Закрыть

Сэрца Прускай Літвы

Сэрца Прускай Літвы
Калі параўноўваць літоўскі і беларускі рухі нацыянальнага адраджэння на сутыку ХІХ і ХХ стагоддзяў, кідаецца ў вочы, наколькі моцна ў літоўцаў прысутнічала язычніцкая дамінанта. Гэта, нібы праграму, заклаў Сімонас Даўкантас, які ў 1845 годзе ўпершыню па-літоўску напісаў кнігу па гісторыі Літвы «Лад старажытных літоўцаў, гаранаў і жамойтаў», дзе быў вялікі раздзел «Вера старажытных літоўцаў».

Прапанаваны ніжэй артыкул, прысвечаны важнай для літоўскай нацыянальнай свядомасці гары Рамбін (Rambinas) у Жамойці, пакліканы паказаць, як сівая старажытнасць можа дапамагаць працэсам нацыятварэння, а таксама — як выяўляецца жывая повязь часоў.
З бронзавага веку горы, сярод якіх была і гара Рамбін, утваралі велічную «браму» вышынёй у 30-40 м, паміж стромымі схіламі яе нёс свае воды ў недалёкую ўжо Балтыку Нёман. Рамбін узвышаўся над самай ракой і быў найвышэйшай кропкай наваколля. На ўсход ад яго распасціралася Літва, на захад — хінулася да мора занёманская Прусія.
Рамбін, як мяркуюць, быў цэнтрам пляменнай тэрыторыі скалваў — балцкага племя ў ніжнім Панямонні. Старажытная Скалвія надзвычай пацярпела ў часе крыжацка-літоўскага процістаяння. Да часу Грунвальдскай бітвы за гэтай зямлёй ужо трывала замацавалася была назва «пустэльня» (Wiltnis) — спусцелы абшар паміж двума ваюючымі бакамі.
Мелнскім мірам (1422 г.), які паследаваў за Грунвальдам, гэтая тэрыторыя была адпісаная Нямецкаму ордэну. Немцам яна належала пяцьсот гадоў (Прускае герцагства, Прускае каралеўства, Нямецкая імперыя). Пас зямлі ўздоўж правага, «літоўскага», берага Нёмана атрымаў назву Мемельскага краю (Memelland, Мемель — нямецкая назва Клайпеды і ракі Нёман).
Зямлю, што займела сваю пэўную ўладу, пачалі адразу засяляць каланісты з усходу, з Літвы. Неўзабаве гэтыя тэрыторыі абапал Нёмана храністы ўжо называюць «Малой Літвой», так многа сюды перасялілася літоўцаў. Самі яны да нядаўняга часу называлі сябе Прускай Літвой, або літоўнікамі (lietuvininkai). Але не ўсе — у пачатку ХХ ст. літоўнікамі ў тым жа Мемельскім краі называла сябе чвэрць жыхароў, яшчэ чвэрць — «мемельляндэрамі» (мемельскімі «тутэйшымі»). І палова — немцамі (пасля паморку ў XVIII ст. сюды перасялілася шмат нямецкіх сялянаў). Такая, сцісла, этнічная гісторыя гэтага краю.
* * *
У канцы ХІХ ст. Мемельскі край зрабіўся агменем дзяржаўніцкіх памкненняў літоўцаў. Тут пачалі выдаваць першыя літоўскія газеты — «Аўшра»-Світанак, «Варпас»-Звон. У занёманскіх Тыльжы (літ. Тыльжэ, цяпер рус. Советск) і Рагнеце (літ. Рагайне, рус. Неман) распачынаўся літоўскі рух. Адсюль у забраную Расіяй Літву неслі кніганошы літоўскія друкі. Распаўсюд літоўскай літаратуры ішоў паўз гару Рамбін. У вёсцы Біцяны, што ля падножжа гары, друкарню і вялікі склад літоўскага друку ў сваёй сядзібе ўладкаваў Марцінас Янкус. Яго сядзібу ля Рамбіна ў Літве называюць «Мекай кніганошаў».
Ад 1881 года на Рамбіне літоўнікі пачалі ладзіць шматлюдныя купальскія святкаванні. На 500-годдзе Грунвальда (1910 г.) на Рамбіне ўрачыста пасадзілі дубок, карані якога засыпалі жменямі зямлі, прывезенай прадстаўнікамі з розных мясцінаў Малой Літвы.
У 1923 годзе М. Янкус горача вітаў паўстанне літоўскіх стралкоў, вынікам якога стала далучэнне Мемельскага (Клайпедскага) краю да Літоўскай Рэспублікі. Ад гэтага года М. Янкус стала пасяляецца ў Біцянах. Ён робіцца «ахавальнікам Рамбіна», яго называюць «патрыярхам Малой Літвы». Штогод на Купалле на гару з’язджаюцца тысячы чалавек.
У гонар дзесяцігоддзя незалежнасці Літвы (1928 г.) М. Янкус ставіць на Рамбіне алтар, каб паліць на ім святы агонь. Алтар быў змураваны з камянёў на ўзор «печкі», у нішы якой палаў агонь — каб не заліў дождж. На алтар зверху ўсталявалі пляскаты валун — кутні камень з-пад роднай хаты Янкуса, пабуранай у вайну. На гэтым камяні з адваротнага ад агня боку выбілі «Калюмны». Камень на Рамбін цягнулі чатырма коньмі.
Тады ж Янкус пачынае весці «Вечную кнігу гары Рамбін» (сёння захоўваецца ў літоўскай Нацыянальнай бібліятэцы, важыць амаль 20 кг, гэта найбуйнейшая ў Літве кніга). Першым, на Купалле 1928 года, у кнізе зрабіў запіс мысляр Відунас: «Няхай расце ў літоўскім народзе ўсё добрае, прыгожае, мудрае, справядлівае і трывалае!». У кнігу запісваліся ўсе наведнікі Рамбіна. Сярод іх было шмат замежных дыпламатаў. У міжваеннай Літве была завядзёнка: замежныя паслы, пасля таго як прадставяцца прэзідэнту, ехалі на Рамбін, да Янкуса. Таму Янкуса называлі таксама «Малым, або Другім прэзідэнтам Літвы».
Асабліва памятным быў візіт на Рамбін намесніка Генеральнага сакратара Лігі Нацый (тагачаснага аналага ААН) японца Ятары Сугімуры (Yotaro Sugimura) у 1929 годзе. Тады дачка Янкуса Эльза ў вобразе жрыцы-вайдэлоткі  прывяла Сугімуру да прысягі богу Пяркунасу. Вось як яна сама потым гэта апісвала:
«Пасля спеваў уся дэлегацыя, са спадарожнікамі, наблізілася да ахвярніка. Гасцям патлумачылі, што месца ахвярніка — з дахрысціянскіх часоў, калі ў гэтым месцы ў часы старой Літвы пасвечаныя багам літоўкі-вайдэлоткі палілі святы агонь. Мяне прадставілі як сучасную вайдэлотку.
Сугімура, наблізіўшыся да ахвярніка, запытаў мяне, ці павінен ён што рабіць. Тады я яму сказала, што ён павінен прысягнуць старажытнаму літоўскаму Богу Пяркунасу, што будзе заступацца за справы Літвы.
— Добра, — кажа Сугімура, — калі ласка, кажыце словы прысягі, я прысягну.
І я казала, а ён паўтараў такія словы:
— Прысягаю Літоўскаму Богу Пяркунасу, што я ў Лізе Нацый заўсёды буду стаяць за справы Літвы і буду рабіць што толькі змагу, каб Вільня была вернутая Літве. Бог Пяркунас няхай дапаможа мне».
А пра купальскія святкаванні на Рамбіне можна даведацца з успамінаў іншай іх удзельніцы:
«Найперш мяне зачаравалі дзеўчыны ў народных строях і мноства людзей, якія ішлі пехатой, ехалі вазамі, упрыгожанымі кветкамі і зелянінай. На ўездзе ў сасоннік перад месцам урачыстасці стаяла аплеценая зелянінай брама, побач луналі сцягі розных арганізацый. Далей таксама было яшчэ больш такіх упрыгожаных брамаў. Людзей была процьма. Стары М. Янкус запаліў ахвярнік, потым пайшоў у сярэдзіну пляцоўкі запаліць вогнішча, тады ён сказаў сціслую прамову пра значэнне ўрачыстасці і павіншаваў усіх з Купаллем. Я была зачараваная праграмай, у якой былі хоры, пастаноўкі, праграма працягвалася ля вогнішча, дзе адбываліся агульныя спевы народных песень, скокі, гульні.
Частавалі чорным хлебам, кавай, літоўскім кумпяком. Я звярнула ўвагу на прычэпленыя кілбасы на вышыні галавы, іх было вельмі шмат, а таксама вялікія боханы чорнага хлеба, пірагоў. Там не было прыгожа зробленых бутэрбродаў. Купляеш кавалак хлеба, кілбасы ці пірагу і сам робіш, або кусаеш таго і таго».
У 1938 годзе літоўская ўлада ўзнагародзіла М. Янкуса ордэнам Гедыміна. А праз год Нямеччына праз ультыматум забрала ў Літвы Мемельскі край. Алтар Янкуса быў знішчаны, сам ён, 80-гадовы, выехаў да Коўна, везучы з сабой толькі «Вечную кнігу гары Рамбін». У канцы вайны, ужо ад Чырвонай арміі ён выехаў углыбкі Нямеччыны, падзяляючы лёс тысячаў сваіх раскіданых землякоў — мемельляндэраў і прускіх немцаў. Такая грамадска-палітычная гісторыя гэтага краю.
* * *
Лёс, які напаткаў і алтар Янкуса, і жыхароў Малой Літвы, быў, аднак, наканаваны. Яго вызначыла сакральная гісторыя Рамбіна.
Ад няпамятных часоў Рамбін быў культавым цэнтрам наваколля. У XIV ст. побач з Рамбінам згадваецца святы гай. Храніст XVI ст. адзначаў, што Рамбін у народзе лічыўся святой гарой. Па звестках XVIII ст., маладыя, пашлюбаўшыся, уздымаліся на гару з кветкамі, пакідалі нешта ў ахвяру. У пачатку ХІХ ст. на гары знаходзілі залатыя ланцугі, паясы, бранзалеты і срэбныя міскі. Мяркуюць, гэта маглі быць упрыгожванні рамбінскіх жрацоў і посуд на ахвяры.
Рамбін быў прадказальнікам надвор’я. Гліняныя і вапнавыя часцінкі ў грунце назапашвалі вільгаць, і пры змене надвор’я колер голых схілаў гары мяняўся. На сухое надвор’е Рамбін рабіўся светла-жоўтым, на дождж — цёмна-чырвоным і ахутваўся туманом. Тут мянялі свой кірунак вятры.
На Рамбіне ляжаў вялікі святы камень. Дыяметрам ён быў 10 м. Вышыню меў спусцістую — 2,5 м з паўночнага боку і 1,5 м — з паўднёвага. Звернуты паверхняй да сонца, камень адбіваў яго промні і на світанку ды надвячоркам рабіўся залацістым. На камяні былі адмеціны чалавечай далані і ступні, звярыных лапаў, а таксама выбіты меч. Паданне казала: шчасце не пакіне краю, пакуль ляжыць камень, але гара зруйнуецца, калі камень хто возьме.
У 1811 годзе млынар Шварц (ням. «чорны») разам з памагатымі пакалолі камень, а з буйнейшага кавалку Шварц зрабіў сабе жорны. Мясцовае паданне кажа, што рамбінскія лаўмы (жаночыя духі, русалкі) паказаліся былі і прасілі гэтага не рабіць, а калі іх не паслухалі, развіталіся з гарой, селі ў човен, пераплылі Нёман і праклялі злачынцаў. Неўзабаве Шварца знайшлі патрушчаным паміж зуб’ямі яго жорнаў.
Затым насталі вялікія абрушэнні Рамбіна. У 1835 годзе ў раку абвалілася частка гары, дзе ляжаў камень і была акружаная з чатырох бакоў валамі пляцоўка. У 1878 годзе рака знесла апошнія рэшткі гары. З таго часу Рамбінам пачалі называць такі ж высокі пагорак побач.
* * *
У падсавецкай Літве вогненны ахвярнік на гары Рамбін аднавілі — яго ў чалавечы рост змуравалі з камянёў. Ля алтара ляжаў камень з «Калюмнамі», што застаўся з Янкусавых часоў. Ад 1990-х гадоў рамбінскі алтар запальваўся рэгулярна, на гары збіраліся сябры Таварыства літоўнікаў, ладзіліся абрады па ўшанаванні гары, агня, продкаў.
Але і гэты ахвярнік напаткаў лёс сваіх папярэднікаў. Мінула 200 гадоў, і летась яго зруйнавалі. Гэтым разам — нібыта з канструктыўнай матывацыяй. На яго месцы 23 чэрвеня 2011 года, на Купалле, урачыста адкрылі скульптурную кампазіцыю — тры рознага памеру па-мастацку апрацаваныя камяні мусяць сімвалізаваць старажытную трыяду багоў — якую, напрыклад, у прусаў складалі Патрымпс, Пяркунс і Паталс. Побач з камянямі — узняты над зямлёй жалезны лапік, каб запальваць на ім невялікі агонь.
Аўтар кампазіцыі — вядомы скульптар Рэгімантас Мідвікіс, які пры стварэнні кансультаваўся з клайпедскім археолагам В. Вайткявічусам (дарэчы, аўтарам фундаментальнага збору сакральных месцаў «Жэмайція», у якім апісаны і Рамбін). Іншы вядомы даследнік старажытнасцяў Л. Клімка, які прамаўляў на адкрыцці, адзначыў: «Розныя балцкія плямёны маглі звяртацца да сваіх багоў у малітвах з рознымі імёнамі або іх эўфемізмамі. Гісторыяграфічныя крыніцы сцвярджаюць, што ў Прусіі — гэта Патрымп, Пяркун, Патал; у Літве — Дзіевас, Пяркунас, Велінас [Бог, Пярун, Вялес]».
Чуваць і галасы, незадаволеныя перастаноўкамі на Рамбіне (напрыклад, на інтэрнет-партале baltai.lt допіс этнапсіхолага Лютаўраса Бальсіса, лідэра суполкі «белых ведуноў»). Тыя, хто непасрэдна спрычыняўся да жывых абрадаў на Рамбіне, незадаволеныя перайначваннем ужо сфармаванай за дзесяцігоддзі сакральнай прасторы на прастору пад турыстаў. Як і шмат дзе яшчэ ў сакральных месцах Літвы, тут усталявалі тлумачальныя стэнды, пазначылі сцежкі, паставілі сметніцы. Абурэнне таксама выклікае непавага да месца перабывання абрадавага агня — і тое, што ранейшы, намолены ўжо ахвярнік узялі і разбурылі, і тое, што на новым «ахвярніку»-лапіку месца для агня шмат меншае. Асабліва важна — наноў месца парадкавалі не дзеля жывога асваення прасторы, як раней, а ў рамках праграмы ўпарадкавання турыстычна значных аб’ектаў (на гэта былі выдзеленыя сродкі Еўрасаюза).
* * *
Зрэшты, мо’ лёс Рамбіна і яго камня, яго алтароў — міфічнае ажыццяўленне сэнсаў, закла­дзеных у старажытнасці праз назвы?
Перад утокам у мора (у Куршскую затоку) магутны, велічны Нёман разбіваецца на дзесяць рэчак, утвараючы дэльту.
Нібы «разломваецца» (lamti) — ці не адсюль старая назва гэтай прыбярэжнай зямлі — Ламата? Нібы «расколваецца» (skalti) — ці не адсюль і назва саміх скалваў?
Назва Рамбіна (ад rambus — збіты, зацвярдзелы, гузаваты) адсылала б да вобразу першаяйка ў бязэдным моры, што мае разламацца-раскалоцца, каб вызваліць скаваныя ў ім жыццёвыя сілы-рэкі — каб пачаў свет жыць…

 

Подписывайтесь на наш Telegram-канал @govorim_news
Заметили ошибку? Выделите текст, нажмите Ctrl+Enter и оставьте замечание!

Написать комментарий

Информация
Чтобы написать комментарий вам нужно авторизоваться или зарегистрироваться

Обращались ли вы за помощью в милицию?