Закрыть

Выберите свой город

Закрыть

Дзівак з Чудзіна, або Чаму шчаслівыя вершаў не пішуць

З Алесем Канстан­цінавічам я быў знаёмы больш за два дзясяткі гадоў. Шкадую, што не надта часта бачыліся ў апошні час, але і тых рэд­кіх сустрэч на гасціннай жабінкаўскай зямлі ці ў Брэсце, якія амаль заўж­ды заканчваліся творчымі спрэчкамі, хапае для таго, каб прыйсці да цвёрдай высновы: Алесь Каско — гэта велічыня ў сучаснай беларускай паэзіі.

— Маё сапраўднае про­звішча не Каско, а Казка, — удакладняў сваю біяграфію ў час адной з такіх сустрэч Алесь. — Ды я сам аб гэтым не ведаў да… 28-гадовага ўзросту. Уяўляеш? Толькі ў 1979 годзе, калі ўпершыню стаў адным з аўтараў ка­лектыўнай кніжкі “Нашчадкі”, мне бацька паведаміў. Ён па­круціў тады зборнік у руках, знайшоў там маё прозвішча і з папрокам спытаў: “Чаму ж ты не падпісаўся сваім прозвішчам?” Пакрыўдзіўся, значыць. А адкуль мне было ведаць, калі сам бацька ніколі мне пра гэта не казаў? А можа і казаў, толькі я не звярнуў увагі…

Нарадзіўся Алесь Кан­станцінавіч Каско 10 снеж­ня 1951 года ў драўлянай хатцы на ўскрайку вёскі Чудзін Ганцавіцкага раёна ў сялянскай сям’і.

— Усіх уражанняў ма­ленства не апішу, хоць і спрабаваў гэта неяк зра­біць у ганцавіцкай “раён­цы” ды потым у часопісе “Бярозка”, — расказваў неяк Алесь. — Памятаю з дзяцінства гушчэзны грыб­на-ягадны бор, паводку на рэчцы Лань, што ўвесну зрывала маснічыны ў хаце; кніжкі, якія браў у трох бібліятэках адразу; “зя­лёную школу”, у якую ўця­каў з занудлівых урокаў… А яшчэ запомніўся завуч Мікола Купрэеў, які напра­рочыў мне: “…чалавека з цябе не будзе”.

Выйшаў, можна ска­заць, у свет з самага эпі­цэнтра беларускай ма­ці-прыроды…

— Калі ў літаратурных даведніках пішуць, што я з сялянскай сям’і, — уносіў неяк чарговае ўдакладнен­не ва ўласную біяграфію Алесь Канстанцінавіч, — дык гэта напалову праўда.

Вось і вер пасля гэтага афіцыйным даведнікам! Ці, можа, тут хітрасць нейкая? Не сакрэт жа, што ў апош­ні час многія “рабочыя і сяляне” сталі прымазвацца да шаноўнага дваранства. Заўважаў жа я ў характа­ры Каско (ці Казкі?) пэўную шляхетнасць.

— Ну, вялікіх паноў сярод маіх продкаў не было, — смя­яўся ў адказ на мае сумненні Алесь. — А ўсё сялянскае за­ключаецца ў тым, што Казкі першыя ў Чудзіне атрымалі зямлю і вольніцу пасля ад­мены прыгоннага права. Вось тут праўда пра маё сялянскае паходжанне і за­канчваецца…

Алесеў дзед Рыгор быў гандляром коньмі, праз малазямелле нават свіней не трымаў, а купляў сала на базары. З той жа бед­насці старэйшага сына, Кастуся, Алесевага бацьку, аддаў у пастухі, а пасля — у шаўцы (у Чудзіне называлі “сапожнікі”). Маці Аксіння таксама была не з простых сялянак — першаю з дзвюх камсамолак у вёсцы і трак­тарысткаю, з-за чаго ўсю вайну хавалася ад немцаў і паліцаяў.

Жыхары суседніх вёсак гаварылі, што “чудзінцы — дзівакі”, маючы на ўвазе здольнасць да фантазіі, творчасці. А дзівакі, дума­ецца, па натуры павінны быць паэтамі.

Чудзін здаўна славіў­ся і сваімі выдатнымі ка­зачнікамі. Недалёка ад вёскі, на хутары, некалі жыў слынны беларускі этнограф, фалькларыст Аляксандр Сержпутоўскі, які сабраў на Палессі, за­пісаў і ў 1911 годзе выдаў зборнік казак. Такое багата насычанае народнай твор­часцю асяроддзе не магло не паўплываць на фарміра­ванне асобы Алеся Каско. Ён, як і яго знакаміты па­пярэднік, запісаў казкі зем­лякоў і ў 2001 годзе выдаў кніжку “Чыстага ўсё нячы­стае баіцца”.

А ў час вучобы ў мясцовай сярэдняй школе Алесь адчуў на сабе ўздзеянне апальна­га тады паэта-бадзяжніка Міколы Купрэева, які ня­доўга спрабаваў выклада­ць яму азы літаратуры… Як пісаў вядомы беларускі крытык Леанід Галубовіч, “з прыцягальнага балотна­га паху, з хісткай багністай засцярожанасці, з пры­сушанасці і спрамленасці дарог і сцежак паляшуц­кай долі — вось адкуль, засмоленае на сумленні і шчымлівай нервовай ноце, самотнае паэтычнае слова Алеся Каско”.

У літаратуру Каско прыйшоў у 1968 годзе, 17-гадовым юнаком. За­хапленне паэзіяй прывяло яго ў рэдакцыю Ганцавіц­кай раённай газеты “Са­вецкае Палессе”, на ста­ронках якой убачыў свет Алесеў першы надрукава­ны твор — верш “Прале­скі”. Галоўным рэдактарам газеты ў той час працаваў Васіль Праскураў, пры якім у “раёнцы” была выпе­ставана пляяда талентаў. Літаратурнае аб’яднанне “Рунь”, што існавала пры газеце, узначальваў паэт Віктар Гардзей. Алесь Каско згадваў калісьці, што і Васіль Праскураў, і Віктар Гардзей сталі яго першымі дарадцамі на шляху ў паэзію. Ён усё жыццё сябраваў з Вікта­рам, сваім старэйшым ка­легам па пяры. Сімвалічна, што прозвішчы іх змешча­ны побач на адмысловай скульптурнай кампазіцыі, усталяванай у Ганцавічах на Алеі пісьменства.

1968 год стаў для Але­ся Каско адметным яшчэ і тым, што ён паступіў на філалагічны факультэт Брэсцкага педагагічнага інстытута імя A. С. Пушкіна на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры.

– Чаму менавіта ў гэты інстытут? — успамінаў Алесь. — Дык я лічыў сябе ўжо амаль “класікам”. На­ват пісьмова заявіў, што я паэт — верш у “раёнцы” надрукаваў… Сёння само­му смешна, а тады думаў пра гэта ўсур’ёз. А калі шчыра, дык зараз разу­мею: той верш дарабіў Віктар Гардзей…

У студэнцкія гады лёс звёў яго з выдатным педа­гогам, вучоным, крытыкам і даследчыкам літаратуры, пісьменнікам Уладзімірам Калеснікам, які аказаў мо­цны ўплыў на маладога паэта, дапамог яму развіць творчыя здольнасці. I ўсё жыццё Алесь Каско лічыў яго сваім найлепшым на­стаўнікам.

Ды не толькі яго. Па­шанцавала Алесю — най­першым сябрам стаў Алесь Разанаў ды іншыя “цудоўныя” (сам так лічыў заўсёды) хлопцы-паэты: Мікола Пракаповіч і Алесь Зайка, потым пазнаёміўся з Міхасём Рудкоўскім, Ва­сілём Жуковічам… І Мікола Купрэеў (не спрарочыў!) начаваў нярэдка на яго­ным студэнцкім ложку. Не проста так: чыталі разам вершы (асабліва Лермантава і Багдановіча) і абмяркоўвалі тое, што прачытвалі.

— Больш за ўсё мне спадабалася манаграфія Івана Замоціна пра Максі­ма Багдановіча, — раска­зваў Алесь Канстанцінавіч. — Напэўна, пад яго ўздзе­яннем я мяняў працу пе­рыядычна (не падабалася доўга быць на адным мес­цы!). Рагазнянская вась­мігодка — настаўнік бела­рускай мовы і літаратуры, Чудзінская дзесяцігодка — нават нямецкую мову там выкладаў. Нічога не па­мятаю — хіба што дзецям казаў “зітцен зі бітте, калі ласка, кто сегодня отсут­ствует?” Разумееш? На трох мовах у адным сказе!

З-за прызыву на служ­бу ў Савецкую Армію ў 1971 годзе Алесь вымуша­ны быў перапыніць вучобу ў інстытуце. Калі вярнуў­ся з войска, зноў праца­ваў у Чудзінскай школе, працягваў вучыцца (ужо завочна) у педінстытуце. І зразумеў, што так нель­га — якім жа ты будзеш спецыялістам з завочнымі ведамі?

— Зайшоў да рэктара і кажу: альбо зноў на ста­цыянар, альбо ніяк. Дзякуй яму, зразумеў, ну і павіна­ваціў трохі. Ды і як ён мог мяне, амаль выдатніка, выключыць з інстытута за непаспяховасць? Вось так і пачаў вучыцца зноў, пры­тым на павышаную сты­пендыю… Мог, калі моцна хацеў! І друкавацца пачаў яшчэ больш, чым раней, да войска.

У 1974 годзе Уладзімір Калеснік накіраваў Алеся на Рэспубліканскі семінар маладых літаратараў у Ка­ралішчавічы.

— Ах, якія гэта былі дні! — настальгічна ўзгад­ваў Алесь Каско. — Мікола Пракаповіч, Алесь Емялья­наў, Алесь Гаўрон, Люба Турбіна, Таіса Бондар, Іван Стадольнік… Баюся, усіх і не прыпомню, з кім тады пазнаёміўся, пасябраваў… А над намі — Вядзьмак Лы­сагорскі, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, Анатоль Вяр­цінскі… Дарэчы, менавіта Анатоль Ільіч Вярцінскі па­крытыкаваў мяне тады за “красывость”, аднак аддаў адзін верш у “ЛіМ”, нават з партрэтам змясцілі…

Студэнцкага жыцця пасля войска Алесь амаль не памятаў. Адно толь­кі засталося. Закахаўся ў Людмілу. Яна і стала яго жонкаю на апошнім кур­се. Жылі да апошняга дня Алеся.

1984 год… Таксама ад­метная вяха на жыццёв­ым шляху. З Жабінкаўскай райгазеты перайшоў на абласное тэлебачанне. Тут працаваў яго добры сябра Мікола Пракаповіч, які і ўзяў паэта ў сваю рэдакцыю. У 1991 годзе выбралі сакратаром (ці старшынёй? — і сам не ведаў, як яго пасада тады называлася) Брэсцка­га абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў, трэ­цім па пераемнасці пас­ля Уладзіміра Калесніка і Міколы Пракаповіча.

— Што зрабіў на гэтай пасадзе? Ды так — тое-сёе… Пры мне ўступілі ў Саюз пісьменнікаў больш чым 10 чалавек, ні за каго і сёння не сорамна… З Уладзімірам Базаном за­снавалі літаратурную се­рыю “Берасцейскае во­гнішча”, у якой выйшла 10 кніжак… Рупіўся, каб вартасна была ўшанава­на памяць найвыдатней­шых папярэднікаў — Аляк­сандра Сержпутоўскага, Якуба Коласа, Уладзіміра Калесніка, Васіля Праску­рава, Міхася Рудкоўскага… Гэта, калі казаць коратка і зважаць на сціпласць або нясціпласць (і першае, і другое — аднолькавая хва­роба пісьменнікаў)…

Галоўнай сваёй кніж­кай Алесь лічыў “Час пры­сутнасці”. І дзякаваў за яе Уладзіміру Паўлаву і Ва­сілю Зуёнку, якія кіравалі тады Саюзам пісьмен­нікаў і вылучылі кнігу на Літаратурную прэмію імя Аркадзя Куляшова. Гэта было вельмі важна для Алеся, для якога імя Ар­кадзя Куляшова заўсёды стаяла побач з Максімам Багдановічам і Міхаілам Лермантавым — любімымі паэтамі.

…Свае першыя вершы ў рэспубліканскім друку Алесь Каско апублікаваў у 1970 годзе. Потым іх было шмат. Ён аўтар каля дзя­сятка зборнікаў паэзіі.

Рэдактарам паэтычна­га зборніка “Нічога больш” Алесь прапанаваў быць мне. Я, вядома ж, пагадзіў­ся, палічыў такую прапа­нову за вялікі гонар, хоць і здагадваўся, з якімі цяжкас­цямі давядзецца сутыкнуц­ца — ведаў прынцыпо­васць Каско ў адносінах да сваёй творчасці. Як у ваду глядзеў! Прачытаў я падрыхтаваны для выда­вецтва тэкст і кажу Алесю: няправільная назва. Што значыць — нічога больш? Жыцця не будзе? Пісаць не будзеш? Ты няправіль­на зразумеў, кажа. Пісаць буду, проста лепш ужо не напішу. Вядома, думаю, Лермантаў у 27 загінуў, Багдановіча ў 24 не ста­ла… А Алесю ўжо за 60… Што з гэтым рабіць? Тым не менш вершы ў зборніку “Нічога больш”, на мой по­гляд, нашмат мацнейшыя, чым тыя, якія Каско пісаў у маладосці. Аб гэтым мне, дарэчы, гаварыў і вядомы берасцейскі паэт Васіль Дэбіш…

Так і не здолеў перака­наць Алеся змяніць назву кніжкі. Такі характар упар­ты…

Не кожнаму творцу ўда­ецца паказаць праўду жыц­ця роднага краю, прычым вобразна, маляўніча, ярка, прапусціўшы кожнае слова праз уласнае сэрца, праз свой душэўны і фізічны боль, выказаць тым са­мым і самога сябе…

Паэту Алесю Каско гэта ўдалося. Як сам сказаў у адным са сваіх інтэрв’ю, “…я ніколі не крывіў душой у вершах і быў сумленны ў сваёй паэзіі”.

Вячаслаў БУРДЫКА,

член Саюза

пісьменнікаў

Беларусі.

Бывай, дарагі

Алесь Канстанцінавіч!

Два тыдні не дажыў да свайго 66-годдзя наш зямляк, адзін з найлепшых сучасных беларускіх паэтаў Алесь Канстанцінавіч Каско.

Нарадзіўся ён у вёсцы Чудзін Ганцавіц­кага раёна 10 снежня 1951 года. Скончыў Чудзінскую сярэднюю школу, аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагіч­нага факультэта Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна. Служыў у Са­вецкай Арміі. Працаваў настаўнікам у род­най вёсцы, карэспандэнтам Жабінкаўскай раённай газеты “Сельская праўда”, газе­ты “Звязда”, на абласным тэлебачанні, а з 1991 года ўзначальваў Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў.

Першы свой верш “Пралеска” Алесь Каско апублікаваў у Ганцавіцкай раённай газеце “Савецкае Палессе” ў 1968 годзе. Потым былі шматлікія публікацыі ў аблас­ным і рэспубліканскім друку, выхад паэтыч­ных зборнікаў “Вестка”, “Скразная лінія”, “Набліжэнне”, “45”, “Трохкроп’е”, “Свой камень”, “Нічога больш”, “Прыадхінуты не­басхіл” і іншыя. У 1994 годзе за паэтычны зборнік “Час прысутнасці” атрымаў Літара­турную прэмію імя Аркадзя Куляшова. На яго творчым рахунку таксама абласная літа­ратурная прэмія імя Уладзіміра Калесніка і Мядовая прэмія.

Алесь Каско быў выдатным паэтам, празаікам, перакладчыкам, журналістам, а яшчэ ўмеў сябраваць, кахаць, любі­ць Радзіму, шанаваць родную беларускую мову. Таму Алесь Канстанцінавіч назаўсё­ды застанецца ў памяці ўсіх, хто яго ведаў. Бывай, Алесь!

Дзівак з Чудзіна, або Чаму шчаслівыя вершаў не пішуць

Заметили ошибку? Выделите текст, нажмите Ctrl+Enter и оставьте замечание!

Написать комментарий

Информация
Чтобы написать комментарий вам нужно авторизоваться или зарегистрироваться

Обращались ли вы за помощью в милицию?

Новости Ганцевичей

Когда можно попасть на прием к руководству Ганцевичского РОВД?

Хотите узнать больше? График приёма граждан и представителей юридических лиц руководством Ганцевичского РОВД в 1-м квартале 2021 года № п/п Должность Приемный день

26 октября можно пообщаться с первым заместителем начальника Ганцевичского РОВД

Хотите узнать больше? 26 октября состоится «прямая телефонная линия» с первым заместителем начальника Ганцевичского РОВД майором милиции Лукьянчиком Максимом Ивановичем

27 октября состоится «прямая телефонная линия» с начальником отдела внутренних дел Ганцевичского райисполкома

Хотите узнать больше? 27 октября состоится «прямая телефонная линия» с начальником отдела внутренних дел Ганцевичского райисполкома подполковником милиции Кулешовым

Вниманию получателей пенсий (пособий): РУП "Белпочта" организует выплаты почтальоном на дому

Хотите узнать больше? Вниманию получателей пенсий (пособий): РУП "Белпочта" организует выплаты почтальоном на дому Уважаемые получатели пенсий (пособий)! С целью создания

Социальная служба готова оказать помощь одиноким пожилым гражданам и инвалидам по доставке продуктов питания и лекарств на дом

Хотите узнать больше? Социальная служба готова оказать помощь одиноким пожилым гражданам и инвалидам по доставке продуктов питания и лекарств на дом Социальная служба

В Ганцевичском РОВД наградили лучших сотрудников (фото)

Хотите узнать больше? Сегодня, 27 марта, в Ганцевичском РОВД в рамках празднования 80-летия со дня образования отдела внутренних дел Ганцевичского райисполкома прошло

В урочище Горки появится «спортивная» аллея

Хотите узнать больше? В рамках акции «Неделя леса-2020» спортивная общественность Ганцевщины в урочище Горки высадила около 1000 саженцев сосны.Подробности — в ближайшем

Полный вперед! В ОАО «Возрождение» сеют овес и однолетние культуры

Хотите узнать больше? На Ганцевщине активно набирает обороты посевная кампания-2020. Несмотря на то, что минувшие выходные выдались довольно прохладными и работы на полях