Закрыть

Выберите свой город

Закрыть

Работаем в режиме ожидания, или что показала экскурсия по коммерческим магазинам?

 Работаем в режиме ожидания, или что показала экскурсия по коммерческим магазинам?

Як зазначылі ў аддзеле эканомікі райвыканкама, чэрвень не з’яўляецца паказальным у рабоце прадпрымальнікаў месяцам. І ў мінулыя, больш стабільныя гады, у гэты час зачыняліся многія камерцыйныя буцікі і магазіны. Па-свойму ўплывае на гэта і рашэнне ўрада, забараняючае прадпрымальнікам мець наёмных работнікаў. Яны самі арганізоўваюць свой рэжым работы, водпускі бяруць, як правіла, летам і не плацяць у гэты час падаткаў у бюджэт. Галоўнае, каб на дзвярах была адпаведная інфармацыя для пакупніка. Напрыканцы сёлетняга мая і ў чэрвені ў такія водпускі (з інфармацыяй для пакупніка і без інфармацыі) пайшлі 59 індывідуальных прадпрымальнікаў, якія займаюцца гандлем і аказаннем паслуг. Некалькі павільёнаў зачынены ў Гандлёвым цэнтры, на міні-рынку па Тармасава,

у жоўтым «Сіці». На дзвярах магазіна «Мэбля-Эліт» у былым будынку канторы ПМК-21 таксама вісіць аб’ява: «З 26 мая да 1 ліпеня магазін не працуе. Прадавец у водпуску. Просім прабачэння».

А вось прыватнае гандлёвае прадпрыемства «Вокны-профі», офіс якога размешчаны ў гэтым жа будынку, не закрылася, а толькі скараціла свой  працоўны дзень да чатырох гадзін.

— Аб’ёмы рэалізацыі вокнаў адчувальна знізіліся,— патлумачылі мне тут.— Заказамі ратуюць толькі юрыдычныя асобы, якія займаюцца будоўляй шматкватэрных дамоў. «Дынаміка» такая: у сакавіку прададзена шклопакетаў на 107 мільёнаў рублёў, красавіку — на 77, маі — на 45 мільёнаў. (Для параўнання: у сакавіку мінулага года аб’ём рэалізацыі склаў 122 мільёны рублёў, красавіку — 106 млн., маі — 210 млн.).

Такому спаду «дапамагло», безумоўна, павышэнне цэн.

— І не па нашай віне,— удакладняюць вытворцы вокнаў.— Калі раней метал мы атрымлівалі па 2700 рублёў за метр пагонны, то цяпер — па 9400. Больш таго, за ўсе складаемыя для вырабу вокнаў разлічваемся па курсу еўра. На мінулым тыдні для камерсантаў ён складаў 12300 рублёў. А што бу-дзе праз тыдзень-другі, нават не загадваем. Такая няўпэўненасць у заўтрашнім дні яшчэ цяжэй, чым павышэнне цэн…

Марына Лазурэнка — уладальніца магазіна «Тэхнадрайв» — выбрала сваю форму работы. Яна таксама магазін не зачыняла. Больш таго, цэны ў час гандлёвага буму не мяняла і тры тыдні новага тавару не завозіла («Добра, што засталіся запасы з мінулых прывозаў!»). Лічыць, што магазін «выжыў» дзякуючы менавіта гэтаму.

Цяпер цэны крыху стабілізава-ліся, і Марына Алегаўна пачала завозіць новы тавар: разам з рознай дробяззю заказала і буйную электрабытавую тэхніку — халадзільнікі, пральныя машыны, мікрахвалевыя печкі…

— Людзі, напэўна, ужо прывыклі і, калі пытаюцца пра новую цану, не здзіўляюцца,— расказвае яна.

Прадпрымальніца па-ранейшаму адважваецца працаваць з крэдытамі. Але кошт тавару дзеліць толькі на два плацяжы. Яна застаецца вернай свайму галоўнаму прынцыпу: працаваць так, каб гэта задавальняла людзей.

«Трыумф» за гэтыя дні зусім апусцеў: у прасторнай гандлёвай зале сіратліва стаялі дзве сценкі, кухонны і камп’ютарны сталы.

— За май пакупнікі размялі ўсё, што было,— тлумачыць Дзмітрый Данільчык.

Карыстаючыся выпадкам, ён плануе зрабіць тут рамонт (раней гэта было немагчыма, бо ўсюды цесна стаяла мэбля). Але магазін не зачыняе, хаця перайшоў на чатырохдзённы рэжым работы.

— Як была ў нас гандлёвая надбаўка на мэблю 20-25%, так застаецца і цяпер,— расказвае Дзмітрый.— Але цяпер за кошт 20 ранейшых сценак можна купіць толькі тры…

Менавіта таму «Трыумф» перайшоў на 100-працэнтную перадаплату за тавар. Гэта, лічыць гаспадар магазіна, выгадна і пакупніку (гарантыя, што пакуль заказаная мэбля будзе выраблена, кошт яе не павысіцца), і камерсанту (ёсць грошы для набыцця мэблі). Дзмітрый, нягледзячы на экана-мічную нестабільнасць, дае пакупнікам крэдыты: на танныя рэчы — на тры месяцы, дарагія — да 2-х гадоў пад 9% гадавых і без паручыцеляў. А для сваіх пастаянных пакупнікоў «Трыумф» па-ранейшаму прапаноўвае скідкі.

— Працаваць у рэжыме чакання,— канстатуе Дзмітрый,— няпроста. Вось нядаўна мы атрымалі прайсы з заводаў. Усе цэны — у доларах. У асноўным па курсу 6500 рублёў. Кожны баіцца прайграць…

— Мы вісім у паветры,— прызналіся карэспандэнту ў магазіне «Сам».— Патрэбен канкрэтны курс долара. Тавар вельмі цяжка закупляць, калі ў кожнага пастаўшчыка свой курс. Але магазін не зачыняем. Думаеце, лёгка закрыцца, калі столькі гадоў аддадзена развіццю?

-Цяпер людзі стаяць перад выбарам, што купляць: ежу ці мікрахвалевую печ? І, безумоўна, аддаюць перавагу прадуктам харчавання,— зазначыў у адказ на пытанне карэспандэнта адзін з прадпрымальнікаў.

Але і ў прадуктовай краме па вуліцы Будаўнічай таксама зменшылася чарга. Раней па чацвяргах, калі прывозілі свежае мяса і рыбу, яна стаяла ажно на вуліцы. Гаспадыня магазіна Марыя Сцяпанаўна Стасевіч не ўтойвае эмоцый:

— Цяпер мы працуем з мінімальнымі гандлёвымі надбаўкамі: на рыбу 10%, на агародніну — 10-15%. Імі нават не акупляюцца транспартныя расходы і электраэнергія. Але памяркуйце самі: скумбрыю на базе «Бакалея» адпускаюць ажно па 32 тысячы рублёў за кілаграм. Робім надбаўку 10%. З падаткам на дабаўленую вартасць атрымліваецца 38 тысяч. А калі б надбавілі, як дазволена, 23%, то вы купілі б рыбу за 50 тысяч рублёў?

Кошт папулярных мясных рабрынак з «Белавежскага», якія яшчэ зусім нядаўна размяталіся з прылаўка, з 8 тысяч рублёў за кілаграм вырас да 12 тысяч, і пакупнікі пачалі перавагу аддаваць больш таннаму рагу.

Пабяднелі паліцы «Дэльфіна» (на міні-рынку па вул.Тармасава). Але скумбрыя тут прадаецца па 22 тысячы за кілаграм. Закупляюць яе ў брэсцкай «Санце».

— Зараз становіцца танней,— патлумачыла прадавец.

У суседняй краме «Слаўалена» — стаіць чарга.

— Ваш часнок танней!— зазначае адна з пакупніц (на цэнніку — 33500 руб.).

— Гэта залежыць ад таго, дзе і калі закуплены тавар,— тлумачыць гаспадыня магазіна Алена Рудзіч.

Апельсіны тут прадаюць па 12900, памідоры — па 9500, вінаград — па 32500, перац — па 33000, яблыкі — па 13500, цыбулю (старую рэпчатую) — па 7800 рублёў за кілаграм. Ківі — па 13400 і побач — 22500 рублёў.

— Гэта ж зусім розны тавар,— паказвае Алена Аляксандраўна спачатку гладкія адна ў адну ягады, потым — нестандартныя.

Агародніну і фрукты «Слаўалена» прывозіць з брэсцкіх баз. Па словах прадаўца, яны паднімалі цэны толькі адзін раз і цяпер стараюцца трымаць іх на пастаянным узроўні. З-за таго, што закрылася база ў Пінску, тавару ў магазіне прыкметна паменшала. Хаця асартымент Алена Аляксандраўна стараецца трымаць на ранейшым узроўні. Праблема з лімонамі. Іх і мала, і дарагія па кошце — 16300 руб. за кг.

Ад гэтай экскурсіі па прыватных крамах засталіся дваякія ўражанні. Цэны (дарэчы, як на замежную прадукцыю, так і на родную, беларускую) білі прама па сэрцы. Але хіба можна абвінавачваць у гэтым камерсантаў? Яны — такія ж пакупнікі, як і мы. І наўрад ці камусьці было б лепш, каб лімонаў, скумбрыі і корпуснай мэблі зусім не было ў продажы.

Ганна Хадаровіч.

Заметили ошибку? Выделите текст, нажмите Ctrl+Enter и оставьте замечание!

Написать комментарий

Информация
Чтобы написать комментарий вам нужно авторизоваться или зарегистрироваться

Обращались ли вы за помощью в милицию?

Новости Пружан

Пасля 20 гадоў працы сыходзіць дырэктар «Пружанскага палацыка»

Хотите узнать больше? "Я планаваў яшчэ папрацаваць. Тым больш і рамонт ідзе зараз, кідаць усё не хацелася".

В Брестской области за сутки в ДТП погибли два пешехода

Хотите узнать больше? Аварии со смертельным исходом произошли 21 ноября в Ляховичском и Пружанском районах.

В Пружанском районе с неба упала редкая птица

Хотите узнать больше? Вероятнее всего, птица в тумане перепутала улицу с водной поверхностью.