Закрыть

Выберите свой город

Закрыть

ЗАРУЧАНЫЯ ЛЁСАМ…

Пасекі… У якім жа надзвычай маляўнічым месцы нашай Ганцаўшчыны, літаральна пад бокам у райцэнтра, размясцілася гэтая невялічкая вёсачка! Сапраўды райскі куточак прыкмецілі некалі для свайго пражывання яе першыя пасяленцы. З аднаго боку адзіную ў Пасеках вуліцу з дванаццаццю дамамі  атуляе, нібы аберагае ад вятроў-скразнякоў, цяністы лес, з другога — да  яе прылягаюць невялічкія лапінкі палёў. Яшчэ нядаўна тут красавала збажына, наліваліся тугімі зярнятамі каласы, пахла даспелай збажыной. Зараз свежаўзараны клін адпачывае — да новай сяўбы. А за ім — зноў-такі густалісты, кашлаты лясок.

Некалькі дарог вядзе з райцэнтра ў Пасекі. Адна — паўз суседнюю Ельню, вузенькая, за многія дзясяткі гадоў туга ўбітая людскімі падэшвамі. Другая — шырокая, нават заасфальтаваная — паўз гарадскія могілкі, праз гаманкі бор, які падступае да самых хат. Яна і зліваецца з вясковай вуліцай, названай імем слаўнага касманаўта Гагарына. Вуліца ж зусім зямная, кароценькая, чысценькая, сцішаная, з усімі яе сельскімі  атрыбутамі: асеннімі кветкамі паўз платы, са звісаючымі над штыхецінамі  галінкамі пладовых дрэў, слодычным водарам спелых яблык і чарнасліву.

“Ці ж не рай?” — запытальна-сцвярджальна вымаўляе рэдакцыйны вадзіцель Трафімавіч, выходзячы з “Нівы” і захоплена акідаючы позіркам наваколле. “Рай, сапраўдны казачны рай”, —  рэхам адгукаецца і ў маім сэрцы яго шчырае захапленне. Трафімавіч не раз бываў у гэтых мясцінах. Я ж упершыню адкрывала для сябе Пасекі, гэты непаўторны куточак маёй Ганцаўшчыны. Толькі не шукайце, паважаныя чытачы, на карце нашага краю гэтую вёсачку з такой прыгожай назвай, яе больш няма на ёй: проста гадоў дзесяць таму назад сталі Пасекі… вуліцай Гагарына вёскі Ельня.

“Але наша вёска ніколі не памірала, яна жыве, — расказвае пра дарагі і такі любы  сэрцу куточак адзін з яе жыхароў Іван Нічыпаравіч Чурак, да якога мы завіталі надоечы ў госці. — У нас ніводзін з дванаццаці дамоў не пустуе, ва ўсіх хтосьці цепліць, аберагае родны ачаг, — нібы заступаючыся за свае маўклівыя Пасекі, нібы апраўдваючыся за чыёсьці рашэнне заўчасна “пахаваць” гэтую вёсачку, пераконвае ён. І ўпэўнена дадае: — Думаю, і не пуставацьмуць, хтосьці з дзяцей будзе падтрымліваць цяпельца ў гэтых хатах”.

Веру свайму субяседніку, бо прыкмячаю: прасторныя хаты, пабудаваныя па-гаспадарску, трывала, на вякі, не сірацінамі, а сапраўднымі гаспадынямі стаяць на гэтай, хай сабе і супясчанай, не надта ўрадлівай  зямлі. Стаяць моцна, упэўнена, адкрыта, нібы чысты перад людзьмі і ўласным сумленнем чалавек. Бо душой адчуваю, у вачах Нічыпаравіча і яго жонкі-прыгажуні Валянціны  Віктараўны бачу: жывуць у сэрцах гэтых людзей менавіта іх дарагія  Пасекі. Нават гарадская кватэра ў шматпавярховым доме, якую атрымала ў свой час сям’я Чуракоў, не спакусіла іх сваёй добраўпарадкаванасцю, выгодамі. Параіліся на сямейнай нарадзе і вырашылі аддаць яе ўнучцы. А самі засталіся жыць у Пасеках, у хаце, якую пабудавалі некалі бацькі Івана Нічыпаравіча. Яму быў усяго гадок, калі яны пераехалі ў новую хату з Ельні, дзе жылі да гэтага і дзе нарадзіўся іх Ванька.

Шэсцьдзясят шэсць гадоў жыве тут І. Н. Чурак, сорак пяць з іх — са сваёй спадарожніцай жыцця Валянцінай Віктараўнай, маладжавай, стройнай, нібы дзяўчына-бярозка, рухавай жанчынай. Сам наследнік бацькоўскай хаты, ён перадаў яе свайму сыну, а з Віктараўнай паставілі побач, у двары, невялічкую  хатку, у якой хораша і ўтульна пажылым людзям, якія ўсё сваё жыццё жылі з уласнага мазаля, на поўную сілу, сумленна працавалі на сваіх рабочых месцах і заслужылі поўнае права спакойна займацца хатнімі справамі, любавацца прыгажосцю палаючай рознымі фарбамі восені, на поўныя грудзі наталяцца водарам чыстага паветра. Каля хаткі мы і засталі гэтую сямейную пару, якая адзначыла ўчора сваё сапфіравае вяселле. На дарожцы перад хатай выцягнуўся таўсматы, дагледжаны кот — грэўся пад лагоднымі промнямі вераснёўскага сонца. Супакоіліся па звычнай камандзе гаспадара два галасістыя сабачкі, якія дружным лаем сустрэлі незнаёмых людзей.

Садзімся за ўтульны столік, што змайстраваў  у двары гаспадар. Віншую Івана Нічыпаравіча і Валянціну Віктараўну з 45-годдзем іх сумеснага жыцця і цікаўлюся, ці не забабоннае чысло 13? (Менавіта 13 верасня і распісаліся маладыя па ініцыятыве  жаніха). “А як вы думаеце, — дапытліва-гарэзліва адказаў пытаннем на пытанне жартаўлівы па характары гаспадар, — калі сорак пяць гадоў жывём разам?”.

“У сямейным жыцці ўсяго бывае, — працягвае размову Віктараўна. І, крыху памаўчаўшы, дадае: — Галоўнае, каб не разбілася лодка ў жыццёвым моры праблем”. “А як утрымаць яе?” — шукаю ў ветэранаў шлюбнага жыцця паратунку ў моры праблем для сябе  і для іншых людзей. І чую простую, умудроную жыццёвым вопытам параду гаспадара: “Саступаць адзін аднаму трэба. Калі хто з дваіх не саступіць у той ці іншай сітуацыі, і жыцця не будзе”.  “Цярпеннем і ўзаемаразуменнем”, — дадае ў мужаў рэцэпт выпрабаваны жыццём і часам “інгрэдыент” яго палавінка.

З гэтымі любімымі “прыправамі” і ляцяць непрыкметна гады-скараходы сумеснага жыцця Чуракоў. Іван Нічыпаравіч і Валянціна Віктараўна гасцінна частуюць нас духмянымі цёмна-сінімі, ледзь не чорнымі, слівамі, чырванабокімі яблыкамі, што растуць у іх садзе, згадваюць адляцеўшыя так хуткаплынна гады…

Іван у дванаццаць гадоў застаўся без бацькі. З малых гадоў разам з братам падстаўлялі свае кволыя дзіцячыя плечы матулі. У бацькоўскую хату і сваю Валянціну пасля вяселля  прывёў. А пазнаёміўся з ёю на танцах у Любашаве. Сярод дзяўчат гэтай вёскі адразу прыкмеціў танклявую смуглянку з прыгожай касой. Запрасіў на танец раз, другі, трэці, напрасіўся дамоў аж на Крачатоўшчыну правесці. А праз пэўны час і вяселле згулялі. Дагледзелі разам старасць Іванавай матулі, па-людску пахавалі яе.   “Як  упрогся ў работу ў сямнаццаць з паловай гадоў, адразу пасля   заканчэння сярэдняй школы, так сорак тры гады працоўнага стажу і атрымаў, — нібы перамотвае ў памяці стужку жыцця Нічыпаравіч. — На розных работах працаваў: і слесарам на агародніна-сушыльным камбінаце, і лабарантам у школе, а заадно і гадзіны працоўнага навучання вёў. Але найбольш вабіла прафесія вадзіцеля. Здаў на правы і сеў за руль надоўга”.

Сёмы год, як на пенсіі, а за руль часцяком бярэцца: ёсць у Чуракоў уласны “Жыгуль”, на ім Нічыпаравіч з жонкай і да дачкі ездзяць, і па прадукты ў райцэнтр, і аднавяскоўцаў, калі трэба, у бальніцу падвозяць. І ў адзін голас дзякуюць старшыні сельвыканкама Уладзіміру Гардзею за яго шчыры клопат аб жыхарах Пасек — даруйце, не магу назваць імя другой вёскі — за тое, што дзякуючы яго старанням да вёскі пракладзена добрая дарога, што двойчы на тыдзень прыязджае аўталаўка, што не абдзелены вяскоўцы ўвагай. А назва — яна застанецца ў людскіх сэрцах да скону…

“А які рацыяналізатар Нічыпаравіч!” — падказвае мне Трафімавіч. Наўрад ці прызнаўся б сціплы працаўнік пра свае рацыяналізатарскія здольнасці, калі б не наш рэдакцыйны вадзіцель. Цэлы стос пасведчанняў мае І. Н. Чурак. А які эканамічны эфект мелі яго новаўвядзенні! Вось некалькі з іх: калісьці ў райбыткамбінаце, дзе працаваў Іван Нічыпаравіч,  увялі паслугу па распілоўванні дроў. Марудная і нялёгкая справа, калі рабіць гэта ўручную. Кемлівы Нічыпаравіч зрабіў да трактара насадку з бензапілы,  і за дзень можна было, як кажуць, гуляючы распілаваць 50 — 60 кубоў дроў. Ён для быткамбіната і станок для хуткага, зручнага і нестамляльнага для людскіх рук  перамервання тысячаметровых рулонаў тканіны прыдумаў. І гэта далёка не ўсе рацыяналізатарскія прапановы гэтага ўдумлівага, здольнага чалавека. Нездарма добрымі словамі ўспамінаюць свайго “Кулібіна” яго калегі па працы, уладальнікі аўтамабіляў, якім дапамагаў выяўляць і выпраўляць непаладкі І. Н. Чурак. Ён і цяпер бачыць нутро машыны наскрозь, свайму немаладому “Жыгульчыку” жыццё прадоўжвае…

А яго палавінка  Валянціна, бадай, усё жыццё адпрацавала на хлебазаводзе: была і пекарам, і фармоўшчыцай, і ўкладчыцай. Шчыра, адказна выконвала свае абавязкі. Працавала па зменах, з райцэнтра да Пасек у любы час сутак дабіралася.

Не згледзелі, як у рабоце, у хатніх клопатах гады праляцелі. Маюць Іван Нічыпаравіч і Валянціна Віктараўна  двух унукаў, дзве ўнучкі. Шчыра прызнаюцца, што ім на пенсіі няма калі сумаваць: захочаш знайсці справу рукам — знойдзеш, захочаш працаваць — без работы не будзеш. Вось  такая жыццёвая пазіцыя гэтых простых, сціплых вясковых людзей, іх галоўная мараль.

…Сабачка і кот падбеглі да Нічыпаравіча і Віктараўны, труцца аб іх ногі. Гаспадары прыселі, лашчаць гэтых сваіх любімцаў. Ці ж  не сямейная ідылія? Ці ж не самая шчодрая плата за цярпенне, за ўменне саступаць адно другому, дараваць крыўды, разумець душэўны стан? І разам, у пары,  адольваць няпрошаныя праблемы выкрунчастага шляху пад назвай “жыццё”…

Чаго ж пажадаць вам, мае новыя знаёмыя, з нагоды сапфіравага вяселля? Перш-наперш — здароўя, спакою на кожным міліметры вашай жыццёвай вярсты. І няхай дае вам Бог адольваць яе лёгка і абавязкова разам. Сустрэньце яшчэ і залатое, і брыльянтавае вяселлі. І хай будуць побач з вамі родныя і надзейныя сябры. 

Марыя ШЧАЎКУН.

НА ЗДЫМКУ: сапфіравыя юбіляры Валянціна і Іван Чуракі.

Фота аўтара.

ЗАРУЧАНЫЯ ЛЁСАМ…

Заметили ошибку? Выделите текст, нажмите Ctrl+Enter и оставьте замечание!

Написать комментарий

Информация
Чтобы написать комментарий вам нужно авторизоваться или зарегистрироваться

Обращались ли вы за помощью в милицию?

Новости Ганцевичей

Когда можно попасть на прием к руководству Ганцевичского РОВД?

Хотите узнать больше? График приёма граждан и представителей юридических лиц руководством Ганцевичского РОВД в 1-м квартале 2021 года № п/п Должность Приемный день

26 октября можно пообщаться с первым заместителем начальника Ганцевичского РОВД

Хотите узнать больше? 26 октября состоится «прямая телефонная линия» с первым заместителем начальника Ганцевичского РОВД майором милиции Лукьянчиком Максимом Ивановичем

27 октября состоится «прямая телефонная линия» с начальником отдела внутренних дел Ганцевичского райисполкома

Хотите узнать больше? 27 октября состоится «прямая телефонная линия» с начальником отдела внутренних дел Ганцевичского райисполкома подполковником милиции Кулешовым

Вниманию получателей пенсий (пособий): РУП "Белпочта" организует выплаты почтальоном на дому

Хотите узнать больше? Вниманию получателей пенсий (пособий): РУП "Белпочта" организует выплаты почтальоном на дому Уважаемые получатели пенсий (пособий)! С целью создания

Социальная служба готова оказать помощь одиноким пожилым гражданам и инвалидам по доставке продуктов питания и лекарств на дом

Хотите узнать больше? Социальная служба готова оказать помощь одиноким пожилым гражданам и инвалидам по доставке продуктов питания и лекарств на дом Социальная служба

В Ганцевичском РОВД наградили лучших сотрудников (фото)

Хотите узнать больше? Сегодня, 27 марта, в Ганцевичском РОВД в рамках празднования 80-летия со дня образования отдела внутренних дел Ганцевичского райисполкома прошло

В урочище Горки появится «спортивная» аллея

Хотите узнать больше? В рамках акции «Неделя леса-2020» спортивная общественность Ганцевщины в урочище Горки высадила около 1000 саженцев сосны.Подробности — в ближайшем

Полный вперед! В ОАО «Возрождение» сеют овес и однолетние культуры

Хотите узнать больше? На Ганцевщине активно набирает обороты посевная кампания-2020. Несмотря на то, что минувшие выходные выдались довольно прохладными и работы на полях