Гісторыя сялянства Беларусі ў працах польскіх гісторыкаў
Насельніцтва Паўночна-заходняга краю Расійская імперыі прадстаўляла з сябе мазаіку розных нацыянальнасцей, этнічных і сацыяльных груп. Адной з галоўных этнічных груп, пражываючай на гэтых землях, былі безумоўна беларусы, сярод якіх пераважала сялянскае насельніцтва.
Польскія гісторыкі даволі падрабязна даследавалі ролю і месца сялянства ў сацыяльна-эканамічным жыцці Беларусі ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. Акрамя гэтага шмат увагі яны надавалі вывучэнню праблемы фарміравання нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа ў акрэслены час.
На нашу думку, аналіз польскай гістарыяграфіі дадзенага пытання неабходна пачаць з публіцыстыкі прадстаўнікоў краёвага руху. Адна з лідэраў гэтага грамадска-палітычнага накірунку - Канстанцыя Скірмунт, выступаючы на старонках газеты “Літоўскі кур’ер”, характарызавала сітуацыю на беларускіх землях наступным чынам: “Беларускі народ імкнецца арганізаваць нацыянальны адукацыйны працэс, і ў гэтай сітуацыі шляхта Паўночна-заходняга краю і яе палітычныя арганізацыі (Stronnictwo krajowe Litwy i Bialejrusi) павінна “закідаць” край тысячамі беларускамоўных падручнікаў, а таксама працягваць працэс стварэння беларускіх школ”, - адзначала К. Скірмунт [1; с. 3].
Акрамя гэтага, публіцыстка падкрэслівала, што неабходна было развіваць і эканамічны сектар. “Трэба падняць на вышэйшы ўзровень сельскую гаспадарку і прамысловасць. А рабіць гэта трэба разам з дробнай шляхтай і сялянствам [1; с. 3]”, падкрэслівала яна.
Адметнай рысай прац К. Скірмунт была глыбокая вера ў сілы беларускага сялянства. Разам з тым, публіцыстка не ўдзяліла ўвагі аспекту ўвядзення беларускай мовы ў набажэнствах у касцеле.
Між тым, ў пачатку XX ст. узнікае і гэта пытанне. Яго ўзнімалі як урадавыя структуры, якія бачылі ў гэтым пераходны этап дзеля ўвядзення ў касцёл рускай мовы, так і прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі.
Даволі цікавай і карыснай, на наш пункт гледжання, з’яўляецца манаграфія Т. Грабоўскага “Рускае праўленне ў Белай Русі”. У даследаванні гісторык зрабіў аналіз нацыянальнай, культурнай, рэлігійнай і эканамічнай палітыкі расійскіх улад у беларускіх губернях Паўночна-заходняга краю Расійскай імперыі.
Т. Грабоўскі падкрэсліваў, што беларускае сялянства аказалася ў вельмі цяжкіх умовах. Пасля ліквідацыі ўніяцкай царквы беларусы страцілі апошнюю магчымасць абароны перад гвалтоўнай русіфікацыяй[2; с. 45].
Беларусь, па меркаванню Т. Грабоўскага, стала арэнай барацьбы польскіх і расійскіх уплываў, а ахвярай гэтай барацьбы быў безабаронны беларускі селянін [2; с. 45]. Аднак польскі даследчык азначаў, што нягледзячы на неспрыяльныя для нацыянальнага самавызначэння ўмовы, беларускае сялянства вытрымала гэты ціск.
Апошні раздзел працы Т. Грабоўскага называўся “Жыў беларус і жыць будзе”. У ім адзначалася, што значную ролю для нацыянальнага станаўлення беларусаў адыграла сялянская інтэлігенцыя, а таксама беларуская літаратура і паэзія, якая свае карані брала ў вёсцы [2; с. 56].
Трэба аднак падкрэсліць, што некаторыя прадстаўнікі руху краёўцаў лічылі, што працэс развіцця беларускай мовы і культуры інспірыраваны царскай адміністрацыі і накіраваны на то, каб адарваць беларусаў ад палякаў.
Ужо ў часы ІІ Рэчы Паспалітай польскія гісторыкі і публіцысты вярнуліся да разгляду праблем, звязаных з беларускім этнасам. Адной з яскравых постацяў польскай публіцыстыкі 20-30 гг. XX ст. быў У. Студніцкі.
У сваей манаграфіі “Статыстычна-эканамічны агляд паўночна-ўсходніх зямель” даследчык правёў падрабязны аналіз складу насельніцтва Беларусі ў другой палове XIX - пачатку XX ст.
Аўтар падкрэсліваў, што нягледзячы на тое, што ў беларусаў не было сваей дзяржавы (польскі публіцыст адмаўляў беларусам права на спадчыну Вялікага Княства Літоўскага і аддаваў яе літоўцам) беларускі этнас сумеў выкрысталізавацца і сфарміравацца, як асобны народ [3; с. 14].
В. Студніцкі адзначаў, што прамысловасць Паўночна-заходняга краю Расійскай імперыі была слаба развіта і таму шляхецкі двор і сялянская вёска з’яўляліся галоўнымі элементамі, якія рухалі эканоміку Беларусі наперад. Расійскія і польскія фінансавыя колы дамінавалі ў буйным землеўладанні, а сярэдні і малы сектар землеўласніцтва амаль цалкам быў заняты беларусамі-сялянамі і дробнай шляхтай [3; с. 14].
У працы “Паўночна-усходнія землі даўняй Рэчы Паспалітай польскай” У. Студніцкі адзначаў, што расійскі ўрад правеў аграрную рэформу 1861-1864 гг. у беларускіх губернях Паўночна-заходняга краю больш паспяхова, чым у этнічна расійскіх губернях [4; с. 42].
З гэтай высновай можна пагадзіцца толькі ўмоўна. Беларускі гісторык У.І. Пічэта у працы “Сялянскі рух на Беларусі пасля аграрнай рэформы 1861 г.” падкрэсліваў, што ў выніку рэформы значная частка сялянства была забяспечана недастатковымі надзеламі зямлі[5; с.47].
Высокія выкупныя плацяжы з улікам іншых казённых і зямельных збораў абцяжарвалі лёс сялянства. Рэформа, па меркаванню У.Пічэты, паспрыяла павялічэнню малазямелля і абеззямелянню беларускага селяніна [5; с.48].
У манаграфіі З. Людкевіча “Крыніцы і сутнасць аграрнага пытання ў Літве, Белай Русі і Валыні” польскі гісторык падрабязна прыпыніўся на аграрнай гісторыіі беларускіх губерняў Паўночна-заходняга краю Расійскай імперыі.
Даследчык адзначаў, што дробнымі зямельнымі ўласнікамі ў беларуска-літоўскіх губернях былі сяляне, шляхта і мяшчане. Аўтар прывеў цікавыя статыстычныя дадзеныя аб колькасці гаспадарак у сельскіх абшчынах.
З. Людкевіч адзначаў, што для таго, каб вырашыць эканамічныя праблемы беларускіх губерняў, трэба было павысіць прадуктыўнасць сельскай гаспадаркі [11; с.15].
З астатнім можна спрачацца. У пачатку XX ст. як раз назіраецца значны рост прадуктыўнасці сельскай гаспадаркі Беларусі. У 1900 г. колькасць коней у сялян Беларусі перавышала колькасць гэтых жывел у памешчыкаў у 3,02 разы, крупнай рагатай жывелы – у 2,6, свіней – у 3,4, авец і коз у 4,1 раза.
Акрамя гэтага уражайнасць збожжавых у Беларусі за перыяд з 60-х гг. XIX в. да пачатку XX ст. паднялася на 60%, з 1900 па 1913 г. – на 25,8% [8; с.78].
У другой манаграфіі “Камасацыя вясковых зямель. Эканамічнае даследаванне” З. Людкевіч звярнуўся да разгляду сталыпінскіх аграрных пераўтварэнняў у пачатку XX ст.
Высновай аўтара з’яўлялася тое, што рэформа дала беларускаму селяніну магчымасць палепшыць свае эканамічнае становішча, а сельская гаспадарка Беларусі набывала больш таварна-капіталістычны характар. [12; с.31].
У сучаснай польскай гістарыяграфіі таксама з’явілася шмат даследаванняў, якія маюць дачыненне да вышэй адзначанага пытання. Адным з прадстаўнікоў сучаснай польскай гістарычнай школы з’яўляецца С. Ланец.
У сваіх манаграфіях польскі гісторык часта звяртаўся да разгляду таго, якую ролю адыграла беларускае сялянства ў сацыяльна-эканамічным жыцці Беларусі ў XIX - пачатку XX ст.
У манаграфіі “Беларусь у другой палове ХІХ ст.” С. Ланец адзначае, што дамінантай у беларускай прыватнай зямельнай уласнасці была шляхецкая (55,2%), на другім месцы знаходзілася сялянская зямельная ўласнасць (34%).
Даследчык памылкова лічыў, што галоўнай формай сярод сялянскай уласнасці была абшчынная[13; с.14]. На самой справе ў Беларусі ў той час панавала падворная сялянская ўласнасць.
У манаграфіі “Беларусь у перыяд грамадска-палітычнага крызісу 1900-1914 гг.” аўтар падрабязна разглядаў сталыпінскую аграрную рэформу. Яна, па меркаванню польскага гісторыка, аказала ўплыў на павялічэнне розніцы паміж заможнымі сялянамі і іх беднымі суседзямі. Гэта, у сваю чаргу, стварыла ўмовы для пераходу апошніх у клас наёмных рабочых [14; с.25].
Польскі гісторык Д. Файнхаўз у сваей манаграфіі “1863. Літва і Беларусь” разважаў над пытаннем станаўлення і развіцця беларускай і літоўскай нацыянальнай самасвядомасці ў другой палове XIX ст. Даследчык, у прыватнасці, адзначаў, што беларускі нацыянальны і культурны рух сустрэў значную перашкоду з боку расійскага ўрада.
“Беларускія землі лічыліся спрадвечна расійскімі, а беларускую мову расійская адміністрацыя лічыла дыялектам рускай” - падкрэсліваў гісторык. Па меркаванню Д. Файнхаўза значнай перашкодай на шляху нацыянальнага развіцця беларускай вёскі быў высокі ўзровень русіфікацыі і засілля праваслаўя[15; с.121].
Недахопам працы польскага даследчыка было тое, што ён не падыйшоў крытычна да разгляду ўплываў, якія аказвалі прадстаўнікі польскіх сацыяльна-палітычных колаў на працэс развіцця нацыянальных рысаў беларускага сялянства. Між тым, апошнія не заўседы станоўча ўплывалі на развіцце беларускага нацыянальнага руху.
Іншы польскі гісторык Л. Садоўскі у артыкуле “Палякі і беларусы: стэрыятып неантаганістычнага суіснення (1864-1918)” спрабаваў адказаць на пытанне, што і якім чынам аказала ўплыў на працэс нацыянальнага станаўлення беларускага народа.
Польскі гісторык падкрэсліваў, што беларускае грамадства адрознівалі ўласныя народныя традыцыі. Высновай Л.Садоўскага з’яўляецца тое, што поспех працэсу фарміравання беларускай нацыянальнай самасвядомасці быў звязаны з дзейнасцю беларускай інтэлігенцыі ў справе барацьбы з праявамі русіфікацыі і паланізацыі.
Разам з тым немалаважную пазітыўную ролю ў гэтым працэсе адыгралі польскія ўплывы (пазітывізм, арганічная праца, краёвы рух) [16; с.59].
Вялікая колькасць гістарычных прац, маючых дачыненне да вышэй адзначанага пытання, належыць пяру польскага гісторыка Р. Радзіка. У манаграфіі “Кім з’яўляюцца беларусы?” даследчык крытычна выказваўся пра беларускае сялянства падчас падзелаў Рэчы Паспалітай. “Этнічная свядомасць большасці беларускіх сялян выражалася у пачуццях “сваяцтва” і “тутэйшасці”. Уплыў на гэтыя пачуцці аказвалі, па меркаванню польскага гісторыка, імкненне да захавання сялянскай культуры ў нязменным стане[17; с.27].
Пры напісанні манаграфіі, Р. Радзік выкарыстаў шмат цікавых крыніц, што дапамагло зрабіць глыбокі аналіз працэсу эвалюцыі і станаўлення беларускага народа. Галоўным плюсам манаграфіі Р. Радзіка з’яўляецца аб’ектыўнасць у разглядзе гістарычных фактаў і рэаліяў.
У артыкуле “Паміж Расіяй і Польшчай. Нацыянальна-культутная эвалюцыя беларускага грамадства ў апошніх дзвух стагоддзях” Р.Радзік прааналізаваў узаемаадносіны паміж беларускімі сялянамі і інтэлігенцыяй. Па меркаванню польскага даследчыка на гэтыя адносіны меў спецыфічны ўплыў антаганізм, які існаваў паміж сялянствам і інтэлігенцыяй у этнічна расійскіх губернях[18; с.62].
Такім чынам, варта падкрэсліць, што ў розныя перыяды развіцця польскай гістарычнай навукі з’яляліся працы, у якіх так, ці інакш даследаваліся і аналізаваліся розныя аспекты гісторыі сялянства Беларусі ў 1861-1914 гг. Работы польскіх гісторыкаў прадстаўляюць вялікі інтарэс для беларускай гістарычнай навукі, таму, што даюць магчымасць дапоўніць гістарычную карціну развіцця беларуска-літоўскіх губерняў у складзе Расійскай імперыі новымі фактамі і дадзенымі.
Літаратура:
1. Skirmundt K.`Stronnictwo krajowe Litwy i Bialejrusi // Kurjer Litewski, № 50, 3/16 maja 1907
2. Grabowski T. Rosyjskie rzdy na Bialej Rusi.- Piotrkw, 1916
3. Studnicki W. Zarys statystyczno-ekonomiczny ziem plnocno-wschodnich. – Wilno, 1922
4. Studnicki W. Plnocno-wschodnie ziemie dawnej Rzeczypospolitej Polski. – Warszawa, 1919
5. Пічэта У. Сялянскі рух на Беларусі пасля аграрнай рэформы 1861 г. // Полымя. 1929, №8-9
6. Maliszewski E. Biaoru w cyfrach i faktach. – Piotrkw, 1918
7. Maliszewski E. Przewodnik po gubernji Grodzieskiej. – Warszawa, 1919
8. Панюціч У. П. Сацыяльна-эканамічнае развіцце беларускай вескі у 1861-1900 гг. – Мн., 1990
9. Maliszewski E. Przewodnik po gubernji Miskiej. – Warszawa, 1919
10. Maliszewski E. Przewodnik po gubernji Wilesliej. – Warszawa, 1919
11. Ludkiewicz Z. Zrdla i istota kwestji agrarnej na Litwie, Bialej Rusi i Wolyniu. Studium statystyczne. – Warszawa, 1921
12. Ludkiewicz Z. Komasacja gruntw wiejskich. Studium ekonomiczny. – Warszawa, 1917
13. Laniec S. Biaoru w drugiej polowie XIX stulecia. – Olsztyn, 1997
14. Laniec S. Biaoru w dobie kryzysu spoleczno-politycznego 1900-1904. – Olsztyn, 1993
15. Fajnhauz D. 1863. Litwa i Biaoru.-Warszawa, Instytut Historii PAN, 1999
16. Sadowski L. Polacy i Biaorusini: stereotyp nieantagonistycznego wsplistnienia (1864-1918): [w:] Przemiany formuly polskoci w drugiej polowie XIX w. Praca zbiorowa pod redakcj J. Maciejewskiego. – Warszawa, 1998
17. Radzik R. Kim s Biaorusini? – Toru, 2003
18. Radzik R. Midzy Rosj a Polsk. Narodowo-kulturowa ewolucja spoleczestwa biaoruskiego w dwuch ostatnich stulieciach // Lithuania, 4(29) ‘ 98
Написать комментарий
Обращались ли вы за помощью в милицию?
Объявления
Подключение стиральных и посудомоечных м...
30 бел.руб.
17:07, 03.02.2023Устранение засоров в Минске. 8(044)59683...
35 бел.руб.
17:07, 03.02.2023Замена смесителя. 8(044)5968381
25 бел.руб.
17:07, 03.02.2023Ремонт санузла и ванной комнаты. Минск....
30 бел.руб.
17:07, 03.02.2023Сантехнические работы в Минске 8(025)74...
20 бел.руб.
17:07, 03.02.2023