Гедзіміны
Прозвішча Гедзімін (Гедымін) у беларусаў у першую чаргу асацыюецца з імем вялікага князя Вялікага Княства Літоўскага, які жыў прыкладна з 1275 па 1341 год, княжыў з 1316 па 1341 год. Гэты князь увайшоў у гісторыю як збіральнік беларускіх земляў.
Менавіта ў гэты перыяд, паводле слоў вядомага гісторыка Міколы Ермаловіча, фактычна завяршыўся працэс мірнага аб'яднання асноўнага масіву беларускіх земляў ад Заходняга Буга да Дняпра: да дзяржавы быў далучаны горад Віцебск з княствам, Мінская і турава-пінскія землі, рэшткі берасцейскай зямлі. У выніку ВКЛ павялічылася амаль у два разы і стала магутнай усходнееўрапейскай дзяржавай. Гедзімін у 1323 годзе перанёс сталіцу з Наваградка ў крывіцкае пасяленне — Крывы горад на Віліі — Вільню. У гэты перыяд Вільня стала палітычным, культурным, эканамічным і рэлігійным цэнтрам беларускіх земляў і захоўвала гэты статус на працягу некалькіх стагоддзяў — да пачатку ХХ стагоддзя. Гедзімін клапаціўся пра палітычнае, ваеннае і эканамічнае ўмацаванне дзяржавы. Пры Гедзіміне ВКЛ вяло барацьбу з Тэўтонскім ордэнам і Маскоўскім вялікім княствам з мэтай пашырэння тэрыторыі дзяржавы. Па ініцыятыве Гедзіміна былі пабудаваны замкі ў Вільні (знакамітая вежа Гедзіміна), Крэве, Троках, Медніках, Лідзе і іншыя. Князь запрашаў у гарады ВКЛ адукаваных людзей з Еўропы, рамеснікаў і купцоў. У адносінах да царквы прытрымліваўся нейтралітэту: дазваляў будаўніцтва як праваслаўных, так і каталіцкіх храмаў. Гісторыкі лічаць, што менавіта пры Гедзіміне ВКЛ сфарміравалася як феадальная манархія, у якой князь валодаў паўнатой заканадаўчай, выканаўчай, судовай і ваеннай улады. Дзякуючы таму, што цэнтр дзяржавы складалі беларускія землі, у перыяд княжання Гедзіміна сфарміраваліся ўсе перадумовы, каб старабеларуская мова стала дзяржаўнай, а асновай прававых нормаў — нормы старабеларускага права. Гедзімін стаў родапачынальнікам дынастыі Гедзімінавічаў, з якой пайшлі знакамітыя беларускія, украінскія, літоўскія і рускія княжацкія роды (Альгердавічы, Кейстутавічы, Алелькавічы, Бельскія, Вішнявецкія, Галіцыны, Карыбутавічы, Кобрынскія, Мсціслаўскія, Нарымонтавічы, Трубяцкія, Хаванскія, Чартарыйскія і іншыя), палітычныя дзеячы Венгрыі і Чэхіі, а таксама каралеўская дынастыя Ягелонаў у Польшчы.
Паходжанне роду і прозвішча. Адзінага погляду на паходжанне роду Гедзіміна не існуе. Адны даследчыкі лічаць яго сынам Віценя, другія — яго братам. Некаторыя сучасныя вучоныя мяркуюць, што Гедзімін быў сынам ці зяцем яцвяга Скалманта (Скаламента). На думку іншых, бацька яго — літоўскі князь Лютувер.
Прозвішча Гедзімін на тэрыторыі сучаснай Беларусі мае варыянт Гедымін. У старажытнасці імя Гедзімін мела значна большую колькасць варыянтаў: Гедиминъ, Гедименъ, Гедиманъ, Едеминъ, Кедмин, Скиндимин, Гердимин, Gеdіmіnnе, Ghоdеmіnnе, Gоdеmіnnus.
У навуковым асяроддзі не існуе адзінай версіі адносна паходжання імя Гедзімін. Большасць даследчыкаў гэта імя разглядае як складанае. Першая частка (gеdе-, gоd-, gоdе-), на думку гісторыка літаратуры А. Бразгунова, узыходзіць да германскіх gоd, gud (бог) і ўжывалася ў значэнні добры, выдатны. Даследчык дапускае таксама, што аснова gоdе магла з'яўляцца стараскандынаўскім тэрмінам, які абазначаў найвышэйшых язычніцкіх жрацоў і старэйшын. А. Бразгуноў дапускае, што другая частка імя можа ўзыходзіць да германскага mаgіn, mеgіn (сіла, удар, энергія). У такім выпадку імя Гедзіміна магло абазначаць добры ўладар. Вучоны не выключае таксама магчымасць паходжання другой асновы імені ад старажытнаверхненямецкага слова mіnnе (любоў, каханне). У такім выпадку імя Гедзімін магло абазначаць Дабралюб. Існуе таксама версія, паводле якой імя Гедзімін паходзіць з літоўскай мовы, дзе gеdеtі — сумаваць, а mіntіs — думка.
На тэрыторыі сучаснай Беларусі прозвішча Гедзімін (Гедымін) сустракаецца ў горадзе Мінску, у Барысаўскім і Бярэзінскім раёнах Мінскай вобласці і Асіповіцкім і Бабруйскім раёнах Магілёўскай вобласці. Значна шырэй распаўсюджана гэтае прозвішча на тэрыторыі Літвы. Людзей з прозвішчам Гедзімін можна сустрэць у Польшчы, Даніі і ЗША. Неаднаразова гэтае прозвішча адзначаецца ў Сібіры і на Далёкім Усходзе, куды ў свой час выехалі або былі высланы многія з беларусаў.
Написать комментарий
Обращались ли вы за помощью в милицию?
Объявления
Подключение стиральных и посудомоечных м...
30 бел.руб.
17:07, 03.02.2023Устранение засоров в Минске. 8(044)59683...
35 бел.руб.
17:07, 03.02.2023Замена смесителя. 8(044)5968381
25 бел.руб.
17:07, 03.02.2023Ремонт санузла и ванной комнаты. Минск....
30 бел.руб.
17:07, 03.02.2023Сантехнические работы в Минске 8(025)74...
20 бел.руб.
17:07, 03.02.2023