Абвяшчэнне БССР
"Без БССР немаведама, якія формы набыла-б дзяржаўная імпэрская структура, створаная ў 1922 годзе і названая СССР".
Смаленскі камуністычны зьезд
Мала каму ведама‚ як праходзіў смаленскі зьезд‚ на якім была абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (БССР). Гэты зьезд камуністы выстаўляюць як голас беларускага народу‚ а прадстаўнікоў беларускага народу на гэтым зьезьдзе толькі і было 60-70 чалавек вайскоўцаў-чырвонаармейцаў ды каля 10 чалавек беларускіх эсэраў. Праўда‚ людзей у залі зьезду было шмат: тры‚ а мо і чатыры сотні чалавек‚ толькі невядома было‚ хто зь іх дэлегаты‚ а хто госьці.
Я тады вучыўся ў Смаленскай Вайсковай Школе Штабной Службы. Школа зьмяшчалася на Паштамскай вуліцы‚ а зьезд адбываўся ў будынку былога Дворянского Собрания‚ які ў той час ужо называўся Дом Культуры.
Аднойчы камісар школы прыйшоў са сьпісам і выклікаў усіх тых‚ хто ў фармуляры быў запісаны беларусам. Такіх знайшлося чалавек дваццаць. Ён нам сказаў‚ што пойдзем абвяшчаць Беларускую Рэспубліку‚ і тут-жа загадаў пагаліцца‚ наглянцаваць боты і надзець новыя гімнасьцёркі.
Калі ўсе былі гатовыя‚ нас маршам павялі ў Дом Культуры. Тут нас сустрэў Вільгельм Кнорын. Ён усіх нас рассадзіў на прыстаўных крэслах. Як толькі мы селі‚ зараз-жа прыйшла і другая група чырвонаармейцаў; іх таксама парассаджвалі на прыстаўных крэслах. У Смаленску тады‚ апрача школы штабной службы‚ былі яшчэ і вайсковыя курсы‚ на якіх вучылася 250 чалавек; зь іх каля 70 былі беларусы; вось гэтых беларусаў і прывялі на зьезд.
Хутка адчынілі паседжаньне зьезду. Прэзыдыюму не выбіралі‚ а прынялі цэлым сьпісам. За старшыню прэзыдыюму быў нехта з Народнага Камісарыяту Замежных Справаў. Зараз-жа пасьля адчыненьня зьезду пачаліся прывітаньні. Ад беларускіх камуністаў зьезд вітаў латыш В. Кнорын‚ ад беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянэраў дазволілі выступіць эсэрцы Палуце Бадуновай. У сваім выступленьні яна запатрабавала безадкладнага зачыненьня зьезду як неправамоцнага.
- Беларуская Рэспубліка ўжо абвешчаная законнымі прадстаўнікамі беларускага народу. Усё‚ што вы тут робіце‚ – гэта фальш. Ніхто нас не выбіраў! – крычала Бадунова і настойвала на зачыненьні.
Бадунову супакоілі: старшыня прэзыдыюму прыстрашыў вывесьці яе з залі‚ калі яна ня сьціхне. Найбольш спрачаўся з Бадуновай Зьмітро Жылуновіч (Цішка Гартны). Быў момант‚ калі ён ледзь не падскочыў біцца да яе. Бадунова сьціхла і пакінула залю.
Пасьля Бадуновай зьезд вітаў паляк Юзэф Уншліхт. За ім выступаў летувіскі камуніст I. Сьмілга. Ён у сваёй прамове дзякаваў Кампартыі‚ што яна аднаўляе дзяржаву старажытнае Літвы‚ якая многа зрабіла для Маскоўскага Княства. Пасьля Сьмілгі выступіў латыскі камуніст Р. Бэрзін. Ён гаварыў доўга і раіў аднавіць на тэрыторыі Беларусі Крывію‚ бо‚ як ён казаў‚ крывічы далі пачатак ня толькі беларускаму народу‚ а нават Маскоўскай Русі.
У часе зьезду былі перапынкі. На перапынках частавалі чаем з цукрам і бутэрбродамі. А 5-й гадзіне ўвечары прыступілі да галасаваньня тае рэзалюцыі‚ якую прапанаваў прэзыдыюм. Галасавалі ўсе прысутныя‚ у тым ліку і вайскоўцы. Супраць рэзалюцыі галасавалі прысутныя на зьезьдзе эсэры. На гэтым зьезд і скончыўся. Трываў ён гадзінаў сем.
Смаленск пасьля абвешчаньня Беларускай Савецкай Рэспублікі
На другі-ж дзень пасьля зьезду ўсяму гораду стала ведама‚ што абвешчана Беларуская Рэспубліка і што Смаленск – беларускі горад. Так выглядала і з тых картаў ды прапагандавых плякатаў‚ што былі парасклейваныя ўсюды на сьценах. На этнаграфічных картах гарады Ярцава‚ Вязьма‚ Бранск і нават Арол уваходзілі ў склад Беларусі. На паўднёвым усходзе беларуская граніца падыходзіла да самага Мцэнску. На паўдні‚ на мяжы з Украінай‚ граніца заставалася непарушнай‚ а на поўначы – уся Пскоўшчына да самага мора таксама была пазначаная як беларуская тэрыторыя. Карты былі зробленыя добра‚ шмат у якіх месцах давалася тлумачэньне‚ што гэта – гістарычныя межы Літвы‚ а Беларусь – тая самая Літва.
Цікавымі выглядалі агітацыйныя плякаты‚ накіраваныя супраць Польшчы‚ Летувы і Латвіі. Польшча малявалася таўстым‚ сярдзітым‚ з ашчэранымі зубамі сабакам‚ а Летува і Латвія – маленькімі‚ хударлявымі сабачкамі. Iх вёў на ланцугох капіталіст‚ а яму памагаў польскі пан. Пры гэтым польскі пан ставіў на карце кропкі‚ дзе павінна праходзіць граніца. А пад усім малюнкам быў верш‚ які канчаўся гэтак:
Пан бясстрашна кропкі ставіць:
Што ні горад‚ то і тык.
Эх і ўставіць пану кропку
У самое пуза рускі штык!
Частка насельніцтва была незадаволеная з такіх зьменаў‚ але бальшыня была вельмі радая аддзяліцца ад Расеі‚ бо‚ як яны казалі‚ ад Расеі ніколі дабра ня мелі.
У горадзе была моцная групоўка расейскіх сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, якая арганізоўвала мітынгі пратэсту супроць абвешчаньня Беларускай Рэспублікі. На гэтыя мітынгі пайшлі і беларускія эсэры‚ тыя‚ што былі на зьезьдзе пры абвешчаньні Савецкай Беларусі. Там‚ на камуністычным зьезьдзе‚ яны былі супроць Савецкай Беларусі і стаялі за Беларускую Народную Рэспубліку‚ абвешчаную на Першым Усебеларускім Зьезьдзе.
Паслухаўшы прамовы расейскіх эсэраў‚ якія ніякіх беларусаў не прызнавалі‚ беларускія эсэры (апазыцыйныя камуністам) пачалі разам з камуністамі выступаць супроць расейскіх эсэраў. Добра прамаўлялі супроць расейскіх эсэраў У. Фальскі‚ Я. Дыла‚ М. Маркевіч ды іншыя‚ толькі ім часамі не давалі гаварыць па-беларуску. Тую-ж самую Бадунову‚ што выступала супроць камуністаў у Доме Культуры‚ на мітынгу на пляцы перад поштай расейцы сьцягнулі з трыбуны ды яшчэ і пабілі за тое‚ што агітавала за Беларусь. Беларуская Рэспубліка – ці то Народная, ці то Савецкая – была для расейцаў проста крамолаю.
Незадавальненьне смаленскага гарнізону
Незадавальненьне пэўнай часткі насельніцтва Смаленска распадзелам Расеі перакінулася і на смаленскі гарнізон. У смаленскім ганізоне‚ у Пакроўскіх казармах‚ стаяў толькі адзін аддзел‚ які па нацыянальным складзе і па духу быў беларускім‚ – Віцебскі батальён, а ўсе іншыя вайсковыя злучэньні былі сфармаваныя з мабілізаваных расейскіх салдатаў‚ якія ніколі не захапляліся камунізмам‚ а тым больш цяпер‚ калі пабачылі‚ што дзеляць Расею.
Камуністычнае кіраўніцтва на ўсялякі выпадак загадала вывезьці за горад патроны і артылерыйскія боепрыпасы. У жаўнераў боепрыпасаў амаль не было‚ добра быў узброены толькі адзін камуністычны ЧООН (Чрезвычайный Отряд Особого Назначения). Калі-б увесь гарнізон паўстаў супроць камуністаў‚ дык ЧООН паўстаньня не стрымаў-бы‚ бо колькасна ён быў невялікі – асобаў 150.
Каб узьняць паўстаньне‚ у апазыцыі не было даволі расейскіх прапагандыстаў. З войскам гаварылі толькі камуністы. Iм удалося ўгаварыць адзін батальён сесьці ў вагоны: чырвонаармейцам абяцалі‚ што іх адвязуць у Маскву‚ а там яны сустрэнуцца з самым Ленінам і пагавораць. Як ні дзіўна гэта гучэла‚ чырвонаармейцы ўсё-ж далі веры і селі ў цягнік. Батальён адвезьлі на поўдзень Смаленшчыны і расфармавалі‚ а найбольш актыўных расстралялі.
Таксама ўдалося ўгаварыць і артылерыстаў паехаць на палігон‚ на стральбу. Толькі з таго палігону ніхто зь іх не вярнуўся назад: частку расстралялі‚ а хто застаўся – парассылалі ў розныя артылерыйскія злучэньні. Праўда‚ крыху пазьней, увесну 1919-га, артылерысты адпомсьціліся камуністам: яны падпалілі склады з артылерыйскімі боепрыпасамі. Хоць падпальшчыкаў і не знайшлі‚ але шмат хто заплаціў жыцьцём. Гэтак – быццам-бы ўдзельнікаў падпалу – расстралялі пяць чалавек са штабу 16-й арміі і сямёх палякоў зь лягеру ўцекачоў‚ бо яны хадзілі на працу ў гэныя склады.
Вось гэтак камуністы расправіліся зь незадаволенымі. А далей усё пайшло так‚ як камуністам хацелася. Калі насельніцтва і розныя гарадзкія групоўкі выказвалі незадавальненьне новым курсам‚ дык затое афіцыйныя дзейнікі змушаныя былі сьцісла трымацца іхнага курсу‚ прымірыцца з абвешчаньнем Савецкае Беларусі ды нават даводзіць выгаду абвешчаньня БССР для Расеі.
Знаёмства ў Смаленску
Падзеі ў Смаленску ды вывучэньне мінуўшчыны Літвы дапамаглі мне стаць на шлях беларускае нацыянальнае працы. Але найбольш, бадай, я ўлучыўся ў беларускі нацыянальны рух праз знаёмства з тагачасным беларускім актывам. Як-бы там ні было‚ аднак самая падзея абвешчаньня Беларускае Савецкае Рэспублікі значна паспрыяла ўзраджэньню беларускае нацыянальнае сьведамасьці сярод некаторае часткі жыхарства гораду. У Смаленску актыўна пачало працаваць Беларускае Згуртаваньне. Адбываліся зборкі‚ вечары. Бадай, галоўную ролю ў гэтым згуртаваньні і беларускім жыцьці ў Смаленску адыгрываў Зьмітро Жылуновіч. Зь ім я пазнаёміўся вельмі хутка пасьля таго як прыехаў у Смаленск. Аднойчы ён прыйшоў да нас у штабную школу ды папытаўся ў мяне‚ ці ня мог-бы я спаткацца зь ім увечары на ягонай кватэры. Мы спаткаліся. Гутарка зь ім таго вечару зацягнулася далёка за поўнач. Тады ён адкрыў мне вочы шмат на што‚ аб чым я і не падазраваў‚ ды што мне запамяталася аж да сёньня.
Гутарка ішла больш-менш гэтак.
- Скажы мне‚ Яўхім‚ колькі ў вас цяпер у школе беларусаў?
Я сказаў‚ што бадай палавіна‚ асобаў зь пяцьдзясят‚ і ўвесь час прыбываюць новыя.
- А скажы мне‚ – пытаўся далей Жылуновіч‚ – колькі будзе такіх‚ што выступяць за Беларускую Рэспубліку?
Я на гэтае пытаньне ня мог дакладна адказаць‚ прыпушчаў‚ што ўсе курсанты‚ бо я ведаў іх настроі: усе яны былі ўжо добра ўсьведамленыя‚ каб «будаваць Беларусь».
- Дык вось слухай‚ Яўхім. Ня ўсё‚ брат‚ ідзе гэтак гладка‚ як гаворыцца і пішацца. Бачыш‚ тут у штабе фронту гэтыя ляхі вядуць паскудную работу. Яны падбіваюць Рэўваенсавет Заходняга фронту‚ каб той зрабіў адпаведныя захады перад Масквою і каб Масква абвясьціла Польска-Беларускую Рэспубліку замест аднае Беларускае. Яны кажуць, што гэта гістарычны шлях (бо Польшча заўсёды была блізкая зь Беларусяй) і, калі Кампартыя на яго стане, гэта аслабіць аўтарытэт Пілсудзкага і выкліча рэвалюцыю ў Польшчы. Зразумела, што гэта глупства. Калі-б гэтак было зроблена, то такім чынам мы ўмацавалі-б польскія прэтэнзіі на Беларусь. Наагул‚ палякі ў штабе‚ ды думаю‚ што і ў Маскве‚ – працягваў Жылуновіч‚ – імкнуцца пераканаць начальства‚ што трэба рабіць стаўку на Польшчу: гэта будзе спрыяць пашырэньню рэвалюцыі‚ а зь Беларусяй палякі дагаворацца пазьней. Гэта‚ брат‚ небясьпечная справа. Таму я прашу цябе трымаць вуха востра, і‚ магчыма‚ давядзецца пісаць пратэст ды зьбіраць у школе подпісы‚ а таксама гаварыць да жаўнераў. Дык трэба, каб вы падпісалі.
На гэта я адказаў‚ што мне так страшна гэта не здаецца‚ бо ўсе жаўнеры настроеныя за Беларусь‚ і калі давядзецца падпісвацца‚ дык змусяць і расейцаў падпісацца. Расейцы ня пойдуць за палякоў. Тады ён‚ перапыняючы мяне‚ сказаў‚ што ў штабе фроту шмат расейцаў‚ якія гэтым праектам былі-б задаволеныя.
- Таксама‚ – казаў далей Жылуновіч‚ – у Маскве маюць плян новага адміністратыўнага ўладжаньня Беларусі ды могуць нам моцна перашкаджаць.
Я-ж сваім парадкам папытаўся яго‚ хто там найбольш дзейны з палякоў.
- Iх то і ня так шмат‚ але ўсе яны вельмі зацятыя і актыўныя. Самы галоўны зь іх – гэта Чорны. (Такую мянушку меў польскі камуніст Юзэф Уншліхт: ён быў смуглявы з твару). Другое месца займае Стэфан Гельтман і яго жонка – пані Гельтманова. Вось дык баба! Фанатычная палячка і, паміж іншым, добра гаворыць па-беларуску. Ледзь ня першую ролю адыгрываюць нейкі Адам Славінскі ды менскі палячок Пікель, блізу аднаго прозьвішча з табою. Вось гэта асноўныя, а ёсьць яшчэ і другія.
Пачуўшы пра «пані Гельтманову», я расьсьмяяўся і патлумачыў, што вельмі добра ведаю жонку Гельтмана. Гэта мая настаўніца нямецкай мовы. Яе дзявочае прозьвішча Машынская, яна вырасла ў Глуску, ніколі ў Польшчы не была. Бацька яе – беларускі шляхціч, каталік; ён меў сваю аптэку ў Глуску, а фанатычнай палячкай яе зрабілі ў Пецярбургу ў закрытай каталіцкай школе; яе я таксама сустракаў у Смаленску.
За колькі дзён я ізноў прыйшоў да Жылуновіча і сказаў яму‚ што ў штабной школе я перагаварыў з усімі беларусамі‚ а таксама гутарыў зь некаторымі ў штабе. Праўда‚ у штабных ужо было ня тое ў галаве‚ бо‚ як выглядала‚ надыходзілі зьмены на фронце. I тады мне Жылуновіч сказаў‚ што справа прымае іншы зварот‚ бо зь беларусамі салідарызуецца I. Сьмілга‚ стары камуніст‚ сябра Рэўваенсавету Заходняга фронту. Ён літовец, добра ведае гісторыю нашага народу. Да таго-ж ён супраць польскіх прэтэнзіяў, яго падтрымваюць латышы, а яшчэ ён у добрых дачыненьнях у партыі і ў штабе.
Пасьля я яшчэ меў колькі спатканьняў з Жылуновічам. Разоў колькі я заходзіўся ў клюб‚ дзе зьбіраліся беларусы‚ і там пазнаёміўся з У. Фальскім‚ якому адразу ж сказаў‚ што яго прамова на мітынгу каля пошты мне вельмі спадабалася. Ён запрасіў мяне да сябе‚ і я да яго пару разоў наведваўся. Фальскі меў шмат беларускае літаратуры‚ газэтаў; менавіта ён і ўвёў мяне ў жыцьцё розных беларускіх партыяў і групаў. Усё пачутае было для мяне новым.
Калі прыгадваю гэтыя падзеі ў Смаленску‚ само напрошваецца пытаньне: што змусіла бальшавікоў гэтак хутка перамяніць арыентыроўку ў паглядах на беларускую справу? Бо сапраўды‚ такія асобы‚ як Мясьнікоў і Кнорын‚ якія літаральна колькі месяцаў перад тым публічна заяўлялі‚ што ніякае Беларусі ня будзе‚ раптам узялі ўдзел у абвешчаньні БССР. I нават больш: занялі кіруючыя пасады ў беларускім апараце.
На маю думку‚ адказ тут можа быць толькі такі: першае – гэта абвешчаньне БНР‚ а другое – ацэна беларускага руху як важнага дзяржаўнага фактару‚ аб чым‚ відавочна‚ камуністычныя правадыры перад 1918 годам ніколі не задумваліся.
Несумненна, абвешчаньне незалежнасьці Беларусі ў форме Беларускай Народнай Рэспублікі – факт перадвызначальны для далейшага разьвіцьця беларускае нацыі. Гэтая падзея зрабіла ўплыў на палітычную сытуацыю як у самой Беларусі, так і ў цэлым рэгіёне: без БНР не было-б БССР, а без БССР немаведама, якія формы набыла-б дзяржаўная імпэрская структура, створаная ў 1922 годзе і названая СССР.
Акт абвешчаньня незалежнасьці Беларусі паўплываў і на шырокае жыхарства: для беларусаў гэта быў сыгнал да гуртаваньня, а для ворагаў беларушчыны – найперш для расейскага імпэрыялізму – гэта быў напамін, што Беларусь яшчэ ня зьнішчаная, што Беларусь жыве.
Кіпель, Я. Эпізоды = Episode / Яўхім Кіпель; Пад рэд. І. Урбановіч і З. Саўкі. Нью-Йорк, 1998. С. 20-25
Написать комментарий
Обращались ли вы за помощью в милицию?
Объявления
Подключение стиральных и посудомоечных м...
30 бел.руб.
17:07, 03.02.2023Устранение засоров в Минске. 8(044)59683...
35 бел.руб.
17:07, 03.02.2023Замена смесителя. 8(044)5968381
25 бел.руб.
17:07, 03.02.2023Ремонт санузла и ванной комнаты. Минск....
30 бел.руб.
17:07, 03.02.2023Сантехнические работы в Минске 8(025)74...
20 бел.руб.
17:07, 03.02.2023