Як шляхта каляды спраўляла
Аж да 18 стагоддзя галоўным зімовым святам у беларусаў былі Каляды. Выраз жа “Новы год” не ўжываўся беларусамі аж да эпохі Асветы, гэта значыць, да другой паловы 18 стагоддзя.
Хоць самі гэтае свята ў сучасным яго разуменні тады ўжо сустракалі, аднак звалі яго Сільвестрам – у гонар Дня святога Сільвестра, якое выпадала якраз на 31 снежня.
Як і цяпер, тагачаснае грамадства было падзеленае – праваслаўныя карысталіся адным календаром, каталікі – другім. Бок апошніх прынялі і ўніяты. Аднак варта адзначыць, што колькасць праваслаўных сярод арыстакратыі няўмольна скарачалася і да канца 18 стагоддзя звялася да досыць мізэрнага працэнта... Таму нараджэнне Хрыста ў цэлым сустракаў “народ шляхецкі” разам з заходнімі суседзямі.
“Ціхая ноч, святая ноч…”
Да святкавання Калядаў у шляхецкіх дварах рыхтаваліся яшчэ з позняй восені, загадзя складаліся спісы страў, рабіліся запасы. Таму само святкаванне дзівіла сваім размахам.
Пачынала святы вігілія – куцця. У гэты дзень, калі ўжо цямнела, сам гаспадар ці хтосьці з падручных выходзіў на вуліцу, каб паглядзець, ці не запалілася першая зорка, пасля чаго можна было садзіцца за стол. Перш чым прыняцца за трапезу, нашы продкі дзяліліся адзін з адным аплаткай. Першым разломваў аплатку галава роду, затым астатнія, паводле старшынства і месца ў родавай іерархіі. Часам гэтыя аплаткі нават перасылаліся з адной сядзібы ў іншую сваякам і сябрам. Затым у шляхецкіх і магнацкіх сем’ях абавязкова зачытваліся ўрыўкі з Евангелля – тая частка, дзе гаворка ішла аб Калядах. Часцей за ўсё гэта былі вобразна напісаныя ўрыўкі з Евангелля ад Лукі.
Звярталі ўвагу і на тое, хто прысутнічаў за сталом. Лічылася, што трынаццаць удзельнікаў – нешчаслівая кампанія, бо трынаццаты будзе на месцы апостала-здрадцы Юды, чаго, зразумела, нікому не хацелася. Таксама, як і ў сялянскіх хатах, за сталом магло пакідацца незанятае месца – для душ продкаў, што далучаюцца да святочнага застолля.
Што ж да каляднага стала, то тут было абавязковае патрабаванне – 12 страў, прычым усе яны павінны былі быць поснымі. Але гэта не азначала, што стол быў сціплы і пусты. У магнатаў, напрыклад, уся пададзеная рыба ва ўсякім магчымым і немагчымым выглядзе магла лічыцца толькі за адну страву. А рыба падавалася і смажанай, і фаршыраванай, і салёнай...
Рыбныя сталы былі вельмі багатыя, паколькі сажалкі былі ў кожнай вёсцы, таксама селядцы завозілі ў Беларусь з Рыгі або Гданьска ўжо з 16 стагоддзя. Да таго ж гэты прадукт меў і сакральны сэнс: у хрысціянскай сімволіцы рыба – алегорыя Хрыста. Праўда, бедная шарачковая шляхта часам не магла наскрэбці на стол абавязковы тузін страў, таму звярталася да іншых сімвалічных лічбаў – 9, 7 – колькі ставала сродкаў.
Аднак самае істотнае адрозненне – куцця праходзіла без спіртнога, яго ўжыванне лічылася вялікім грахом.
Пасля вігіліі надыходзіў час для выправы на начную калядную службу ў касцёле – пастэрку. Для гэтага і моладзь, і старэйшыя апраналі багатае адзенне, запрагалі ў сані сваіх лепшых коней, імкнучыся бліснуць перад суседзямі, якія з усіх куткоў прыходу з’язджаліся да касцёла. Затое на другі дзень можна было адаспацца і пад’есці – скаромны пачастунак і бесшабашны разгул ужо дазваляўся.
“Панаехала гасцей…”
У 18 стагоддзі ўвайшлі ў моду кулігі, але гэта істотная рыса культуры ўжо не сялянскай – шляхецкай. Куліг – гэта калі кампанія шляхцюкоў, часам з кабетамі і слугамі, сядала ў санкі і накіроўвалася ў госці да кагосьці з суседзяў. Там ужо гулялі два-тры дні запар – пакуль не з’ядалася і не выпівалася ўсё, што было ў хаце. Тады, прыхапіўшы гаспадара хаты, ехалі далей.
Часам гэта гульня працягвалася ад Каляд да Вялікага посту – пакуль не аб’язджалі ўсе маёнткі ў акрузе. І калі багатыя шляхціцы маглі дазволіць сабе карміць-паіць такую чараду на працягу некалькіх дзён, то збяднелай шляхце гэта было ці ледзь пад сілу. Аднак невыпадкова з тых часоў стала вядомая такая прымаўка: пазыч, а пастаў на стол!
Нам, нашчадкам, застаецца толькі дзівіцца моцы вантробаў тагачасных ліцвінаў. Тлустыя і цяжкія стравы старапольскай і старабеларускай кухні суправаджаліся непамернай колькасцю разнастайнага алкаголю.
“Пакланенне Вакху”, напрыклад, набыло у 18 стагоддзі пачварныя памеры. Пілі вялізнымі “куляўкамі” – келіхамі без ножкі, якія нельга было паставіць, – венгерскае, бургундскае і іспанскае віно, крыху меншым посудам – “гданскую” гарэлку, хатнія “лікворы” (лікёры, настойкі), шкляніцамі – піва і бражку. Знаходзіліся аматары, якія за гадзіну жартам праглыналі цэлы “кош шампанскага віна”.
Зрэшты, калі дрэнна пачастуеш, маглі не толькі выказаць незадавальненне – здаралася, што ў ход пускалі і кулакі або, тым больш, шаблі. У той час добрая гулянка магла скончыцца нават пахаваннямі, што, аднак, нікога моцна не засмучала. Лічылася: добра пагулялі.
А адправіўшы кагосьці да Абрама на піва, гулялі яшчэ раз і ўжо на памінках адпраўлялі ўслед за першым другога, каб ён распавёў, як таго шкадавалі, калі хавалі, і як шмат потым было зноўку выпіта…
Фантастычнымі застоллямі і забавамі славіліся, безумоўна, Радзівілы, ад іх стараліся не адставаць іншыя магнаты: Сапегі, Чартарыйскія... У Радзівілаў, напрыклад, Каляды святкавалі ў літаральным сэнсе тыднямі – ужо і Сільвестр, гэта значыць Новы год, наступіў, а госці да Радзівілаў усё яшчэ прыязджалі-з’язджалі.
Шляхецкія забавы
Можна скласці цэлы каталог забаў 18 стагоддзя, сярод якіх, апроч звычайных танцаў ды застолляў, папулярнымі былі гульні – “нівіны” (нешта кшталту фантаў), а таксама карты ды іншыя азартныя забавы.
Але найбольш відовішчнымі былі карузэлі і маскарады. Тагачасная “карузэль” – гэта працяг рыцарскіх турніраў, гэткае шоу-спаборніцтва. У 18 стагоддзі рыцары перасталі біцца паміж сабою і спаборнічалі, дэманструючы сваё майстэрства часам з дапамогай вельмі хітрых прыстасаванняў.
У 18 стагоддзі самай папулярнай забавай сталі маскарады, якія ладзілі літаральна на ўсе святы. З сярэдзіны 18 стагоддзя з’яўляецца такая форма, як рэдуты. Вось як апісвае рэдуты Анджэй Кітовіч:
“Забава рэдутаў была траякаю — танец, гульня ў карты і прыгляданне іншым. Ходзячы па пакоях там і сям, розныя маскі адны на другіх нападалі ў добрым сэнсе, і казалі, хто ёсьць пад маскаю. Той жа, хаваючы сваю асобу, круціў галавой і не сваім голасам адмаўляўся таго, кім яго падазравалі. На зламанне сораму маладыя людзі мелі такі спосаб: апроч заляў і пакояў публічных, антрэпрэнэры захоўвалі асобныя пакоі пад сваімі ключамі. Замаскіраваны кавалер прасіў ключ да такога пакоя, і даваў пяць-шэсць альбо болей чырвоных злотых, кажучы, што хоча наасобку выпіць бутэльку з прыяцелем, ці ў карты пагуляць. Антрэпрэнэр, не ўваходзячы ў высвятленне таго інтарэсу, бо добра яго разумеў, даваў ключ”.
У даўняй шляхце дзіўным чынам суіснавала гарачая набожнасць і дзікая распуста, высакароднасць і подласць, праўдзівыя цноты і пустая пыха. У адным цяжка адмовіць – у сапраўдным размаху пачуццяў і спраў, якія выклікаюць здзіўленне і захапленне ў нас, нашчадкаў.
Написать комментарий
Обращались ли вы за помощью в милицию?
Объявления
Подключение стиральных и посудомоечных м...
30 бел.руб.
17:07, 03.02.2023Устранение засоров в Минске. 8(044)59683...
35 бел.руб.
17:07, 03.02.2023Замена смесителя. 8(044)5968381
25 бел.руб.
17:07, 03.02.2023Ремонт санузла и ванной комнаты. Минск....
30 бел.руб.
17:07, 03.02.2023Сантехнические работы в Минске 8(025)74...
20 бел.руб.
17:07, 03.02.2023