Сад: традыцыі і сучаснасць
Традыцыйнае для нашых мясцін садоўніцтва фактычна так і не аднавілася пасля катастрафічнай перадваеннай зімы, калі вымерзла большасць садовых насаджэнняў. Вайна і наступная калектывізацыя, падаткі на кожнае дрэўца, абмежаванне прысядзібных плошчаў прывялі да страты насельніцтвам садоўніцкіх навыкаў. Прысядзібныя пасадкі па некалькі дрэў з высокім штамбам і недасяжна высокімі кронамі, каб пад імі свабодна праходзіў конь, толькі ўмоўна можна лічыць садамі. Сабраць з іх плады без лесвіцы немагчыма, ды і гатункі ў асноўным летнія і восеньскія — у верасні густа, а ў студзені пуста.
Добра пакалясіўшы па раёне на колішняй сваёй працы, з упэўненасцю магу сцвярджаць, што больш-менш правільна сфарміраваных пладовых дрэў амаль не бачыў — лічаныя адзінкі. Большасць крон — загушчаныя, плоданашэнне — перыферыйнае і перыядычнае. Касметычнай абрэзкай пры гэтым не абысціся, патрэбна радыкальная — спілаваць прыкладна трэць кроны зверху, каб раскрыць яе цэнтр. Іншая справа, што для недасведчаных гэта цяжка чыста псіхалагічна, вось і абмяжоўваюцца падрэзкай галінак знізу, якраз тых, што рацыянальней было б пакінуць.
Правілы фарміравання пладовых дрэў простыя — мінімум вертыкальных галін і парасткаў, максімум — гарызантальных. Вертыкальны (які расце ўверх) парастак, як правіла, малапрадуктыўны, на ім амаль не фарміруюцца пладовыя пупышкі, яго трэба або выразаць, або пакарочваць. Парасткі, што адыходзяць пад вострым вуглом ад асноўнага стволіка, або правадніка, неабходна выразаць адразу ж пасля іх з’яўлення, інакш у будучым дрэва немінуча расшчэпіцца ці ад ветру, ці ад ураджаю. Правільна сфарміраваная крона не патрабуе дадатковых падпорак нават пры вялікіх ураджаях. Своечасовая абрэзка стымулюе ўраджайнасць і нават нівеліруе перыядычнасць плоданашэння. Запушчаныя сады звычайна даюць ураджай раз у два гады або наогул не пладаносяць, дагледжаныя ж — штогод.
Безумоўна, акрамя абрэзкі, неабходна яшчэ і падкормка — як арганічная, так і мінеральная. Лепш за ўсё вясной унесці гной па праекцыі кроны і злёгку (напалову вілаў) перакапаць прыствольныя кругі. Калі гною няма — не бяда, можна абысціся скошанай травою, вырваным пустазеллем або кампостам. Па колішняй службе ведаю, наколькі засмечваюцца восенню прылеглыя да паселішчаў лясныя і прылесныя плошчы бульбоўнікам, вырванымі з комам зямлі храпкамі капусты, пустазеллем і г.д. Як можна вывозіць са свайго саду-агарода патэнцыяльны гумус? Няўжо нельга дзе-небудзь у куточку абгарадзіць пляцовачку метр на метр ці два і складваць туды пустазелле і іншыя арганічныя парэшткі, час ад часу выграбаючы з-пад нізу гатовы кампост?
Кампост або мульчу пад садовыя дрэвы можна складваць і восенню, а вось гной уносіць восенню не раю. Мала таго, што пажыўныя рэчывы за зіму, скажам так, прападуць без ніякага толку, але ва ўмовах зацяжной восені—позняй зімы, як сёлетняя, азотныя злучэнні з гною могуць справакаваць пачатак росту пупышак і іх гібель ад непазбежнага марозу. Паколькі ў прыродзе нічога з нічога не ўзнікае, на маю думку, не варта зграбаць апалае лісце, а таксама плады і выносіць іх за межы саду. Вясной іх трэба заправіць у глебу, злёгку яе перакапаўшы.
Утрыманне глебы пад садовымі дрэвамі галоўным чынам залежыць ад фізічных магчымасцей. Безумоўна, найлепшы спосаб — перыядычна рыхліць яе на невялікую глыбіню. Або рэгулярна касіць пустазелле, каб яно не забірала пажыўныя рэчывы з глебы, і складваць накошанае пад дрэвамі, крыху адступіўшы ад штамбаў. Магчымы таксама падсеў сідэратаў — рапсу, вікі і г.д. Не пашкодзіць умераная падкормка комплекснымі мінеральнымі ўгнаеннямі або попелам.
Большасць садовых дрэў патрабуе вельмі ўрадлівых глебаў. На бедных пясчаных і супясчаных глебах нельга вырасціць добры сад з адпаведнымі ўраджаямі без карэннага іх паляпшэння хоць бы ў пасадачных ямах. У дзяцінстве ад дарослых неяк пачуў, што гаспадар па прозвішчы Ганкевіч, які жыў на пясчанай выспе сярод балот каля лучайскага возера, пад кожную яблыню вазіў па дзесяць вазоў гліны. Мне як студэнту-практыканту давялося капаць на тым востраве так званыя глебавыя разрэзы. Усюды супесь-пясок, а ў садзе на метровай глыбіні — слой гліны 10-15 сантыметраў і, адпаведна, больш урадлівы верхні глебавы гарызонт. Хоць гаспадара даўно ўжо не было, яблыні выглядалі на той момант нядрэнна. Цяпер там лес — ужо саракагадовы сасняк.
Гэта лірычнае адступленне для тых, хто збіраецца пасадзіць пладовыя дрэвы, у прыватнасці яблыні, на бедных глебах. Без належнай запраўкі пасадачных ям у гэтых умовах дрэўцы будуць мець марны лёс, незалежна ад таго, на якіх яны прышчэпах — клонавых або насенных. Не буду ўтойваць сваёй прыхільнасці да традыцыйных экалагічных метадаў аматарскага садоўніцтва. Падкрэсліваю — аматарскага. Слабарослыя прышчэпы (карлікавыя і паўкарлікавыя) — для прамысловых садоў. Прывяду цытату са студзеньскага нумара штодзённай цэнтральнай газеты наконт сада з кропельным арашэннем: “Сад — гэта вельмі складаная вытворчасць. Тут неабходна захоўваць тэхналагічную дысцыпліну да дробязей, іначай намаганні акажуцца марнымі. За сезон у садзе праводзіцца ад 15 да 20 апрацовак. Часта даводзіцца працаваць ноччу, калі спадзе гарачыня і сціхне вецер”. Гэта ў Беларусі! Кропельнае арашэнне — калі да кожнага дрэўца падведзена трубачка ад цэнтральнага рэзервуара з растворанымі ў вадзе мінеральнымі ўгнаеннямі. Плюс пара дзясяткаў апрацовак хімічнымі прэпаратамі. Што ў тых яблыках нехімічнае, сказаць цяжка…
Сярэднярослыя прышчэпы (вегетатыўныя) асаблівых пераваг над насеннымі, на маю думку, не маюць. Справа ў тым, што ўсе клонавыя прышчэпы маюць значны біялагічны ўзрост — некалькі дзясяткаў гадоў. Падчас вегетатыўнага размнажэння — чыста механічнага раздзялення — яны маглі набраць цэлы букет хвароб. Насенныя прышчэпы значна здаравейшыя, таму што праз насенне хваробы, як правіла, не перадаюцца. Каранёвая сістэма насенных прышчэпаў большая, дасягае глыбейшых гарызонтаў, што мае свае перавагі ў перыяды засухі або моцных маразоў. Такія пладовыя дрэвы больш даўгавечныя, меней хварэюць. Трэба адзначыць, што найменш устойлівыя супраць вірусных і бактэрыяльных хвароб насаджэнні ў неспрыяльных умовах: бедная глеба, блізкія грунтавыя воды, недастатковы агратэхнічны догляд, недахоп тых або іншых пажыўных элементаў у глебе, у тым ліку мікраэлементаў, блізкасць старых хворых дрэў і г.д. Асобныя гатункі яблынь, напрыклад “антэй”, вельмі няўстойлівыя да раку.
Выпрабаваўшы каля сотні гатункаў яблыняў і дзясяткі чатыры груш, магу сказаць, што абсалютнага чэмпіёна сярод іх вызначыць немагчыма, і не заўсёды можна верыць на слова нават самым, здавалася б, аўтарытэтным выданням і аўтарам. Справа ў тым, што многія выданні грашаць звычайнай кампіляцыяй, і дапушчаная кімсьці колішняя памылка тыражуецца бясконца. Шмат гадоў таму адно з выданняў вельмі расхвальвала гатункі яблынь “лоба” і “спартан”. Аднак пасля пэўнага перыяду іх вырошчвання выявілася, што плады сорту “лоба” ўжо на дрэве няўстойлівыя да пладовай гнілі, а “спартан” драбнее і пабіваецца паршой. Трэба адзначыць, што прынцыпова не прымяняю хімічныя сродкі па ахове саду ад шкоднікаў і хвароб дзеля пчол і чысціні эксперыменту. Без ніякай хіміі больш-менш таварны выгляд маюць яблыкі гатункаў “чараўніца”, “заслаўскі”, “вербны”, “джонатан”, “ліберці”, “рубінавы”, “дукі”, “алеся”, “валстафт”, “каштэля”, “ранет шэры”, “беларускі сінап” і іншыя. Не магу абысці ўвагай “памяць Сікоры”. З яго фактычна пачаў свой шлях у садоўніцтва. Лічу яго ўнікальным па ўраджайнасці, смаку, устойлівасці да хвароб. У вільготным халодным памяшканні яблыкі можна захаваць да вясны. Асабліва ўдала растуць і даюць багаты ўраджай гэтыя яблыні на гліністых і сугліністых глебах. У васьмідзясятых гадах была нават пастанова Віцебскага аблвыканкама аб масавым развядзенні гэтага гатунку. Сярод гатункаў груш найбольш падабаюцца (у парадку паспявання) “юратэ”, “масквічка”, “памяць Жагалава”, “беларуская позняя”.
У сярэдзіне шасцідзясятых падчас школьнай экскурсіі мы, школьнікі, залатой восеньскай парой слухалі аповед Івана Паўлавіча Сікоры пра сад, экзатычныя расліны і пра жыццё наогул. Ён гаварыў пра неабходнасць гарманічнага развіцця асобы кожнага, пра трыадзіную мужчынскую жыццёвую задачу. Для тых, хто не пасадзіў яшчэ дрэва, асмелюся прапанаваць кароценькую інструкцыю па тэхналогіі пасадкі саджанцаў пладовых дрэў на пастаяннае месца. Яна складзена на падставе ўласнага вопыту і аналізу тыповых памылак многіх пачынальнікаў на гэтай ніве.
1. Калі вы восенню купілі саджанец з лісцем, адразу ж пасля пакупкі абарвіце лісцікі. Рабіце гэта акуратна, каб не пашкодзіць пупышкі.
2. Калі ў саджанца не сфарміравана крона, зрэжце верх аднагадовага дрэўца з такім разлікам, каб бакавыя пупышкі далі пачатак бакавым галінкам на патрэбнай вам вышыні.
3. Прадумайце рацыянальную схему вашага саду. Кустарнікі і нізкарослыя дрэвы лепш садзіць з паўднёвага боку ўчастка, высакарослыя — з паўночнага.
4. Непажадана перамешваць паміж сабой семечкавыя (яблыні, грушы) і костачкавыя (вішні, чарэшні, слівы). Лепш садзіць іх групамі. Перакрыжаванае апыленне, якое спрыяе высокаму ўраджаю, пчолы і чмялі робяць лепш, калі дрэвы аднаго віду растуць побач.
5. Пакуль будзеце капаць пасадачныя ямы, прыкапайце саджанцы ў цяньку, каб не падсыхалі карані.
6. Памер ям для пасадкі залежыць ад глебавых умоў і глыбіні залягання грунтавых водаў:
— на бедных пясчаных і супясчаных глебах глыбіня ям павінна быць да 1 м, дыяметр — колькі зможаце. На дно ямы кладзецца слой гліны 10-15 см. Яму трэба запоўніць прывезенай урадлівай глебай уперамешку з глінай;
— на багатых сугліністых і гліністых глебах памер ямы вызначаецца памерамі каранёвай сістэмы. Не варта капаць глыбокую яму ў гліністай глебе, таму што магчыма непажаданае застойнае пераўвільгатненне;
— пры блізкім заляганні грунтавых вод (паказчык — сівыя пясок або гліна) глыбіня ям мінімальная. Капаць сівы грунт не мае сэнсу. Калі каранёвая сістэма не можа змясціцца ў яме, абсыпце яе зямлёй з бакоў, зрабіўшы своеасаблівую купіну.
Папярэджанне: ні ў якім разе не кладзіце ў яму гной. Закапаны на глыбіню гной без паветра не раскладваецца на пажыўныя рэчывы шмат гадоў, выдзяляючы серавадарод, метан і г.д., ад якіх дрэўца звычайна гіне.
7. Перад пасадкай у яму забіце калок, каб можна было падвязаць пасаджанае дрэўца.
8. Садзіце дрэўца з такім разлікам, каб каранёвая шыйка (месца, дзе пачынаецца самы верхні карэньчык) пасля пасадкі была на ўзроўні глебы, або некалькі вышэй за агульны ўзровень з разлікам на ўсадку ямы.
Увага: заглыбленая пасадка прыводзіць да дрэннага росту і нізкай ураджайнасці.
9. Засыпайце карэньчыкі, пачынаючы з ніжніх, распраўляючы іх у патрэбных кірунках. Пры гэтым важна, каб кожны карэньчык меў сваю “жыццёвую прастору”, не дакранаўся да іншых. Не варта засыпаць карані зверху рыдлёўкай, лепш падграбаць глебу з бакоў.
10. Адразу пасля пасадкі трэба паліць пасаджанае дрэўца. Вады не шкадуйце, важна, каб глеба прамокла на глыбіню.
11. Падвяжыце дрэўца да калка і восенню засцеражыце ад зайцоў і іншых грызуноў.
І. СІМАНЁНАК, садавод, г. Паставы.
Написать комментарий
Обращались ли вы за помощью в милицию?
Новости Постав
Люд, какие нас удивили в 2019 году. Топ-10 на kraj.by
Хотите узнать больше? В этом году прежде всего отличились милиционеры. Причем сразу и вилейские, и молодечненские. Переставили машины нетрезвых туристов Вилейские
Женщина из Постав поверила «экстрасенсу» - и лишилась более тысячи долларов
Хотите узнать больше? В отношении ранее не судимой 75-летней женщины возбуждено уголовное дело.
Страну засыпало снегом. Посмотрите, как красиво в разных частях Беларуси
Хотите узнать больше? Собрали фото, которые читатели TUT.BY присылали в редакционный Viber.
В Поставах на торгах продали столетний дом: его купил местный житель
Хотите узнать больше? Дом с почти столетней историей не включен в список историко-культурных ценностей Беларуси.
Портал 115.бел обновили и назвали по-новому
Хотите узнать больше? Портал 115.бел глобально обновили и дали ему новое название – «Мая рэспублiка». При его разработке были учтены предложения и замечания, поступившие
При сварке взорвалось топливо. Пограничники в Поставах получили травмы при ремонте служебного авто
Хотите узнать больше? 21 сентября прапорщик и солдат срочной службы ремонтировали в гараже служебную машину. Старший по званию занимался сваркой и нарушил технику
В Поставах на торгах продают столетний дом
Хотите узнать больше? Кирпичное здание площадью 270 квадратных метров на улице Вокзальной, 34 построили во время советско-польской войны.
В Беларуси запустили «счетчик поборов» в школах и детских садах
Хотите узнать больше? Не так давно в Сети появился ресурс pobory.by, озаглавленный как «Поборы в детских садах и школах». Tut.by поговорил с одним из авторов идеи – главой
Объявления
Теплицы Сибирские 20х20 и 40x20. Стальн...
559 бел.руб.
11:34, 25.02.2022Педагог дополнительного образования в г....
0 бел.руб.
15:28, 10.01.2022Акция до 1 июля на Каркасные Дома, Бани....
600 бел.руб.
13:37, 22.11.2021Продам Агро усадьбу. Витебская обл. Пост...
105 588 бел.руб.
17:02, 04.09.2021Срочно. Продам дом на берегу озера. Пост...
105 588 бел.руб.
08:21, 04.09.2021О Поставах
Поставы
Подробнее Это просто наваждение какое–то! Как ни приеду в Поставы, обязательно привезу с собой то пургу–метель, то дождь. Однако о том, что погода в здешних местах любит пошалить, известно давно.
Интересная Беларусь
Что представляет собой жилищный надзор, и какие функции он будет выполнять?
Подробнее Как жилищный надзор может сделать белорусских граждан более самостоятельными в решении вопросов по услугам? Почему этот законопроект - хороший знак? Законопроект призван улучшить обратную связь между


