Закрыть

Выберите свой город

Закрыть

Пазначаная тайнай

Пазначаная тайнай

Працягваем публікацыю матэрыялаў аб лёсе жанчын падчас Вялікай Айчыннай вайны. Сённяшні — у памяць тых, хто аднымі з першых пачалі змагацца з гітлераўскімі акупантамі.
Яны не ўзрывалі  нямецкія камунікацыі, не выведвалі разведвальную інфармацыю, не хадзілі са зброяй у засады. Але  па тым часе гэта быў учынак, дастойны вялікай пашаны.

Напрыканцы 1941 года ў вёску Новыя Зелянькі дайшла журботная вестка аб тым, што ў Мінску фашысты павесілі іх зямлячку сямнаццацігадовую Сашу Ліневіч.  Дакладна што-небудзь даведацца аб гэтым жудасным пакаранні і месцы пахавання Сашы нельга было. Невядомасць паглынула яе імя…

Саша была самай малодшай у шматдзетнай сям’і Васіля Ліневіча. Нарадзілася яна ў 1924 годзе. Жылося Ліневічам цяжка, а калі памёр бацька — стала яшчэ горш. Неўзабаве невылечная хвароба прыкавала да ложка маці. Дактары не змаглі даць рады. У 1937 годзе яна памерла. Сірату забрала ў Мінск у сваю сям’ю родная сястра па бацьку Надзежда Дзятко. У вёсцы засталіся чатыры браты. Яны працавалі ў мясцовым саўгасе.

Швачка па прафесіі, Надзежда навучыла гэтаму і Сашу. Жыццё дзяўчыны паволі ўладкоўвалася. Ужо мелася дамоўленасць пайсці ў сям’ю знаёмых людзей домработніцай. Гэтаму і іншым  летуценным марам перашкодзіла вайна. На першым часе Саша не паверыла пачутаму ад суседзяў. Уляцела ў кватэру, уключыла радыё і… абяссілена апусцілася на табурэт.

Што было потым? Гарэў Мінск. Многія кінуліся на ўсход ратавацца ад нечаканага ліха. Саша засталася. Чаму таксама не пайшла? Лёгка сёння разважаць пра гэта. Куды яна, сірата, магла падацца з сям’і сястры? Надзежда, як і іншыя, хто застаўся ў Мінску, шчыра верыла даваеннай афіцыйнай прапагандзе, што Чырвоная Армія баяздольная і не дазволіць ворагу захапіць краіну. Гэтае спадзяванне і ў першыя дні вайны яшчэ цяплілася. Але яны міналі, а з пастаянна ўключанай у кватэры радыёкропкі не паведамлялася аб тым, што акупантаў пагналі назад у Германію. Наадварот, яны ўпэўнена ўсталёўвалі свае пагрозлівыя парадкі.

Аднойчы сёстры сталі сведкамі жахлівага відовішча. Праз увесь горад пад канвоем гітлераўцаў ішлі вялікай калонай палонныя чырвонаармейцы. На іх цяжка было без слёз глядзець. Змучаныя, галодныя, нібы ў чымсьці вінаватыя, яны сарамліва адводзілі вочы ад людзей, якія насуперак пагрозам канваіраў подбегам стараліся перадаць што-небудзь з ежы.

У цяжкія дні акружэння гэтыя чырвонаармейцы з апошніх сіл змагаліся, пакуль былі патроны, снарады, ішлі на ўсход да сваіх. Многія баявыя паплечнікі загінулі, а ім выпала ганебная доля варожага палону ў абнесеным напрыканцы Мінска калючым дротам лагеры пад адкрытым небам. Некаторыя захварэўшыя параненыя трапілі неўзабаве ў інфекцыйную бальніцу, дзе працавала Вольга Фёдараўна Шчарбацэвіч. Сярод іх — камандзіры і палітработнікі, якіх пасля выздараўлення фашысты меліся вывезці ў канцэнтрацыйны лагер. Вольга Фёдараўна задалася мэтай ратаваць іх, арганізоўваючы ім пабег. З гэтага і пачаўся яе ўдзел у антыфашысцкай барацьбе. Жанчына ўсведамляла, што калі гітлераўцы дазнаюцца, расстраляюць і яе, і таго, каму дапамагала. Усведамляла, але ішла на гэта. Паўстала пытанне: а што рабіць пасля пабегу? Выратаванага трэба дзесьці схаваць, забяспечыць цывільнай адзежай, дакументамі. Яна наведалася да сястры Надзежды Янушкевіч. Падзялілася задумкай і з яе мужам. Спытала: “Дапаможаце?” І атрымала згоду. Далучыла да гэтай патрыятычнай справы таксама 15-гадовага сына Валодзю, брата Пецю і некалькі суседзяў. Так, можна сказаць, на сямейных пачатках, склалася ў першыя дні вайны антыфашысцкая падпольная група. Без усялякіх афіцыйных указанняў, самастойна.

У гэты час пазбаўленыя сродкаў існавання Надзежда Дзятко і Саша Ліневіч вымушаны былі ўладкавацца на працу ў нямецкія ўстановы. Надзежда — прыбіральшчыцай, Саша — падсобнай рабочай.

Як вынікае з даследванняў біяграфіі Сашы Ліневіч кандыдата гістарычных навук Канстанціна Дамарада, неўзабаве гэтая дзяўчына пасялілася ў доме па вуліцы Камуністычнай (там жыла Вольга Шчарбацэвіч). Паводле ўспамінаў яе пляменніцы Ніны Дзятко, перад адыходам з іх сям’і Саша сказала яе маці, што пазнаёмілася з добрымі людзьмі, якія прапанавалі перасяліцца на кватэру. Маўляў, у цябе сын, дачка — не варта рызыкаваць…

Надзежда Дзятко праз колькі дзён наведала гэтую кватэру. Гаспадыняй яе была Алена Астроўская. Да вайны яна працавала ў швейным атэлье. Цяпер разам з Сашай у вольны час шылі-перашывалі  з таго, што давялося сабраць у знаёмых людзей, адзежу для палонных чырвонаармейцаў.

Тым часам на падставе знаёмства і сумеснай працы ў Чэрвені арганізаваліся для антыфашысцкай барацьбы рабочы вагонарамонтанага завода Кірыла Іванавіч Трус і Яўген Васільевіч Сняжкоў. Апошні — па падробленых дакументах на прозвішча Валашчука. У пачатку жніўня на кватэры іх знаёмай па Чэрвеню Паліны (Пелагеі) Радзевіч яны сустрэліся з Вольгай Шчарбацэвіч, яе сястрой, сынам Валодзем, былым палітруком Зорыным. Зорын паведаміў, што мае сувязь з дзяржынскім падпольным камітэтам партыі і, маўляў, можна накіроўваць праз правераных людзей ваеннапалонных у партызаны. Затым пазнаёмілася Шчарбацэвіч з Васілём Мікалаевічам Адзінцовым.

Пачалася сумесная дзейнасць патрыётаў па аказанню дапамогі ваеннапалонным. Праз даваеннага начальніка пашпартнага стала Абадоўскага, які меў незапоўненыя пашпарты і пячатку, Адзінцоў забяспечваў ваеннапалонных пашпартамі і прапіскай нібыта даваенных жыхароў Мінска.

Шчарбацэвіч ведала, хто з параненых пачаў выздараўліваць, самастойна рухацца. Яна падыходзіла да яго і гаварыла: “Падрыхтуйся. Сёння вечарам мы выведзем цябе з бальніцы і паселім у надзейных людзей. Там далечышся, а затым мы дапаможам пераправіцца ў партызанскі атрад”.

Такім чынам удалося выратаваць 18 чалавек. Размясцілі іх па кватэрах. Прытулкам для выратаваных ваеннапалонных стаў дом па вуліцы Камуністычнай, дзе жыла Шчарбацэвіч. На пачатку верасня 1941 года яны сабраліся ў яе на кватэры. Большасць з прысутных ваенных афіцэраў і палітработнікаў вырашылі, што трэба ісці за лінію фронту і змагацца з ворагам у радах Чырвонай Арміі. Распрацавалі парадак і маршрут руху трымя групамі на адлегласці бачнай сувязі, вызначылі месца збору. У якасці праваднікоў далі згоду ісці па знаёмаму маршруту Вольга Шчарбацэвіч і яе сын Валодзя. 11 верасня гэтыя групы паасобку накіраваліся з горада ў напрамку Смілавіч. На маршруце Вольга Фёдараўна пайшла паперадзе ў разведку. Калі вярнулася, не застала са сваёй групы ні сына, ні афіцэра Барыса Рудзянку. Каля вёскі Драчкава яны і група Левіта патрапілі на засаду. Афіцэраў-яўрэяў растралялі на месцы. Рудзянку і Валодзю Шчарбацэвіча даставілі ў Мінск у паліцыю бяспекі і СД. Групе Зорына ўдалося пазбегнуць сутычкі і яна вярнулася ў Мінск. Вольга Шчарбацэвіч — таксама. На допыце Рудзянка выдаў усіх вядомых яму падпольшчыкаў, згадзіўся супрацоўнічаць з фашысцкай контразведкай.

Пачаліся арышты. Сашу Ліневіч таксама арыштавалі. Падчас вобыску ў яе рэчах на кватэры знайшлі пісталет. Нашу зямлячку і гаспадыню кватэры, дзе яна жыла, Алену Астроўскую трымалі ў адной камеры. Пасля арышту ў паліцыю бяспекі і СД выклікалі сястру Надзежду Дзятко. Трымалі яе двое сутак, затым выпусцілі. Саша заставалася ў турме. Далей яе след губляецца.

Фашысты рашылі ў самым пачатку падавіць усялякае супраціўленне і для ўстрашэння насельніцтва арганізавалі публічнае пакаранне. Пасля жорсткіх допытаў і катаванняў у розных канцах горада ўчынілі смяротную акцыю. 26 кастрычніка 1941 года былі павешаны 12 чалавек.  На віселіцу тры жанчыны ішлі з дошкамі на грудзях, дзе на нямецкай і рускай мовах было напісана: “Мы — партызаны, стралялі па германскіх салдатах”.

У акупіраваным Мінску гэта было першае масавае пакаранне смерцю, потым шыбеніцы ўвайшлі ў традыцыю.

Праз колькі дзён апазналі восем падпольшчыкаў і ваеннапалонных. Сярод іх — Вольгу Фёдараўну Шчарбацэвіч, яе сына Валодзю, брата, сястру Надзею Янушкевіч з мужам, Алену Астроўскую (суседку Шчарбацэвіч). Імя дзяўчыны не змаглі ўстанавіць.

Пакаранне фашысты фатаграфавалі і здымалі кінакамерай. Гэтыя сведчанні  жудаснай расправы знайшлі пасля  вайны ў Германіі. Неўзабаве яны паступілі ў музей Вялікай Айчыннай вайны. Тут у зале акупацыйнага рэжыму змясцілі вялікія фотаздымкі павешаных 26 кастрычніка 1941 года — раптам хтосьці з наведвальнікаў пазнае роднага ці знаёмага. Пошук дзяўчыны-пакутніцы вялі супрацоўнікі музея, журналісты, навукоўцы. Здымак з гэтым жудасным абліччам вайны пайшоў па планеце. Ён быў надрукаваны ў многіх газетах, кнігах,  увайшоў у фільм “Обыкновенный фашизм”.  З’явілася некалькі версій, але яны падчас экспертызы не атрымалі пацвярджэння. Аднойчы наведалася ў музей  Ніна Пятроўна Дзятко (па мужу Шаўчэнка) і на фотаздымку павешанай дзяўчыны прызнала сваю цёцю Сашу Ліневіч. Аб гэтым паведаміла супрацоўніцы музея. Інфармацыю правяралі. У прыватнасці, тройчы сустракаліся з Нінай Шаўчэнка. Па даручэнні дырэкцыі Інстытута гісторыі  Акадэміі навук БССР у Новыя Зелянькі выязджаў кандыдат гістарычных навук, даследчык і аўтар кніг па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і партызанскага руху ў Беларусі, Мінскага гарадскога падполля Канстанцін Ільіч Дамарад (непасрэдны ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі ў органах разведкі і контрразведкі).  Паводле яго сцвярджэння, у вёсцы блізкія сваякі, школьныя сябры, былая настаўніца засведчылі, што на фотаздымку Саша Ліневіч. Але для дакладнай  экспертызы патрэбен быў даваенны фотаздымак дзяўчыны. Адшукаць яго  не ўдалося.

У 1965 годзе ў Новых Зеляньках на помніку загінуўшым землякам  у змаганні  з фашыстамі было выбіта і прозвішча Аляксандры Васільеўны Ліневіч. Яно змешчана таксама  ў кнізе “Памяць. Чэрвеньскі раён”.  Пад фотаздымкам “Невядомай” пазначана, што гэта — Аляксандра Ліневіч з Новых Зелянькоў. Але афіцыйнае прызнанне прозвішча “Невядомай” адбылося толькі ў 2008 годзе. Паводле яго, гэта — мінчанка Маша Брускіна.

… Вайна многія жыцці пазбаўляла вядомасці. Для нас яны засталіся безымяннымі, для іх родных — прапаўшымі без вестак. Не ўсё маглі засведчыць архівы. Прычыны гібелі, дакладныя  прозвішчы не ўсіх, хто змагаўся ў падполлі, удалося ўстанавіць. Нават некаторыя, хто застаўся ў жывых, так і не даказалі сваё дачыненне да ўдзелу ў барацьбе супраць фашысцкіх акупантаў, не атрымалі ні ўзнагарод, ні заслужанай пашаны. Тайна пазначыла і прозвішча юнай  Сашы Ліневіч з вёскі Новыя Зелянькі. Зямля ўвабрала яе кроў, пакуты, нянавісць да ворага… Саша нібы аддалілася ад шматгадовых перапляценняў, якія ішлі вакол фотаздымка “Невядомай”, і жыве сярод землякоў у іх памяці.

Аляксандр Бушэнка

Заметили ошибку? Выделите текст, нажмите Ctrl+Enter и оставьте замечание!

Написать комментарий

Информация
Чтобы написать комментарий вам нужно авторизоваться или зарегистрироваться

Обращались ли вы за помощью в милицию?

Новости Червеня

Посмотрите, как в Червене снегом завалило дорогу

Хотите узнать больше? Страну завалило снегом. Ситуация на дорогах остается напряженной , а в Минской области и вовсе ввели план. ..

Под Червенем пьяный водитель разбил фургон об отбойник: на трассу высыпалось 1,5 тонны сыров

Хотите узнать больше? Медицинское освидетельствование водителя показало 2,3 промилле алкоголя.

Пьяный водитель отвлекся на телефон и сбил 6-летнего велосипедиста. Приговор суда

Хотите узнать больше? Водитель Peugeot, тяжело травмировавший 6-летнего велосипедиста в Червенском районе, получил 3 года колонии-поселения.

В Червенском районе горела фабрика валенок

Хотите узнать больше? В итоге повреждены станки и готовая продукция.

В Червенском районе Mazda насмерть сбила велосипедиста, который ехал посередине полосы

Хотите узнать больше? Причины и обстоятельства происшествия, а также личность погибшего устанавливаются.

В Червенском районе пьяный на Peugeot сбил 6-летнего велосипедиста

Хотите узнать больше? Мужчина водворен в ИВС Червенского РОВД, в отношении него возбуждено уголовное дело по ч. 2 ст. 317 УК Республики Беларусь.

В Червенском районе разрушился сезонный мост через реку

Хотите узнать больше? Теперь он будет закрыт для прохода людей и движения автомобилей.