Юбілеі школьных выпускаў
Ларыса ШЭЛЕХАВА (ТАРАСІК), выпускніца СШ №2 г.Чэрвеня 1964 года:
“ДЗЯКУЙ ВАМ, ДАРАГІЯ НАСТАЎНІКІ!”
Паважаная рэдакцыя! Пішу вам з нагоды адметнай даты ў жыцці маім і школьных сяброў – 50-годдзя з часу заканчэння вучобы ў СШ №2 г.Чэрвеня.
… Здаецца, зусім нядаўна я трымала слова на лінейцы, прысвечанай апошняму званку. Дагаварыць не змагла – расплакалася. І мае сяброўкі, і нашы мамы, і настаўніцы расхваляваліся. Так, дзяцінства прайшло, а наперадзе – такое няпростае жыццё…
Маёй першай настаўніцай была Бася Давыдаўна Голуб. У другім класе нас вучыла Аляксандра Аляксееўна Лабудзева, потым – Марыя Рыгораўна Бурая… З пятага па сёмы клас класным кіраўніком была Надзея Антонаўна Акімава, а потым да самага заканчэння школы – Раіса Кузьмінічна Гарбацэвіч. Гэтыя дзве настаўніцы выкладалі беларускую мову і літаратуру. Ужо цяпер, з вышыні пражытых гадоў, разумееш, якія яны былі добрыя, чулыя, мудрыя і ўлюбёныя ў родную мову…
Дырэктарам школы на працягу ўсіх маіх гадоў навучання быў Аляксей Дзмітрыевіч Белагорцаў. Высокі, статны, былы ваенны. Выкладаў гісторыю. З захапленнем слухалі мы пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікам якой ён быў. Як і бацька, а то і маці – амаль у кожнага з нас. Патрыятызму хапала, а дырэктар быў для нас прызнаным аўтарытэтам.
Завуч школы Якаў Яўсеевіч Ідзельчык быў вельмі ўважлівым, тактоўным, умелым арганізатарам. Выкладаў рускую мову і літаратуру.
Грунтоўныя веды па фізіцы я атрымала, дзякуючы Уладзіміру Георгіевічу Дарагужу. Не толькі выдатнае веданне свайго прадмета, а і ўменне арганізаваць пазакласны час запомніліся мне на ўсё жыццё. Кожную суботу ў школе ладзілі вечар танцаў. А перад ім Уладзімір Георгіевіч часта ладкаваў літаратурныя ці музычныя віктарыны. З яго лабаранцкай заўсёды гучала музыка – сучасная і класічная. Пласцінак хапала, асабістая фанатэка ва Уладзіміра Дарагужа вялікая. А мяне ён заахвоціў збіраць маркі. Сустракаць світанак з намі, выпускнікамі, пайшоў таксама ён…
Настаўнікам фізічнай падрыхтоўкі працаваў Уладзімір Давыдавіч Злотнікаў. Не памятаю, ці была ў яго сям’я, але ўвесь дзень ён знаходзіўся ў школе: урокі, гурткі па валейболу, баскетболу і г.д. Дарэчы, усе вучні нашага класа займаліся фізпадрыхтоўкай, удзельнічалі ў розных спаборніцтвах на раённым і абласным узроўнях. Разам з Уладзімірам Георгіевічам Дарагужом ён ладкаваў улетку пасля заканчэння 6-8 класаў пешыя паходы па родным краі на 3-7 дзён. Нас вучылі ставіць палаткі, гатаваць ежу на вогнішчы. Пасля 9 і 10 класаў за заробленыя на будоўлі хлебазавода грошы (залівалі бітумам дах) ды іншых работах мы на аўтобусе ездзілі па абласных гарадах Беларусі, а таксама ў Кіеў, Адэсу…
Хімію выкладала ў нас Станіслава Іосіфаўна Елізарава. Дзякуючы ёй я атрымала такія веды па гэтаму прадмету, якія на ўступных экзаменах у медінстытут былі ацэнены камісіяй на «выдатна».
Замежную мову з дзявятага класа вяла Аляксандра Пятроўна Несцяровіч. З гэтай цудоўнай настаўніцай і яе мужам-настаўнікам, Яўгенам Антонавічам Несцяровічам, мне пашчасціла падтрымліваць стасункі яшчэ шмат гадоў – яны вучылі майго сына Яўгена, а потым і ўнука Аляксандра. Дзякуй ім за ўсё! І няхай яны жывуць доўга ў радасці і шчасці.
З 19 выпускнікоў нашага 11 «Б» класа 7 атрымалі медалі – залатыя і сярэбраныя. Амаль усе адзінаццацікласнікі атрымалі вышэйшую адукацыю.
Тыя, хто жыве ў Чэрвені ці часта бывае тут, бачаць, як маладзее і прыгажэе наша школа. А мы старымся… Але разам з гэтым усё ярчэй успаміны пра дзяцінства, школьныя гады – такія цудоўныя і бестурботныя…
Віншую вас, дарагія мае аднакласнікі, з нашым юбілеем! Дзякуй вам, дарагія настаўнікі, — тым, хто жывы. А тым, каго няма з намі, — светлая памяць.
Алена ШАТЭРНІК, в.Жураўкавічы, выпускніца СШ № 1 г.п. Смілавічы 1984 года:
“ЗАСТАВАЙЦЕСЯ, СЯБРЫ МАЕ, У ДУШЫ ЗАЎСЁДЫ МАЛАДЫМІ…”
Ну вось і зноў у нас сёлета – юбілей, зноў збірае нас школа. І ўсё добрае, што было, прыгадваецца так яскрава…
Скончылі мы СШ № 1 г.п. Смілавічы ў 1984 годзе. Зрэшты, тады школа была адна… А выпускных класаў у паралелі мелася тры – «А», «Б» і «В», і ў кожным – чалавек пад трыццаць.
Класным кіраўніком нам прызначылі маладога педагога Святлану Міхайлаўну Мазоўка. Яна ж стала і нашым выкладчыкам фізікі.
Памятаю, як нас сабралі ў актавай зале, і завуч прадставіў яе як выпускніцу нашай школы, якую яна ў свой час скончыла з залатым медалём. Затым мы перайшлі ў вучэбны кабінет і там пачалі знаёміцца. Святлана Міхайлаўна была ўсяго на некалькі гадоў старэйшая за нас. Так мы пачалі навучальны год.
Розныя сітуацыі прыгадваюцца. Аднойчы мы збіраліся ехаць на бульбу, і ў працоўнай вопратцы Святлана Міхайлаўна неяк сярод нас згубілася. Завуч школы, прайшоўшы міма яе, запытаўся: «А дзе ж ваша класная?!» Яна адгукнулася і пачула камплімент: «А я вас за вучаніцу прыняў…»
На сельгасработы мы тады ездзілі ўсім класам і заўсёды з песнямі на адкрытай грузавой машыне.
Час неяк праляцеў… І нават не верыцца, што ўжо выйшлі з гэтага ўзросту, што прайшло ажно трыццаць гадоў!
Любілі мы многія ўрокі, прычым практычна ўсім класам. Напрыклад, урокі рускай літаратуры. Яе выкладала мой класны кіраўнік з чацвёртага па восьмы клас Марыя Прохараўна Шутава.
Любілі настаўніка біялогіі – Мікалая Пахомавіча Зызо. Асабліва падабаліся яго дадатковыя заняткі перад урокамі. Ён так цікава расказваў… Многія настаўнікі пайшлі з жыцця, а я памятаю іх і да гэтага часу. Калі мы збіраемся класам, абавязкова іх прыгадваем.
Што датычыцца маіх аднакласнікаў, дык з некаторымі маю стасункі і да гэтага часу. Нягледзячы на тое, што ажно тры дзесяцігоддзі прамінула пасля заканчэння школы! Увогуле, практычна ўсе, каму я тэлефанавала напярэдадні нашага юбілею, з радасцю прынялі ідэю сабрацца ўсім разам. Папярэдняя сустрэча – пяць гадоў таму – атрымалася цікавай.
Хаця наш клас быў зборным – з «А» і «В», – але за два гады, што правучыліся разам, мы аб’ядналіся, зрабіліся адным цэлым. І ў многім – дзякуючы маладой класнай, да якой цягнуліся. Яна надавала нам азарту, але, бывала, і «прапясочвала», калі было за што. Мы стараліся яе не крыўдзіць.
Падчас нашых мінулых юбілеяў выпуску прыгадвалі мы і нашу настаўніцу матэматыкі Ніну Віктараўну Пяткевіч. Яе ўрокі былі самымі любімымі! І не толькі ў мяне, але і ў большасці класа. З задавальненнем наведвалі і матэматычны факультатыў. Чалавек 17 з класа мелі па прадмету «4″ і «5″. А атрымаць «выдатна» ў Ніны Віктараўны было вельмі і вельмі складана! Апрача адказу асноўнага, трэба было адказаць на дадатковыя пытанні. А наведванне факультатыву ставілася абавязковай умовай для тых, хто хацеў атрымаць «5″ за чвэрць.
Калі мы пачалі паступаць у ВНУ, дык дзякуючы ведам, атрыманым ад Ніны Віктараўны, праблем з матэматыкай не было. З задавальненнем прыгадваем урокі і яе саму. Прыемна, што Ніна Віктараўна Пяткевіч і па сёння працуе ў нашай школе, а таксама паспяхова ўдзельнічае ў конкурсе прафесійнага майстэрства «Настаўнік года».
Як я зазначала ўжо, клас наш быў дружным. І праз гады мы пранеслі гэтае пачуццё сяброўства ў душы. Сазвоньваемся, сустракаемся… Я буду рада ўбачыць сваіх аднакласнікаў!
Віншую іх усіх з 30-годдзем выпуску, з юбілеем! Заставайцеся, сябры мае, у душы заўсёды маладымі. Няхай у вас заўсёды стае энергіі на ўсе справы і пачынанні.
Написать комментарий
Обращались ли вы за помощью в милицию?
Новости Червеня
Посмотрите, как в Червене снегом завалило дорогу
Хотите узнать больше? Страну завалило снегом. Ситуация на дорогах остается напряженной , а в Минской области и вовсе ввели план. ..
Под Червенем пьяный водитель разбил фургон об отбойник: на трассу высыпалось 1,5 тонны сыров
Хотите узнать больше? Медицинское освидетельствование водителя показало 2,3 промилле алкоголя.
Как «Глобус» стал «Градусом». На месте единственного в Червене книжного магазина открылся винно-водочный
Хотите узнать больше? Книг в райцентре не стало - ими торговал только "Глобус".
Пьяный водитель отвлекся на телефон и сбил 6-летнего велосипедиста. Приговор суда
Хотите узнать больше? Водитель Peugeot, тяжело травмировавший 6-летнего велосипедиста в Червенском районе, получил 3 года колонии-поселения.
В Червенском районе горела фабрика валенок
Хотите узнать больше? В итоге повреждены станки и готовая продукция.
В Червенском районе Mazda насмерть сбила велосипедиста, который ехал посередине полосы
Хотите узнать больше? Причины и обстоятельства происшествия, а также личность погибшего устанавливаются.
В Червенском районе пьяный на Peugeot сбил 6-летнего велосипедиста
Хотите узнать больше? Мужчина водворен в ИВС Червенского РОВД, в отношении него возбуждено уголовное дело по ч. 2 ст. 317 УК Республики Беларусь.
В Червенском районе разрушился сезонный мост через реку
Хотите узнать больше? Теперь он будет закрыт для прохода людей и движения автомобилей.
Объявления
Тротуарная Плитка. Укладка от 50 м2 в Че...
16 бел.руб.
08:50, 19.07.2022Водитель категории СЕ
3 500 бел.руб.
13:28, 03.03.2022Требуется Водитель категории Е
3 500 бел.руб.
13:28, 03.03.2022Водитель категории С
3 500 бел.руб.
12:10, 02.03.2022Сварщик, гильотинщик, водитель погрузчик...
1 500 бел.руб.
18:17, 27.02.2022О Червене
Интересная Беларусь
Эксперты ждут от первой ракетки Беларуси успешного выступления в Австралии
Подробнее Уже 17-го января в Мельбурне стартует первый большой теннисный турнир нового сезона – Australian Open, и белорусские болельщики возлагают особые надежды перед стартом соревнований на лучшую