Закрыть

Выберите свой город

Закрыть

Браслаўе. Невядомае эсэ Уладзіміра Караткевіча

Браслаўе. Невядомае эсэ Уладзіміра Караткевіча

Браслаў. Фота darriuss.livejournal.com

Літаратурны часопіс "Маладосць" надрукаваў раней невядомае эсэ Уладзіміра Караткевіча "Браслаўе".

Эсэ «Браслаўе» уваходзіць у шэраг твораў пісьменніка, прысвечаных рэгіёнам Беларусі (Палессю — «Званы ў прадоннях азёр», Оршы — «Рша камен…», Рагачову— «З шалёнай вышыні», Віцебску — «Тысячу стагоддзяў табе», Мсціславу— «Дыяментавы горад»).

Твор напісаны каля 1965 года і з невядомай прычыны не быў апублікаваны. Рукапіс эсэ знаходзіцца ў бібліятэцы Акадэміі навук Беларусі.

Браслаўе

Самая поўнач Беларусі. Светлая паўночная ноч. Фасфарычна і цьмяна свецяцца глыбіні азёр і дрэмле ў прадоннях, вяршынямі ўніз, зажураны дымна-сіні лес.

Сотні азёр. Малых, зусім маленькіх і вялізных. Сотні адценняў вады — ад цёмных да бялёсых, ад блакітных да сініх, а між іх грывы і ўзгоркі, зарослыя ялінамі і хвоямі, таксама сінімі, хутары і вёскі ў сініх ільняных палях, сінія піраміды ядлоўцу ў жыце, сіняе неба над усім гэтым. І сярод гэтага разліву гарадок, таксама сіні пры поўні.

Браслаўе, Браслаў, Браслава. Сіні край. Сіні? Так, часцей за ўсё сіні. Але і няпэўны, прывідны, зменлівы, як чараўніца.

Вось часам вецер і хмары і навальніца, і ўсё чарнее: чарнеюць камяніскі на ўзмежках, чарнеюць лясы і ядловец, гоніць белых коней грыфельная вада, і ўзлятаюць іхнія белыя грывы над гмахамі і праваламі.

…І зноў сонца. Яно сядае і залівае аранжавай чырванню і лясы, і бясконцыя воды азёр, і камяні.

…А вось адсунуўся летні сонечны дождж, і адноўлены край, абмыты ім, зіхоткі, мокра-бліскучы, стаіць, нібы ён толькі што выплыў з гэтых азёрных глыбінь, а над ім, як дараванне, мігціць вясёлка.

Зменлівы, чароўны, незразумелы. Як вочы яго жанчын, што тысячагоддзямі адбівалі ўсё гэта: глянь у гэтыя вочы — сэрца сціснецца і ўпадзе. І ўсё зачараванне і яго і іх у гэтай зменлівасці, калі не разбярэшся, што ў гэтых вачах, што ў гэтых азёрах, што ў самім абліччы гэтай зямлі. Сумная радасць? Светлая туга? Сонца праз дождж? Усмешка праз слёзы?

Вы, белыя аблокі над ласкавай вадой, вы, урвістыя берагі Струсты, вы, горы высокія і вежы на іх, вы, рыбацкія хаткі, абплеценыя сецямі, вы, браслаўскія стрэхі і вясковыя студні, падобныя на капліцы, — мы любім вас. Проста нельга не любіць, проста не дадзена іншага. Проста мы выраслі тут і ўсё, усё да апошняга, ад вас. Сітнягі над гэтымі водамі спявалі нам першую калыханку пад рытм адвечнага прыбою. Сілу нам давалі камяні на палёх, спявучасць — плёскат Струсты і Дрывятаў, Снуды і Войсы. Рамантычны склад душы — поўня над азёрамі і плач азёрнай чайкі над імі. І яшчэ далечы, што адкрываюцца з гэтых узгоркаў. На дзесяць, на пятнаццаць, на дваццаць вёрст… Далёка.

А працавітасці мы навучыліся самі, бо гэтага патрабавала скупая зямля і глыбокія прадонні Струсты.

Што ж датычыцца мужнасці, то мы нарадзіліся з ёю і выхавалі яе ўсёй шматвяковай нашай, крывавай нашай, жалезнай і дымнай, адчайдушнай, вогненнай і, аднак, чалавечнай нашай гісторыяй.

Таму што і ў дыме тысячагоддзяў, і тады, калі на рубяжах гэтых буянілі агонь і меч— усё адно, нават тады, мы заставаліся людзьмі.

…Браслаў, якому ў 1965 годзе стукнула дзевяцьсот гадоў, — ад першага ўпамінання ў летапісе, ляжыць між азёр, на гары, на адзінай сухапутнай перамычцы ў суцэльным, больш як трыццацікіламетровым азёрным ланцугу. Заснаваны князем Брачыславам Ізяславічам, чалавекам, якому ўдалося адстаяць самастойнасць Полацкай зямлі ў бясконцых сутычках з суседзямі, ён, займаючы ключавую пазіцыю, на доўгія гады робіцца фарпостам, замком, які замыкае адзіныя з захаду вароты на Полацк. Абысці яго нельга. Азёры, плошчаю да 38 кв. км і глыбінёю часам да трыццаці (Струста), цягнуцца справа і злева. Далей— непраходныя лясы і дрыгва. Ворагу адна дарога — цераз яго. І вось паўтара стагоддзя маленькі мужны гарадок у бесперапынных нападах, у сечах і агні, целам і крывёю сваёй выкупляў спакой, мір, працу на гэтай зямлі. Аж пакуль цэнтр падзей беларускай гісторыі не перамясціўся і Браслаўскі замак не страціў свайго значэння.

Цяпер гэта ў даўнім мінулым. І толькі старажытны герб захаваў памяць пра тыя дні: блакітны трохкутны меч, а на ім чалавечае вока і крылатае сонца ў залатых прамянях. Крылатае сонца — яшчэ вавілонскі, яшчэ егіпецкі, яшчэ ацтэкскі сімвал бога святла, канчатковай перамогі гэтага святла над цемрай.

Словам: «пільна сачы, каб змрок не напаў на ззянне, каб сонца перамагло».

І вось цішыня і спакой, і відны на дзесяць кіламетраў Слабодскі касцёл, пра які адзін амерыканскі падарожнік калісьці пісаў: «Калі я па раніцы пры ўсходзе сонца глядзеў на Слабодскі касцёл, прыгажэйшага віду ў Еўропе я не бачыў».

…Застаўся дух старажытнасці, славы і сілы народнай. І яшчэ засталіся старыя камяні будынкаў, каменныя і драўляныя вежы і званіцы, засталася мэтазгодная, ладная, стагоддзямі выпрабаваная архітэктура сялянскіх хат.

Засталіся дубовыя дзверы касцёлаў і цэркваў (Педруя, Слабодка, Дрысвяты), збітыя трохсотгадовымі каванымі цвікамі, а на іх каваныя завесы і клямары з беларускім нацыянальным арнаментам.

Засталіся гатычныя і барокавыя культа-выя пабудовы. Барокавы базыльянскі кляштар у Друі (пач. ХVІІ ст.). Педруйскі барокавы касцёл, пабудаваны Сапегамі ў 1613 годзе,і многае, многае такое, зробленае рукамі простых, каб давеку не згасла на гэтай зямлі прыгажосць.

Або вадзяны каменны млын у вёсцы Зарачча, пабудаваны ў 1822 годзе, муры якога інкруставаны беларускім народным арнаментам. На бялюткіх каменных паверхнях выкладзены з кавалачкаў чорнага каменя птушкі, кветкі, галубы, буслы, зоркі, салдацікі ў ботах і кунтушах, ды яшчэ з узнятымі шаблямі. А вялікія шэрыя, чырвоныя і жоўтыя камяні зноў жа аблямаваныя каменьчыкамі і нагадваюць сланечнікі або фантастычныя сонцы.

Да ўсяго даходзілі рукі гэтага народу. І да замкаў, і да млыноў, і да ўласных хат, варот, калодзежаў. А пасля прыходзіў час— і адпраўляліся яны на верхавіны ўзгоркаў, абкружаных каменным мурам, на мініяцюрныя могілкі. Бо вечнай працай заслужылі вечны спакой. Вечнай працай, дабрынёй, гумарам, спявучасцю, нястрымнай фантазіяй, рамантызмам — неадрыўным ад рамантызму гэтай сціплай і, аднак, легендарнай зямлі.

Досыць узняцца на замкавую Браслаўскую гару, каб зразумець гэта.

Ноч. Гонтавыя і чарапічныя стрэхі гарадка, шпілі старажытных будынкаў, поўня ў азёрнай вадзе, водсветы яе на мокрых тратуарах, заімшэлыя муры даўніх гмахаў, лятуць над гладдзю спозненыя птушкі.

Але спускайся з гары і кроч у свой шлях. Спускайся ў старое паданне, як на дно зачараванага возера, як у туман многіх стагоддзяў — і фантастычнасць таго, што адбываецца вакол, уладна возьме цябе за сэрца і сцісне, і не адпусціць ужо ніколі больш. Да самага канца.

А можа, чалавек і пасля з невымоўнаю тугою, хаця рады ў гады, хаця раз на стагоддзе не зможа не ўспомніць усяго гэтага. Успамінаем жа мы ляск зброі, шалёнае імкненне коней, мыла, што падае з іхніх цугляў на зямлю, і пах свежай цамянкі, толькі што растворанай для муроў у Слабодцы ці Відзах, і зноў агонь, і зноў шалёны лёт каня.

Не можам забыць стагоддзямі. То як жа магчыма забыць гэтыя стагі ў тумане, і гарбаносых ласёў між срэбных дрэў казачнага лесу, і коней, што нерэальна, павольна перабіраючы нагамі, танцуюць на беразе туманнага возера?

Спускайся ў паданне. Да каравых вербаў, якія ўздрыгваюць праз сон ад рэзкага крыку чайкі, да маўклівых, напрацаваных, абсыпаных рыбінай лускою рыбакоў, да тых сівых старых, што былі калісьці таксама рыбакамі, да тых, што ўзразаюць ільнянымі адваламі маці-зямлю (у, як яна пахне!), узразаюць, як людзі мораў узразаюць і пеняць абшары мораў.

Слухай іхнюю павольную, спявучую мову, пранізаную няспешным гумарам, калі гэтыя людзі стомлена сядзяць на ўзмежжы, склаўшы чорныя ад зямлі й мазуту, пасечаныя кожнай пясчынкай рукі, глядзі ў сінія (самыя сінія на свеце, як гэтыя азёры ў сонечны дзень) вочы дзяўчат. Вітайся з імі, і з рыбакамі, і з турыстамі на пляжы. З конямі і лісцікамі, з буслам над паплавамі і фантастычнымі дрэвамі. Памагай прыгожым дзяўчатам выцягваць вядро са студні і слухай разам з імі, як кроплі звонка падаюць у сцюдзёную глыбіню.

І астатняе слухай. Як напружана звініць вецер у дратах высакавольтнай перадачы, як спяваюць кабеты ў полі і як гудуць пчолы над мядовымі свепетамі.

А, галоўнае, слухай шэпт дрэў і ўсхліпванне азёр, з чаго і складаецца на гэтай высакароднай зямлі спявучая, канечная, гаючая цішыня.

Далей кроч. Далей. Да гатычных парталаў і ўзгоркаў, засеяных гарохам, ля руін старых — і ля хутароў, загубленых у палях канюшыны, ля валуноў і ля берагоў, аб якія плюскоча неіснуючая, магічная, як белая ноч, вада.

І яшчэ, і яшчэ далей. У туманы, у вынесеныя навальніцай на бераг карэнні. Паўз сеці з іхнім вострым водарам, паўз млыны, тарфяныя заводзікі і чаўны на беразе.

Сядзь у адзін з іх на рабрыстыя какоры і адплыві ў сіняе заспакаенне, каб шпілі амаль растварыліся ў туманным марыве. І ты пачуеш далёкі звон і ты адчуеш, як многа яшчэ сілы і любові ў тваім сэрцы. Любові да паэзіі і справядлівасці, да сардэчнасці, прыгажосці і праўды.

Любові да чалавецтва і да гэтых вось працавітых людзей.

Любові да гэтай сіняй зямлі, да нашай, да адзінай зямлі.

Любові да сонца ў кроне дрэва, нашага сонца, прыўкраснае ззянне якога нельга адабраць у чалавека і якое ніколі не згасне.


Крыніца: "Маладосць"

Заметили ошибку? Выделите текст, нажмите Ctrl+Enter и оставьте замечание!

Написать комментарий

Информация
Чтобы написать комментарий вам нужно авторизоваться или зарегистрироваться

Обращались ли вы за помощью в милицию?

Новости Браслава

Житель Браслава поймал 15-килограммовую щуку. Она не влезала в лунку, пришлось повозиться

Хотите узнать больше? Чтобы поднять такую огромную рыбу из воды и завести ее в лунку без порыва снасти, мужчине пришлось сходить на берег за пешней.

В Браславском районе мужчина убил знакомого и закопал его тело в заброшенной постройке

Хотите узнать больше? Вечером 22 декабря в милицию обратилась женщина, которая рассказала об исчезновении 29-летнего сожителя. По ее словам, 17 декабря они с другом должны

После реконструкции орган в Радошковичах Молодечненского района станет четвертым по величине в стране

Хотите узнать больше? Уникальный орган конца XIX – начала XX века восстанавливают в костеле Пресвятой Троицы в Радошковичах. Он станет четвертым по величине среди других

В Браславе пьяный бесправник угнал машину со своей работы и угодил в два ДТП

Хотите узнать больше? Пьяный парень врезался в прицеп трактора и забор. Сам он не пострадал, а вот машина повреждена.

Санаторий или развлекательный объект хотят открыть в зданиях графской усадьбы в Браславском районе

Хотите узнать больше? Потенциальным инвесторам предлагается провести реконструкцию для размещения организации, которая будет специализироваться на одном из двух

В Браславе рыболовы изловили толстолобика весом 27 кг

Хотите узнать больше? Рыбаки Нацпарка «Браславские озера» во время промыслового лова на озере Бережье вытащили толстолобика весом 27 кг. Как...

Маладая мастачка з Браслава зрабіла мультфільм пра гісторыю роднага горада. Выйшла цікава

Хотите узнать больше? У сеціве з’явіўся невялікі беларускамоўны мультфільм «Легенда аб Браславе», які распавядае пра паходжанне назвы горада. Намалявала яго Аляксандра