Апідамы — «сталіца» старавераў

Кожны населены пункт мае сваю адметнасць. У вёсцы Апідамы, што ў Лынтупскім сельсавеце, цяпер пражывае крыху больш за сорак чалавек. Яе карэнныя жыхары ў асноўным стараверы. Хто яны такія? У тлумачальным слоўніку беларускай мовы напісана: “Стараверы — гэта людзі, якія належаць да адной з рэлігійных груп, што не прынялі царкоўных рэформаў XVII стагоддзя. У іх свае традыцыі, прывычкі, густы”. Такіх 300 гадоў назад было 10 працэнтаў у Маскоўскай дзяржаве. Ратуючыся ад ганенняў у Расіі, у Беларусі яны пачалі сяліцца ў першай палове XVII — пачатку XVIII стагоддзя на землях, якія належалі Рэчы Паспалітай. Яе ўлады, як і каталіцкі Касцёл, не праследавалі бежанцаў за іх веравызнанне. Усяго тым часам пасялілася каля 100 тысяч чалавек. Сёння іх абшчыны ёсць толькі ў некаторых гарадах Беларусі — Бабруйску, Барысаве, Віцебску, Гродне, Мінску, а таксама ў вёсках Гомельскай вобласці. А што захавалася ў Апідамах? З гэтым пытаннем я і накіравалася ў “сталіцу” старавераў Пастаўшчыны.
Помнік драўлянага дойлідства
Вёска расцягнулася больш чым на кіламетр. Хаты раскіданы. Большасць дамоў даўно стаяць без гаспадароў. Прыцягвае ўвагу адноўленая царква. Грошы на рамонт збіралі, як кажуць, усім светам. Мясцовых жыхароў мала, таму больш разлічвалі на тых, чые карані з Апідамаў. Па традыцыі на Тройцу з Літвы, Латвіі, Расіі, Эстоніі, іншых месцаў на апідамскія могілкі з’язджаюцца родныя тых, хто знайшоў тут свой вечны спачын. Вось яны і ахвяравалі немалыя сродкі. Матэрыяльна, а таксама з закупкай і дастаўкай фарбы шмат дапамог ураджэнец Лынтуп, а цяпер жыхар Вільнюса Віктар Мажута (на апідамскіх могілках пахаваны яго бацька). Прасцейшыя рамонтныя работы вяскоўцы выканалі самі, на больш складаныя наймалі спецыялістаў. Грошы на замену даху выдзеліў Пастаўскі райвыканкам/
Царква — помнік архітэктуры народнага драўлянага дойлідства. Пабудавана ў XIX стагоддзі. Да нядаўняга часу тут захоўваліся розныя старадаўнія кнігі (напрыклад, адна з іх датавалася XVII стагоддзем), каля паўсотні рэдкіх абразоў. Але храм два разы абкрадалі. Не ўратавалі ні аканіцы, ні замкі. Цяпер мала што засталося з даўніны, сцены святыні ўпрыгожваюць іконы: “Святы Мікалай Цудатворац”, “Дабравешчанне з выбранымі святымі”, “Архангел Гаўрыіл”, “Архангел Міхаіл”.
Службы адбываюцца ў асноўным па вялікіх святах: у Вербную нядзелю, на Пасху, Тройцу, Пакроў. Праводзіць іх ураджэнец Апідамаў, а цяпер жыхар Швянчоніса Варфаламей Бальшакоў. Праблема візавага рэжыму не дазваляе прыязджаць часцей. Ды і людзей зімой збіраецца няшмат. Гэта раней з усяго наваколля прыходзілі адзінаверцы. А цяпер у Паташні, Гудэлішках, Бержалатах, Цырклішках і іншых вёсках ні аднаго жыхара не засталося, мала іх і ў Апідамах. Раней нябожчыка заносілі ў царкву, там адпявалі. Як ўспамінала Ганна Фролаўна Цярэнцьева, калі ў апошні шлях праводзілі яе мужа, было 8 “пеўчукоў”. Быў і свой бацюшка. Потым прывозілі з Відзаў. Ледзь не да апошняга дня свайго жыцця яго абавязкі выконваў Платон Раманавіч Мацвееў, які працаваў брыгадзірам у былым калгасе імя Заслонава, меў добры голас. Яму і даверылі вяскоўцы весці богаслужэнні. Дзяцей зімой хрысцілі дома. Апошнім часам нябожчыкаў адпяваюць мясцовыя Фядот Лук’янаў, Апфія Севасцьянава, запрашаюць Дзмітрыя і Ірыну Сітнікавых з Крукоў, Валянціну Курдзёнак з Пастаў.

Больш за дзесяць гадоў таму ў мясцовай царкве было апошняе вянчанне. Выхадцы з Апідамаў, якія прыжыліся ў Паставах, пажадалі замацаваць свой сямейны саюз менавіта тут. Стараверы моляцца на свой лад. Зямны паклон павінен рабіцца ў падлогу. Праўда, з-за старасці цяпер кланяюцца толькі “в скамеечку”. Інакш саміх з падлогі падымаць прыйдзецца. Па-ранейшаму царква раздзяляецца на левую (жаночую) і правую (мужчынскую) палавіны, якую запаўняюць у асноўным прыезджыя.
Адны са старэйшых у былым Саюзе
Яшчэ адным адметным месцам Апідамаў з’яўляюцца мясцовыя могілкі. Яны займаюць вялікую плошчу і лічацца аднымі са старэйшых на тэрыторыі былога Савецкага Саюза. Як сцвярджаюць вяскоўцы, тут знайшлі свой вечны спачын сем пакаленняў апідамцаў. А свежыя магілы — восьмага пакалення. Могілкі хоць старыя, але не закінутыя. Сёлета закуплена жалезабетонная агароджа. Вяскоўцы спадзяюцца, што вясной з дапамогай мясцовай улады яе ўдасца ўстанавіць. Нядаўна выразаны старыя аварыйныя дрэвы.
Помнікі двухсотгадовай даўнасці (на адным значыцца 1812 год, на асобных надпісы не расчытаць, а дзе толькі па камені, на якім выбіты крыж, можна здагадацца, што пад ім магіла продка) суседнічаюць з сучаснымі. Раней сюды прывозілі хаваць старавераў з розных куточкаў былога Саюза, куды за столькі стагоддзяў раз’ехаліся мясцовыя жыхары. Напрыклад, Сімяон Чапукоў жыў у Мурманску, Юрый Кавалёнак — у Тындзе (будаваў Байкала-Амурскую магістраль), а пахаваны ў Апідамах. Дзяржаўныя межы сталі пэўнай перашкодай для выканання волі нябожчыка. І тым не менш сёлета з Вільнюса прывезлі Валянціну Кліменцьеўну Жужгіну, з Міёрскага раёна — Матрону Макараўну Туманаву. Родныя былі прыемна ўражаны дагледжанасцю могілак.
Недалёка ад увахода паміж дрэвамі вісіць кавалак чыгуначнай рэйкі. Як мне растлумачылі, гэта своеасаблівы звон. Калі адбываецца пахаванне старавера, стукаюць па ёй. А вось званы царквы маўчаць — ніхто не ўмее правільна званіць. Ды і ўзабрацца пажылому чалавеку на званіцу няпроста. Апошнім часам на могілках з’явіліся захаванні іншаверцаў: побач з мужам стараверам пахавана жонка каталічка, або наадварот. І ніхто супраць гэтага ўжо не пратэстуе.
Вялікая Айчынная ў лёсе вёскі
Партызанскі атрад імя Суворава ў мясцовых лясах арганізаваў ураджэнец вёскі Качанішкі Фёдар Маркаў (таксама старавер), які працаваў намеснікам старшыні Вілейскага аблвыканкама, а з першых дзён вайны знаходзіўся ў часцях Савецкай Арміі. Затым на базе атрада ўзнікла партызанская брыгада імя Варашылава. Яна гераічна змагалася з фашысцкімі захопнікамі на тэрыторыі Пастаўскага, Мядзельскага і Вілейскага раёнаў. У склад брыгады ўвайшлі і многія жыхары Апідамаў.
Як расказвала А. І. Петрусевіч, вёску мог бы спасцігнуць лёс Хатыні: фашысты, злавіўшы Кірыла Плотнікава, жорстка яго дапытвалі, катавалі калючым дротам, але ён не прызнаўся, што мясцовы. Цела партызана было пахавана тайна на апідамскіх могілках. Тут жа знаходзяцца магілы партызан Аўрамея Рысева, яго жонкі Надзеі і сястры Феадосіі, якія загінулі ад рук фашыстаў. На іх магілах сіламі мясцовай улады ўстаноўлены абеліск. Даглядаюць вучні Палескай школы. Побач пахаваны былы старшыня Палескага сельскага Савета Іван Міронавіч Арэхаў.
Ваявалі апідамцы і на фронце. Некаторыя з іх прапалі без вестак, некаторыя загінулі на тэрыторыі іншых дзяржаў, большасць вярнуліся героямі. Пацярпела і мясцовае насельніцтва. На жаль, сёння ветэранаў вайны ў вёсцы не засталося. Імя Героя Савецкага Саюза Фёдара Маркава насіла Апідамская школа. Калі яе перамясцілі ў Палессе, там імя Маркава прысвоена піянерскай дружыне. У школе ёсць стэнд, прысвечаны земляку.
“Няма нідзе лепш, чым на радзіме”
У гэтым упэўнена Апфія Гаўрылаўна Севасцьянава, якая некалькі гадоў таму вярнулася ў бацькоўскі дом. “Вось якое рэдкае ў мяне імя, — гаварыла жанчына. — Гэта ў метрыках я так запісана, а звалі: хто — Феняй, хто — Фаінай. У 1959 годзе выехала ва Украіну, працавала на вугальным заводзе. А пайшла на пенсію — пацягнула на радзіму. Цяпер як пагляджу, што там робіцца, думаю: сам Бог мяне прывёў у Апідамы. Побач жыве сястра, у Паставах — брат. Пляменнікі прыязджаюць. У мясцовай царкве мая душа адпачывае”.
Апфія Гаўрылаўна хораша спявае. Яе настольная кніга — “Учебный чеснослов”, які дастаўся ёй яшчэ ад дзядоў. Знайсці ў старадаўнім малітоўніку дату выдання не ўдалося. Па ім у дзяцінстве вучылася рэлігіі на занятках, якія праводзіў бацюшка. Многае засталося ў памяці з тых урокаў.
Апідамы ажываюць летам, калі ў бацькоўскія хаты на час летняга водпуску прыязджаюць дзеці і ўнукі. Практычна кожныя выхадныя шмат людзей бывае на могілках. Збіраюцца памаліцца і ў царкве.
Змешаныя шлюбы
Згодна з гісторыяй, стараверы не дапускалі нават думкі, што да іх у радню можа прыпісацца чалавек іншай веры. Але каханне мацней за ўсё. Вось і ў Апідамах было і ёсць нямала змешаных сем’яў.
Анастасія Іванаўна Петрусевіч тры гады, як аўдавела. Са сваім Тэлесфорам яны пражылі 50 гадоў. Ён, католік, прывёў яе ў сваю сям’ю ў Сухарышкі, потым яна яго перацягнула ў Апідамы. “У адным клубе танцавалі, — успамінала жанчына. — Ён на баяне іграў. Як было ў такога не закахацца?! Нарадзілася пяцёра дзетак, іх пахрысцілі ў касцёле. А потым яны ажаніліся, павыходзілі замуж за іншаверцаў. Цяпер у нас ёсць і праваслаўныя, і стараверы”.
А. І. Петрусевіч вяскоўцы называюць хадзячай энцыклапедыяй. Яна здаўна цікавілася гісторыяй старавераў увогуле і Апідамаў у прыватнасці. Шмат чаго запомніла з расказаў бабулі, бацькоў, дасканала ведае, дзе чыя магіла, мае газеты стараверскай абшчыны з Латвіі.
Яшчэ адна змешаная сям’я — Цярэнцьевы.
Ніёля Іванаўна — бібліятэкар Палескай сельскай бібліятэкі і старэйшына Апідамаў — каталічка, нарадзілася ў Вільнюсе. А потым з маці пераехалі ў Палессе. Муж Павел — са старавераў. Яго бацькі былі супраць іх шлюбу і нават на вяселле не прыйшлі. Але з часам змірыліся. Далі згоду на будаўніцтва дома побач са сваім, дапамагалі. Сына з дачкой Цярэнцьевы-малодшыя пахрысцілі ў апідамскай царкве. Свёкра ўжо няма, а свякроў Ганна Фролаўна частая госця ў сына (жывуць жа побач). Цярэнцьевы трымаюць дзвюх кароў, цялушку, быка, кабылу, жаробку, пецярых свіней, курэй, індыкоў. Ёсць карова і ў свекрыві. Дапамагаюць і ёй з нарыхтоўкай сена. У вялікім, прасторным доме, які апошнім пабудаваны ў Апідамах, засталіся Ніёля з Паўлам удваіх. Іх дачка выйшла замуж, жыве ў Лынтупах. Сын праходзіць тэрміновую службу.
Гасцінныя, прыветлівыя, працавітыя
Крысціна Феліксаўна Васільева ў свой час працавала сакратаром, а потым старшынёй Палескага сельскага Савета, на тэрыторыі якога і знаходзяцца Апідамы. Па службе даводзілася бываць у кожным доме (а стараверы жывуць практычна ва ўсіх населеных пунктах сельсавета). Вось што яна ўспамінае:
— Хоць часта гавораць пра “поганую кружку” ў старавераў, на самай справе яны прыветлівыя, гасцінныя. Гэта вельмі даўно было такое. Напрыклад, калі хто з сям’і быў у ад’ездзе, то па вяртанні дадому яму выдавалі асобныя міску, кубак, таму што ён чалавек “мирской”. І толькі пасля малітвы ў царкве падчас “Прощёного воскресенья” ўсё станавілася па-ранейшаму. А як я памятаю, бывала, не паспееш пераступіць парог дома, запрашаюць за стол. Абавязкова чай з пірагамі. У дарогу дадуць яблыкаў, пячэння, іншых прысмакаў. Або калі ў Савет прыходзілі, то таксама з пачастункамі. Дзяліліся ўсім, што мелі.
Некалі ў Апідамах была свая паляводчая брыгада, якая налічвала больш за сотню працаздольных. Большасць палявых работ выконвалі ўручную: рассявалі мінеральныя ўгнаенні, касілі, грабілі, палолі. Апідамцы вызначаліся стараннасцю, руплівасцю.

— Я сама за старавера замуж выйшла, — працягвала К. Ф. Васільева. — Сем гадоў жыла ў Паташні разам са свекрывёй і свёкрам. Потым з сям’ёй пераехалі ў Палессе. У 34 гады аўдавела. Бацькі мужа дапамагалі падымаць на ногі маіх сына і дачку.
— Апідамы — гэта “сталіца” для старавераў з розных куточкаў не толькі Пастаўшчыны, але і з-за мяжы, — расказвала Паліна Трыфанаўна Семярыкова. — Вось і я жыву ў Палессі, а душа — у Апідамах. Туды прыехала пасля заканчэння Полацкага педвучылішча. Муж Антон Панфілавіч — апідамскі. Пакідалі вёску, выязджалі ў Літву, а потым вярнуліся ў Палессе. Я закончыла геаграфічны факультэт Белдзяржуніверсітэта, працавала ў школе. Другі год, як аўдавела, цяпер часта езджу ў Апідамы на магілу мужа. І зборам сродкаў на рамонт царквы, і добраўпарадкаваннем могілак я займалася. Людзі самі неслі грошы, ні да кога не хадзіла з працягнутай рукой. Ёсць і ў Куклянах невялікія стараверскія могілкі і царква, але здаўна цэнтр — Апідамы. І мы гэтым ганарымся. Пабачылі б вы, колькі людзей бывае тут на Тройцу! Прыязджаюць, каб ушанаваць памяць продкаў, сустрэцца са сваякамі, падыхаць родным паветрам.
Падчас паездкі ў Апідамы разлічвала ўбачыць мужчын з бародамі. Як мне растлумачылі — гэта ў мінулым. Цяпер стараверы ні вопраткай, ні знешнім выглядам не адрозніваюцца ад іншых. Давялося пагутарыць з многімі мясцовымі жыхарамі. Яны з задавальненнем дзяліліся сваімі ўспамінамі, расказвалі пра дзень сённяшні. Два разы ў тыдзень прыязджае аўтамагазін, прывозіць неабходныя тавары, паштальён прыносіць пенсію і карэспандэнцыю, бібліятэкар — кнігі. Зімой у вяскоўцаў вольнага часу шмат, таму многія жанчыны займаюцца вязаннем. А дачакаюцца вясны — выйдуць на агароды, у кветнікі, часцей у вёску стануць заязджаць госці. І нават калі не застанецца ніводнага мясцовага жыхара, дарога да Апідамаў не зарасце: стараверы глыбока шануюць памяць сваіх продкаў.
Анна АНІШКЕВІЧ. Фота аўтара і з сямейнага альбома А. І. Петрусевіч, Н. І. Цярэнцьевай.
Написать комментарий
Обращались ли вы за помощью в милицию?
Новости Постав
Люд, какие нас удивили в 2019 году. Топ-10 на kraj.by
Хотите узнать больше? В этом году прежде всего отличились милиционеры. Причем сразу и вилейские, и молодечненские. Переставили машины нетрезвых туристов Вилейские
Женщина из Постав поверила «экстрасенсу» - и лишилась более тысячи долларов
Хотите узнать больше? В отношении ранее не судимой 75-летней женщины возбуждено уголовное дело.
Страну засыпало снегом. Посмотрите, как красиво в разных частях Беларуси
Хотите узнать больше? Собрали фото, которые читатели TUT.BY присылали в редакционный Viber.
В Поставах на торгах продали столетний дом: его купил местный житель
Хотите узнать больше? Дом с почти столетней историей не включен в список историко-культурных ценностей Беларуси.
Портал 115.бел обновили и назвали по-новому
Хотите узнать больше? Портал 115.бел глобально обновили и дали ему новое название – «Мая рэспублiка». При его разработке были учтены предложения и замечания, поступившие
При сварке взорвалось топливо. Пограничники в Поставах получили травмы при ремонте служебного авто
Хотите узнать больше? 21 сентября прапорщик и солдат срочной службы ремонтировали в гараже служебную машину. Старший по званию занимался сваркой и нарушил технику
В Поставах на торгах продают столетний дом
Хотите узнать больше? Кирпичное здание площадью 270 квадратных метров на улице Вокзальной, 34 построили во время советско-польской войны.
В Беларуси запустили «счетчик поборов» в школах и детских садах
Хотите узнать больше? Не так давно в Сети появился ресурс pobory.by, озаглавленный как «Поборы в детских садах и школах». Tut.by поговорил с одним из авторов идеи – главой
Объявления
Теплицы Сибирские 20х20 и 40x20. Стальн...
559 бел.руб.
11:34, 25.02.2022Педагог дополнительного образования в г....
0 бел.руб.
15:28, 10.01.2022Акция до 1 июля на Каркасные Дома, Бани....
600 бел.руб.
13:37, 22.11.2021Продам Агро усадьбу. Витебская обл. Пост...
105 588 бел.руб.
17:02, 04.09.2021Срочно. Продам дом на берегу озера. Пост...
105 588 бел.руб.
08:21, 04.09.2021О Поставах
Антоній Тызенгаўз
Подробнее Выдатны дзеяч 18 стагоддзя, найздольнейшы міністр урада апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага, беларуска-літоўскі Пётр I, "літоўскі цар", як называлі яго сучаснікі:
Интересная Беларусь
Як добрыя намеры царквы нішчаць гістарычную спадчыну беларусаў
Подробнее Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры б’е ў званы: царква не займаецца аховай дастапомнасцяў, якія ёй належаць. Рэстаўрацыя, калі і адбываецца, дык не адпавядае


