсяжных нетрах падмуркі засценка Модэль Бор.
Потым падумаў, паразважаў: “Ну, а хто ж яшчэ дапаможа гэтым польскім пенсіянерам з Варшавы, калі не я? Ды й што тады падумае Еўропа пра беларусаў наогул?”
Натуральна, Модэль Бор трэба шукаць на мапах “польскіх часоў”. Аксіёма! Адкрываю польскую вайсковую мапу за 1932 год. Ёсць! Галубіцкая Пушча, возера Межужол, два-тры кіламетры на поўнач, на самым краі багнаў Вялікі Луг і Акнішча (Bagno Wielki Luh i Bagno Okniszcze) – Модэль Бор (на мапе – Модэле (Modele). Выспа сярод багнаў!
– Так, – кажа Вітольд Каржанеўскі,– у сямейным архіве ёсць пісьмо з Модель Бора ў Варшаву. Там аднаму ахвотніку наведаць улетку Модэль Бор было рэкамендавана прыязджаць менавіта ўзімку, бо наўкола – “tylko bagno i piaski» (“толькі багна і пяскі”). Няма дарог! Дабрацца можна толькі зімнікам (зімовай дарогай) на санях. Нават нарыхтаваны лес ніхто не транспартуе ўлетку, а толькі санным шляхам узімку.
– Пачуўшы такое, штосьці мне адразу расхацелася ехаць з палякамі ды шукаць сярод “багнаў і пяскоў” камяні падмуркаў колішняга засценка Модэль Бор!
Што рабіць? Тэлефаную Аляксею Віктаравічу Протасу, начальніку міжрайінспекцыі па ахове жывёльнага і расліннага свету.
– Няма там, Уладзімір Іванавіч, ніякіх багнаў цяпер! Усё змянілася за столькі гадоў. Добрыя лясныя дарогі,– кажа сп. Протас. – Даедзіце! Магу і інспектара з машынай разам з вамі паслаць. Няхай па дарозе яшчэ і спраўдзіць ці сваволяць там ягадныя браканьеры?
І мы даехалі. Даехалі да возера Межужол. Вось тут, недзе ў пару кіламетрах на паўночны усход і быў засценак Модэль Бор. Паньства з Варшавы было вельмі задаволенае, што было заўважна на іх тварах. На гэтым возеры родзічы Вітольда Каржанеўскага лавілі рыбу, палявалі на дзікоў і вельмі верагодна – крок у крок – ходзім мы цяпер па іх слядах. Ну, усё – мая місія выкананая! Пашукаць яшчэ падмуркі пабудоваў Модэль Бора? Дык гэта – нонсэнс! 70 гадоў прайшло! Усё парасло лесам, пакрылася мохам! Якія ўжо камяні! На цяперашняй мапе Докшыцкага раёна, якую мы набылі ў кнігарні, у гэтым месцы адзначаны лясны масіў, які падпісаны як «урочышча1 Модэль Бор».
Прайшоў год! Адсвяткавала Глыбокае Дзень беларускага пісьменства... Ізноў чую знаёмы голас у тэлефоне: “Гэта Вітольд Каржанеўскі турбуе. Мы ўжо ў Брэсце. Едзем у Глыбокае. Хочам усё ж знайсці падмуркі Модэль Бора…”
– Во ўліп!– падумаў я,– пакуль гэтыя палякі ўрэшце рэшт не дакрануцца рукамі да камянёў падмуркаў Модэль Бора, не адчэпяцца. Трэба даводзіць пошукі да канца, зноў прыйдзецца мне (а каму ж яшчэ!) шукаць адпаведны транспарт для вандроўкі, а самае галоўнае - кіроўцу, які пагодзіцца ехаць праз пушчу па ўсялякіх калдобінах і калеях, які пакінуў транспарт лесанарыхтоўшчыкаў! Дзякуй, што пагадзіўся Саша Маліноўскі, сябра маёй дачкі, які здабыў для вандроўкі адпаведны транспарт – УАЗік.
Марыся і Вітольд Каржанеўскія на беразе возера Межужол.
Модэль Бор у 1930-ыя гг
Паводле даведніка па Дзісенскаму павету, які выдаў павятовы Соймік у Глыбокім (сталіцы Дзісенскага павету), у засценку Модэль Бор Докшыцкай гміны на 1 студзеня 1930 г. налічвалася 11 жыхароў, да яго належыла 7 дзесяцін зямлі. Найбліжэйшая чыгуначная станцыя Параф’янаў – 40 км; найбліжэйшая пошта ў Тумілавічах – 16 км; да сядзібы гміны ў Докшыцах – 29 км; да сядзібы павятовых уладаў, г.зн. да г.Глыбокага – 59 км. Заўважым, што на той час (1930 г) у даведніку гэтае паселішча пазначана адным словам – Модэле. Але, гаспадарамі Модэль Бора на тым часе былі яшчэ не Рытароўскія.

Новы офіс Тумілавіцкага лясніцтва.
Як вынікае з дакументаў сямейнага архіву Вітольда Каржанеўскага, яго цётка (родная сястра маці п. Вітольда) Станіслава Габль-Рытароўская набыла засценак (фальварак) Модэле ў Галубіцкай пушчы 15 кастрычніка 1931 года ад Канстанціна Прашынскага, што запісана “ў кнізе вячыстай пад іпатэчным № 4008”.
Далей у гэтым дакуменце, які накіраваны на адрас “Управы Р.В.Р. “Orbis” у Варшаве, Кракаўскае прадмесце, 5”, паведамляецца: “Акрамя таго Канстанцін Прашынскі перадаў забеспячэнне на згаданым фальварку ў суме 60 тыс. зл. за п. Божыдара Рытароўскага і п. Мар’яна Тршцінскага на карысць фірмы “Р.В.Р. “Orbis” у Львове, і ў сувязі з тым, што выканалі вышэйзгаданыя ўмовы з “Р.В.Р. “Orbis” – з дня 1 верасня – прашу выкрасліць актам згаданую вышэй суму з маёй іпатэчнай кніжкі. Прычым зазначаю, што забеспячэнне вышэй выдадзенае, было на пакрыццё стратаў, якія выніклі з нагоды недабораў з продажу чыгуначных білетаў.
Прашу паведаміць, калі настане выкрасленне забеспячэння. З пашанай ….”
У гэтым дакуменце фігуруе Божыдар Рытароўскі – муж Станіславы Габль-Рытароўскай. Дадатак “Габль” – дзявочае прозвішча, якое падкрэслівае французскае паходжанне цёткі Вітольда Каржанеўскага. Натуральна, што і пан Вітольд па маці мае французскія карані.
Праўдападобна, што з гэтага часу засценак (альбо фальварак) Модэле і пачаў называцца Модэль Бор.
Якой была гаспадарка Модэль Бора часоў Рытароўскіх? На тое ёсць адпаведныя запісы ў сямейным архіве Вітольда Каржанеўскага. Модэль Бор у сувязі з новым тэрытарыяльным упарадкаваннем ужо належыў да Галубіцкай гміны. Агульны абшар – 75,5 га: ворнай зямлі – 9,5 га; багны, якая парослая каржакаватым дрэвастоем – 26 га; вырубкі – 5 га; сасны звычайнай – каля 10 га; мешанага дрэвастою – 28 га.
Акрамя таго, як сведчаць дакументы з сямейнага архіву п. Каржанеўскага, Рытароўскія мелі свой бізнес і ў Глыбокім. Вітольд Каржанеўскі паказаў аўтару пісьмовае паведамленне на фірмовым бланку з лагатыпам “Towarzywstwa Handlu Zagraniczniego “IMEX”, дзе напісана – “уласнік Божыдар Рытароўскі і суполка”. Аддзел таварыства – “Шлямярня ў Глыбокім” пры гарадской бойні, адрас: г. Глыбокае, вул. Кракаўская, 19. Рахунак у ашчаднай касе Дзісенскага павету ў Глыбокім. Дакумент датаваны 23.06.1937 г.
Што такое “шлямярня”? Пан Вітольд патлумачыў, што ў шлямярні рабілі падзел пяску (ці жвіру) на фракцыі шляхам прамыву яго вадой. Але пры чым тут глыбоцкі мясакамбінат (г.зн. бойня)? Між тым нагадаем, што вул. Кракаўская, – гэта сённяшняя Савецкая, а ашчадная каса – цяперашняя кантора Глыбоцкага кансервавага завода, дзе на прыступках другога паверху і сёння існуе мазаіка з надпісам “Ашчаджай”.
Дзякуй усім!
Зразумела, потым гэта стала і відавочным, Модэль Бор, без дапамогі ляснічага, мы не знайшлі б! Але куды звяртацца па дапамогу? Гэта ж Докшыцкі раён! У Докшыцы? Бягомль? Якое гэта лясніцтва?
Тэлефаную няўрымсліваму вандроўніку і краязнаўцу Косцю Шыталю: “Урочышча Модэль Бор – якое там лясніцтва?”
– Тумілавіцкае. Хоць і Докшыцкі раён, але лясгас Глыбоцкі,– усцешвае Косця.
То тады ўсё проста! Дзякуй Богу, не трэба ехаць ні ў які Бягомль! Усё вырашаецца на месцы.
Супрацоўнікі Глыбоцкага доследнага лясгаса Іван Дубовік, інжынер па ахове лесу і Дзяніс Самуйла, начальнік лесапункта, паставіліся да нашага візіту добразычліва. Паказалі план ляснога масіву, дзе знаходзіўся некалі засценак Модэль Бор. Спадар Дзяніс намаляваў нам вельмі падрабязную схему маршруту з усімі яго адметнасцямі, патэлефанаваў Рыгору Пятровічу Пяцько, ляснічаму Тумілавіцкага лясніцтва, і папрасіў аказаць дапамогу ў пошуках Модэль Бора.
– Рыгор Пятровіч працуе ў лясніцтве 36 гадоў. Усё ведае на сваім участку Галубіцкай пушчы! Пакажа!– тлумачыць Дзяніс Самуйла.
І мы паехалі ў Тумілавічы.

– Вось тут і быў Модэль Бор, дзе некалі жылі вашыя родзічы!– кажа Рыгор Пятровіч
Пяцько, ляснічы Тумілавіцкага лясніцтва.
Прытулак у пушчы
Офіс Тумілавіцкага лясніцтва – прыгожы сучасны будынак, які разам са старадаўняй драўлянай царквой уяўляюць сабой цікавосткі паселішча. А якія смачныя ў ляснічага яблыкі! Салодкія, як цукар, сакавітыя! Ясі – і есці хочацца!
– Пушча давала прытулак усім, хто ў гэтым меў патрэбу,– кажа па дарозе ў Модэль Бор Рыгор Пятровіч. – Небяспечна было жыць людзям на хутарах паблізу пушчы ці на яе ўскрайку... Былі ж розныя партызаны. Адны змагаліся за ідэю, ваявалі з немцамі, гінулі ў баях... А былі ж і банды, якія выдавалі сябе за партызанаў, а насамрэч займаліся рабункамі мясцовага насельніцтва, забіралі апошняе. А потым прыходзілі разбірацца немцы. Расстрэльвалі мясцовых жыхароў за перахоўванне і падтрымку бандытаў ці партызанаў. Даставалася ад тых і тых. Той, хто пайшоў хавацца ў глыб пушчы, выжыў і сустрэў вызваленне.
У Докшыцах некалі жыло да шасці тысяч яўрэяў… Равін сказаў: “Трэба ісці ў гета, як загадваюць немцы. Такі наш лёс!” Раз равін сказаў – яўрэі пайшлі. Але не ўсе! Некаторыя з яўрэяў не сталі слухаць равіна, пайшлі партызаніць у Галубіцкую пушчу. Толькі гэтыя яўрэі і выжылі!
Камп'ютарная апрацоўка фотаздымка часткі Галубіцкай пушчы з космасу. Крыніца: Google Earth.
Юнацкая грэбля
Галубіцкая пушча – дно колішняга вялікага прыледавіковага прэснаводнага мора. Апошні Валдайскі ледавік, які займаў толькі поўнач Беларусі, праходзіў па лініі: Орша – возера Лукомльскае – паміж Глыбокім і Докшыцамі (Варганская гара) – Мядзел… 10 000 гадоў таму ледавіковы перыяд скончыўся, 2-кіламетровай таўшчыні ледавік пачаў таяць і незваротна зыходзіць на Поўнач. У края ледавіка і ўтварылася разлеглае возера-мора. Рэкі Бярэзіна і Шоша за тысячагоддзі вынеслі воды гэтага мора. Засталіся пяскі і багна, якія накрыла Галубіцкая пушча. З цягам часу ў пушчы пачалі з’яўляцца хутары, засценкі і фальваркі. Трэба было неяк камунікаваць паміж сабой. Але як? Наўкола – багна! Узімку, калі ўсё пакрываецца лёдам і снегам, можна санным шляхам. А ўлетку?
Па дарозе з Тумілавічаў у Модэль Бор ляснічы Тумілавіцкага лясніцтва Р.П. Пяцько, які проста ўразіў усіх сваім веданнем мясцовай гісторыі, прапанаваў невялікую экскурсію на грэблю, якая, нібы накрэсленая пад лінейку, як нацягнутая струна, праразае багну ў Галубіцкай пушчы і ідзе далей па сушы – паўз пясчаныя дзюны – ужо добрай дарогай на Ліпава.
– У 1930-я гг польскія “камсамольцы”,– жартуе Рыгор Пятровіч,– пачалі будаваць грэблю, якую яшчэ й сёння клічуць Юнацкай грэбляй. Зразумела, што не “камсамольцы” гэта былі насамрэч, але аналагічная польская моладзевая арганізацыя. Гацілі багну бярвеннямі і фашынай, вазілі коннымі вазамі пясок, адсыпалі дарогу. А ў гонар узвядзення грэблі – паставілі збоч дарогі невялікі памятны знак.
Грэбля давала магчымасць наўпроставага праезду праз пушчу ад Ліпава да Тумілавічаў і далей, да Докшыцаў. Больш таго, побач у 3-5 км на ўсход праходзіла мяжа з вельмі неадэкватным па тым часе суседам – СССР. А гэта – не жартачкі! Бандыты, кантрабандысты, перабежчыкі з аднаго й другога боку, бальшавіцкія прапагандысты, якія пранікалі праз мяжу і баламуцілі свядомасць тубыльцаў сваімі аповядамі пра савецкі рай. І шмат хто паверыў, пайшоў на той бок мяжы. І, дзе тыя людзі падзеліся? Ніводзін не вярнуўся, і лёс іх невядомы. Мабыць, расстралялі наіўных як “польскіх шпіёнаў і дыверсантаў” альбо Беламорканал павезлі будаваць…
– Тут у часе апошняй вайны была партызанская зона,– працягвае аповяд Рыгор Пятровіч. – Немцы так і не змаглі даць рады партызанам. Уявіце сабе, напрыклад, на грэблі партызаны падбіваюць нямецкі танк, ён гарыць… І, усё – катастрофа! Не аб’ехаць, не развярнуцца назад: грэбля вузкая, справа і злева – багна! Мяшок! Немцы так і не сунуліся сюды за ўсю вайну.
А што цяпер? Цяпер ізноў: справа-злева – багна! Усе каналы, якія некалі выкапалі для асушэння балотаў, сёння запрудзілі бабры. Цэлы бярозавы гай збоч грэблі стаіць у вадзе сухастоем!
– Будзем узімку пілаваць на дровы,– рэзюмуе ляснічы.
У Модэль Бор наведваюцца мядзведзі
Па дарозе на Модэль Бор адкрываліся прыгожыя пушчанскія краявіды. Хаця й тут прыйшлося часам ехаць па грэблі, але іншай, не Юнацкай. Першая, другая грэблі… Шмат невысокіх пагоркаў, пакрытых мохам, верасам і чыстымі светлымі лясамі: сасна й бяроза. Божухны! А грыбоў колькі! Эх, не дазваляў час спыніцца хоць на паўгадзіны. Я б тут адарваўся! А кажуць, што ў пушчы не засталося месца, дзе б не ступаў бот грыбніка. Засталося!!!
– Сюды з Бярэзінскага запаведніка наведваюцца мядзведзі. Сам бачыў мядзведзіху з мядзведзянятамі,– сцвярджае ляснічы.
– Дык трэба ставіць папераджальныя знакі! Небяспечна!– непакоіцца Вітольд Каржанеўскі.
– Нашы мясцовыя ведаюць! Дарэчы, забягаюць сюды і ваўкі. А рысі, якія тут таксама сустракаюцца, наносяць вялікую шкоду пярнатым: палююць на глушцоў і цецярукоў.
І тут, хаця-нехаця, аўтар згадаў, што ўлетку яму распавялі байку аб тым, як ва ўрочышчы Чорны Ручай грыбнікі нечакана ўбачылі мядзведзя. Грыбнікі спалохаліся, а мядзведзь спалохаўся грыбнікоў – усе разбегліся ў розныя бакі, грыбнікі пры гэтым “шухеры” яшчэ й пакідалі кошыкі. Вось і не вер цяпер байкам, калі сам ляснічы кажа, што мядзведзі ў пушчы ёсць!
Даехалі! Модэль Бор!
– Вось тут і – Модэль Бор! Спыняемся! Выходзім! – камандуе спадар Р.П. Пяцько.
Наўкола – сасновы бор. Нішто цяпер не нагадвае аб засценку Модэль Бор… Няма ўжо таго вялікага поля на фоне засценка, што мы бачылі на здымках 1930-х гг. Толькі высокія карабельныя сосны і лясная дарога, ненакатаная коламі машын і гусеніцамі трактароў, парослая травой, – колішняя «вуліца» Модэль Бора.
– Модэль Бор не проста ўрочышча – месца колішняга паселішча – але і вялікі лясны масіў у Галубіцкай пушчы, які займае плошчу ў 600 гектараў,– тлумачыць палякам ляснічы.
Хто б мог падумаць, але ў высокай траве і зарасніках малінніку, яшчэ ўгадваюцца абрысы падмуркаў, на якіх стаялі драўляныя пабудовы. На гэта ўказваюць камяні, якія стаяць чарадой у форме прамавугольнікаў.
Камянёў жа ў пушчы проста так няма, як не шукай, а толькі багна і пяскі. Калі ляжыць камень у глыбіні пушчы, то ён можа быць толькі прывезеным! У пушчы няма і гліны. Калі будаваць дом і печку ў ім – усё трэба прывозіць!
– А вось, у сярэдзіне – цэгла і гліна. Тут, мабыць, стаяла печ,– паказвае Рыгор Пятровіч. Пані Марыся нахінулася і ўзяла з сабой кавалак цагліны – на памяць аб Модэль Боры.
– Сасновы лес спелы тады, калі яму сто гадоў, значыць пілаваць яго можна толькі тады, калі сасне настане сто адзін год. Гэтаму ж лесу – каля сямі дзясяткаў гадоў,– тлумачыць ляснічы. У пушчы не практыкуецца вырубка лесу вялікімі плошчамі, а толькі невялікімі дзялянкамі і ў розных месцах, усё ж Галубіцкая пушча – запаведны лес, заказнік.

– Возера Межужол. Tут і лавілі рыбу вашыя сваякі,– кажа Вітольду Каржанеўскаму Р.П. Пяцько, ляснічы Тумілавіцкага лясніцтва.
Як выжыць у пушчы, дзе “толькі багна і пяскі”?
– Як выжывалі людзі ў пушчы, дзе толькі багна і пяскі?– пытае ў ляснічага Вітольд Каржанеўскі.
– Як выжывалі? Збіралі і сушылі грыбы, везлі іх у Докшыцы – прадавалі яўрэям. Ягады! Яшчэ – паляванне ў пушчы, рыбалка на возеры Межужол.
– Напэўна, на гэтых пясках ніякая гародніна і збажына не прыносіла плёну?– цікавіцца Вітольд Каржанеўскі.
– Каб угнаіць гэтыя неўрадлівыя пяскі, трэба было трымаць шмат скаціны. Гной звозілі ў вялікую кучу перамешвалі з торфам – рабілі кампост. Штогод ім угнойвалі агароды – інакш ніякага плёну з гэтых пяскоў не будзе.
– Каб трымаць кароў, каней, авечак, патрэбныя пашы, а дзе тут магла расці добрая трава, калі наўкола толькі адна багна і пяскі,– настойвае Вітольд.
– Чаму! На балацінах расце не толькі вострая асака, якая можа параніць. Шмат добрай травы расце! Мурожная, напрыклад. Ды й не трэба цяперашніх кароў раўняць да тых, якія былі ў 1930-я гг. Цяперашнім падавай камбікорм, кукурузу! А раней – сам яшчэ памятаю – былі каровы чырвонай масці, якія на тых мурагах пасвіліся, давалі яны не так і шмат малака – літраў 10-12 – але малако было тлустым.
– Касілі мурагі, нарыхтоўвалі на зіму сена,– кажа ўпэўнена ляснічы, нібы й сам жыў у Модэль Боры ў 1930-ыя гг. Зразумела, гэта досвед вясковага жыхара. – Садзілі сады. Вось, дарэчы, і яблыня ад таго сада засталася.
Так, сапраўды, захавалася адна старая яблыня, якая схавалася пад шатамі вялікіх соснаў і разам з падмуркамі пабудоў усё яшчэ нагадвае аб засценку Модэль Бор.
Таямнічая назва – Модэль Бор
– А чаму засценак назвалі Модэль Бор?– пытае Вітольд Каржанеўскі.
– Не ведаю,– кажа ляснічы.
Уласна кажучы, і аўтар гэтых радкоў яшчэ да вандроўкі ў пушчу задаваўся такім пытаннем. Нібыта ў аснове слова «мадэль» i на мапе пачатку 1930-гг, калі паселішча яшчэ не належыла Рытароўскім, яно падпісанае як – «Modele». З часоў Рытароўскіх засценак фігуруе як Модэль Бор.
Кансультаваўся ў суседкі, выкладчыцы французскай мовы, але і тая нічога ўцямнага не сказала. Накшалт таго, што «мадэль» – гэта нешта новае, найноўшае.
Але ж слова «мадэль» у нас ужываецца ў спалучэнні з некалькімі словамі, напрыклад, «новая мадэль абутку», «новая мадэль аўтамашыны», «мадэльнае адзенне»... Між тым у нашым выпадку не «Мадэльны Бор», а «Модэль Бор». Так, з націскам на «о», вымаўлялі і самі палякі. Няхай так і застаецца, бо ўжо не прынцыпова, бо паселішча такога няма.
Дайшоў са шведамі ад самой Палтавы!
На зваротным шляху заехалі на возера Межужол. Вялікае і прыгожае лясное возера – адно з рэштак таго разлеглага возера-мора, што пакінуў некалі пасля сябе ледавік.
– Вось тут вашыя родзічы з Модэль Бора і лавілі рыбу!– кажа ляснічы, нібы падсумоўваючы вынікі нашай вандроўкі.
Вітольд і Марыся ўглядаліся ў блакітную далечыню Межужола… Там, за паўночным берагам, кіламетраў пару, засталіся камяні падмуркаў Модэль Бора. Збылася мара варшавянаў! Сярод багнаў і пяскоў яны знайшлі тое, што хацелі ўбачыць.
– Палякі ёсць палякі!– кажу я Рыгору Пятровічу. Яны заўсёды будуць шукаць свае карані, прыязджаць у іншыя краіны, шукаць падмуркі дома, дзе колісь жылі іх родзічы. Беларусы – іншая нацыя: не трэба ім памяць аб сваіх продках, як не трэба і мова, і гісторыя, і культура... Бягуць, пакідаюць радзіму. Едуць у Амерыку, Расію, Польшчу. І больш не згадваюць аб сваіх каранях!
– Ну, гэта не зусім так!– пярэчыць ляснічы. Шукаюць і беларусы! І я таму прыклад. У мяне – украінскія карані, і прозвішча – тыпова ўкраінскае. Вось ездзіў я пасля арміі, гадоў 25 мне тады было, на Палтаўшчыну, наведваў архіў, знайшоў і паселішча, дзе жывуць адны Пяцькі, адкуль і паходзіць мой прапрапра…дзед. Прозвішча вельмі распаўсюджанае ў Палтаўскай і Сумской воб-ласці, а для Беларусі рэдкае, не тыповае.
– А было гэта так. Шведскае войска атрымала паражэнне ў 1709 годзе пад Палтавай ад войскаў расейскага цара Пятра І. Шведы паспешна адступалі на поўнач, адкуль і прыйшлі. Мабілізавалі моладзь, якая мусіла з коннымі фурманкамі дапамагаць шведам адступаць: везці боепрыпасы, розную амуніцыю, параненых…
Было сярод іх трое хлопцаў з аднае вёскі: двое родных братоў, трэці – стрыечны. Усе – Пяцько! Сярод якіх – мой прапрапра…дзед. Дайшлі са шведамі да ракі Бярэзіны, што тут, збоч пушчы цячэ. На пераправе праз Бярэзіну фурманкі захраслі ў глеістым дне ракі. Як ні стараліся іх выцягнуць з багны – не атрымалася. Без фурманак хлопцы шведам ужо былі не патрэбныя, ды й мусілі яны паспяшаць, бо “на пяткі” ўвесь час наступалі расейскія салдаты. Хлопцы пайшлі ў бліжэйшую вёсачку. Тады там было 7 двароў, а ў 1970-я – 73 двары. А дзяўчаты там прыгожыя! Засталіся, пажаніліся. Так тут і з’явіліся жыхары з тыповым украінскім прозвішчам – Пяцько.
– Я ведаю свой радавод да шостага калена... Мой прапрапрадзед зваўся Янам. Але ж 300 гадоў прайшло! 12 пакаленняў! Дзе ж ужо там на Палтаўшчыне знойдзеш канкрэтнага Пяцько са свайго радаводу!
– А быў яшчэ адзін выпадак. Мой дзед служыў у царскай арміі... Стаіць войска, адбываецца паверка асабовага складу, кожны, пачуўшы сваё прозвішча, павінен гучна адклікнуцца: “Я!”
– Пяцько?
– Я!
Да дзеда падыходзіць генерал па прозвішчу Пяцько і пытае:
– Маларосія (у сэнсе – Украіна)?
– Ні як не! Беларосія!
– Маларосія?– яшчэ раз удакладняе генерал.
– Ні як не! Беларосія!– ізноў кажа дзед.
– Генерал думаў, што мой дзед - ягоны зямляк, хоць быў не так ужо і далёка ад ісціны. Расчараваны генерал вярнуўся на сваё ранейшае месца.
Паляванне на ваўкоў у Галубіцкай пушчы
Гэтая тэма не мае адносінаў да прыезду паньства Каржанеўскіх у Модэль Бор… Аднак мае наўпроставыя адносіны да часоў пражывання цёткі Вітольда Каржанеўскага, г.зн. да 1930-х гг, калі ў пушчу прыязджалі на паляванне высокапастаўленыя чыны Другой Рэчы Паспалітай, а менавіта прэзідэнты Ігнацій Масціцкі і Станіслаў Вайцяхоўскі. Натуральна, сёння не засталося жывых сведкаў тых падзеяў. Аднак гэты прабел кампенсуюць польскія архівы, якія цяпер выйшлі ў інтэрнет. На сайце Нацыянальнага Лічбавага Архіву ёсць колькі здымкаў на тэму палявання ў Галубіцкай пушчы. Тры гады таму мы знаёмілі нашых чытачоў са здымкамі 1930-х гг маёнтка Галубічы, дзе бачная цэлая група паляўнічых, якія рыхтуюцца да ад’езду на санях на паляванне ў Галубіцкую пушчу.
Падсумоўваючы, можна сказаць, што багатая на дзічыну Галубіцкая пушча ў 1930-я гг была любімым месцам палявання вышэйшага кіраўніцтва Польшчы.
Бывай, Модэль Бор!
17 верасня 1939 года ў наш край увайшла Чырвоная Армія, а праз два гады, у чэрвені 1941 г, яго ўжо акупавалі немцы. Дзе знаходзіліся ўласнікі Модэль Бора? Адседжваліся ў Галубіцкай пушчы? Невядома. Аднак, праз шэсць гадоў Модэль Бор ізноў усплывае ў дакументах, але ўжо апошні раз у сваёй гісторыі. Станіслава Рытароўская, колішняя ўласніца Модэль Бора, паўстае цяпер як рэпатрыянка, г.зн жыхарка з тэрыторыі Польшчы, якая адышла пад уладу СССР. Станіслава Рытароўская мусіла прайсці працэс натуралізацыі, г.зн. юрыдычны працэс атрымання польскага грамадзянства.
У сямейным архіве Вітольда Каржанеўскага захаваліся натарыяльна завераныя дакументы. У адным з іх, чамусьці, Модэль Бор памылкова названы – Модэльбург. Ці натарыус, які складаў дакумент, нешта не дачуў, ці памыліліся, альбо проста забыліся дакладную назву сведкі... Але Модэльбург гучыць ужо неяк, нават, рамантычна.
«Мы, што ніжэй падпісаліся, іжынер Станіслаў Раговіч, які пражывае ў Пясечным Варшаўскага павету па вуліцы Міцкевіча №5 і Уладзіслаў Вайдыла, які пражывае ў Пясечным па вуліцы Стаянскай №5, сцвярджаем, што Станіслава Рытароўская, якая пражывае ў Пясечным па вуліцы Сянкевіча №8, набыла ад Канстанціна Прашынскага паселішча «Модэльбург», іпатэчны № 4008, якое ўтворанае з зямельнай уласнасці ў Галубіцкай пушчы ў паветах Дзісенскім і Дунілавіцкім з паверхняй каля 76 га з гаспадарчымі будынкамі і жылым домам без даўгоў, з моцы натарыяльнага акту ад 1931 г, які выкананы ў Натарыуса Станіслава Плішчыньскага ў Варшаве і ў адпаведнасці з іпатэчнай кніжкай (Аддзел Іпатэчны Акруговага Суда ў Вільні) фігуравала ў іпатэчным пераліку як сапраўдная ўласніца вышэйзгаданага паселішча «Модэльбург».
Вышэйзгаданыя сведчанні гатовыя ў любую хвіліну пад прысягаю падцвердзіць.
Пясечна, дня 14 жніўня 1945 г.»
(Пад дакументам – два попісы).
Праз 67 гадоў пляменнік Станіславы Габль-Рытароўскай – Вітольд – наведаў Модэль Бор... Пра Модэль Бор ізноў успомнілі.
Гэта – канец гісторыі?
Надрукавана “Вольнае Глыбокае” №№ 46,47 за 2012 г.
Написать комментарий
Обращались ли вы за помощью в милицию?
Новости Глубокого
В Глубокском районе при пожаре погибли мать и сын
Хотите узнать больше? Причиной пожара могло стать неправильное пользование печью.
В Глубокском районе спасли рыбака. Он в больнице
Хотите узнать больше? Инцидент произошел днем 3 января на озере Забелье рядом с одноименной деревней в Глубокском районе.
В Глубоком спасли очередного тонувшего рыбака
Хотите узнать больше? 50-летний мужчина провалился под лед примерно в 100 метрах от берега. К приезду спасателей он находился в полынье, на поверхности воды.
Все выдержала – рассказ о сильной бабушке Фане из-под Вилейки
Хотите узнать больше? 85-летняя Фаина Белоус родом из Глубокского района, но живет в д. Коловичи под Вилейкой. Рассказ Фаины Ильиничны – энциклопедия жизни любого простого
Витебск вышел на пик, в Глубоком ситуация не оптимистичная. Что сейчас с коронавирусом в Витебской области
Хотите узнать больше? Витебск вышел на пик заболеваемости коронавирусной инфекцией, пациентов из небольших райцентров направляют в более крупные. Об этом телерадиокомпании
25 лет - и всё. Перестала выходить независимая газета «Вольнае Глыбокае»
Хотите узнать больше? "Вольнае Глыбокае" просуществовало ровно 26 лет, его последний номер как раз готовился к католическому Рождеству и вышел в канун Нового года, 31
В Докшицком районе Volvo упал с моста и загорелся, один человек погиб
Хотите узнать больше? Владелец автомобиля выбрался из машины и скрылся с места происшествия. Его задержали.
Под Бегомлем Citroen C5 врезался в дерево: погиб водитель
Хотите узнать больше? ДТП произошло вечером 19 марта на 104-м километре трассы Минск - Витебск недалеко от Бегомля Докшицкого района.
Объявления
Упаковщик вахта в Минске
1 400 бел.руб.
11:05, 22.07.2022Услуги Эвакуатора. Эвакуатор Глубокое
0 бел.руб.
07:24, 03.03.2022Теплица Сибирская 20х20 Стальная оцинков...
559 бел.руб.
11:35, 25.02.2022Строим хорошие Каркасные Дома и Бани. Гл...
600 бел.руб.
13:37, 22.11.2021Комплектовщик ( вахта)
1 600 бел.руб.
10:20, 08.10.2021О Глубоком
Глубокое
Подробнее Больше всего в истории смущают цифры. Особенно во времена войн: миллион сюда, миллион туда... Жизнь отдельного человека никто из историков и не рассматривает, разве что писатели старого поколения.
Интересная Беларусь
Пра паходжанне нацый Усходняй Еўропы
Подробнее Прапануем увазе чытачоў лекцыю Тымаці Снайдэра, прафесара гісторыі Ельскага універсітэта (ЗША), прачытаную 19 траўня 2010 г. у Інстытуце імя Гётэ ў Мінску на прэзентацыі яго кнігі


