Балтаскандынаўская канфедэрацыя
Балтаскандынаўская канфедэрацыя Прапануем увазе чытачоў нашага сайта пераклад працы літоўскага географа і геапалітыка Казыса Пакштаса пра Балтаскандынаўскую канфедэрацыю. Гэта досыць знакавая спроба абгрунтавання натуральнай арыентацыі Літвы на рэгіён Балтыйскага мора, а таксама стварэння федэратыўнага задзіночання краінаў гэтага рэгіёну. Падобны праект актуальны і для Беларусі. Па-першае, праз кантэкст нашай мінуўшчыны, бо зусім да нядаўняга часу Беларусь была арганічнай часткай гістарычнай Літвы, па-другое, праз геапалітычны кодэкс нашага краю, геаграфічныя, гідралагічныя, кліматычныя, этнакультурныя і нават антрапалагічна-генетычныя элементы якога сведчаць пра тое, што Беларусь як паўночнаеўрапейская краіна таксама мае быць чальцом Балтаскандынаўскай супольнасці.
I. Балтаскандынавія як геаграфічная і культурная адзінка
Мы жывем у неспакойны, але тым не менш цікавы час. Вынікам гэтых зменлівых умоваў мы маем цяперашні перагляд каштоўнасцяў і перагуртоўку міжнародных хаўрусаў. Таму сусветная прэса ўсё часцей і часцей пачынае выкарыстоўваць такія амаль нячутыя вызначэнні як Фінаскандыя, Фінабалтыя, Балтаскандынавія і краіны Балтыі. Аднак, не зважаючы на ўзмацненне нацыянальнага і ідэалагічнага шавінізму, эканамічную аўтаркію і мілітарызм, чалавецтва не пакінула сваіх вышэйшых памкненняў да дасягнення нацыянальнага і міжнароднага супрацоўніцтва, міру і ўсеагульнага дабрабыту. Такім чынам, мы па-ранейшаму шукаем не толькі чыннікі да падзелу нацыяў, але таксама тыя фактары і рысы, што іх яднаюць. Гэтай камбінацыі аб’яднаўчых элементаў дадзеныя адпаведныя назвы.
Краіны Балтыі ўлучаюць тыя тры ўсходнебалтыйскія рэспублікі, якія ўтвараюць гарманічную і пэўную геаграфічную адзінку, што цягнецца ад Фінскага заліву да нізоўя Нёмана, утвараючы ў пэўнай ступені культурны і нават палітычны звяз. Калі да гэтых трох рэспублік мы дадамо Фінляндыю, то атрымаем больш завершаны, хоць і менш аднастайны рэгіён, які называецца Фінабалтыя; мясцовасць, што культурна знітаваная такімі супольнымі ўстановамі як Студэнцкі звяз «ФЭЛЛ» (Фінляндыя — Эстонія — Латвія — Літва), Фітагеаграфічны звяз, разнастайныя медыцынскія і юрыдычныя асацыяцыі і г. д.
Панятак «Фінаскандыя» быў уведзены ў 1900 г. фінскім геолагам Рамсэем. Гэтая цалкам геалагічная канцэпцыя аб’ядноўвае архейскія паўночнаеўрапейскія ўзвышшы Нарвегіі, Швецыі, Фінляндыі, Заходняй Карэліі і Кольскага паўвострава. Геалагічная і геаграфічная Скандынавія ўлучае толькі Нарвегію і Швецыю, але калі прыняць да ўвагі этналагічныя, культурныя і палітычныя асаблівасці, то мы павінныя дадаць Данію ў скандынаўскі гурт. Таму Скандынавія часта прызнаецца складзенай з трох каралеўстваў: Нарвегіі, Даніі і Швецыі, якія шчыльна знітаваныя агульнымі палітычнымі асацыяцыямі і культурнымі кангрэсамі. Гэта рэгіён з уласнай апрычонай культурай.
Прафесар Стэн дэ Гір (памёр у 1933 г.), напісаўшы для шведскага геаграфічнага часопіса «Geografiska Annaler» у 1928 г., быў першым, хто ўжыў назву «Балтаскандынавія» ў дачыненні да геаграфічнага рэгіёну, што складаецца са Скандынавіі і краінаў Балтыі. Артыкул Стэна дэ Гіра, на наш погляд, быў першым намаганнем геаграфічна аддзяліць усходнебалтыйскія краіны ад рускіх раўнінаў і ўлучыць іх у Скандынаўскі рэгіён. Шэсць гадоў географы не надавалі гэтай лагічнай класіфікацыі дастатковай ўвагі. Тая акалічнасць, што чатыры балтыйскія рэспублікі належалі да Расійскае Iмперыі і былі працягам Вялікіх рускіх раўнінаў, сталіся вынікам улучэння іх большасцю географаў у Рускі геаграфічны рэгіён. У лютым 1934 г., калі мы наведалі сталіцы трох скандынаўскіх краінаў, нашыя лекцыі па балтаскандынаўскім пытанні ва універсітэтах і перад геаграфічнымі таварыствамі выклікалі нашмат жывейшае абмеркаванне, цалкам прыхільнае да новай рэгіянальнай перагуртоўкі скандынаўскіх і балтыйскіх краінаў. У выніку гэтага назва «Балтаскандынавія» пачала ўсё часцей і часцей з’яўляцца ў прэсе і з часам набыла адчувальнае прызнанне.
Вялікія прасторы не могуць абагульняцца выключна паводле адной агульнае рысы. Прынамсі некалькі важных, адмысловых характарыстык павінныя сустракацца па ўсім рэгіёне, у адпаведнасці з дакладным супадзеннем гэтых фактараў мы вызначаем межы пэўнага раёну. Згодна са Стэнам дэ Гірам, калі разгляданая мясцовасць улучае тую частку, дзе абраныя адрозныя рысы добра выяўленыя, то правесці мяжу няцяжка. Iдэальнай мяжой з’яўляецца такая, дзе разгляданая рыса не назіраецца на другім баку; гэта называецца абсалютнай мяжой. Але такія абсалютныя межы не заўсёды можна ўсталяваць, у такім выпадку вызначаецца мяжа адноснай інтэнсіўнасці.
Абмінаючы кліматычныя і біягеаграфічныя фактары, Стэн дэ Гір грунтуе балтаскандынаўскі рэгіён на наступных дзевяці асноўных характэрных рысах: 1) Фінаскандыя — прастора архейскіх узвышшаў; 2) Паўастраўная прастора Паўночнай Еўропы; 3) Фінаскандыя — прастора характэрнай марэннай тапаграфіі; 4) Фінаскандынаўская ўздымная прастора; 5) Ядро (цэнтр) паўночнай расы; 6) Прастора дзвюх фінаскандынаўскіх моваў; 7) Прастора пратэстанцтва; 8) Прастора цяперашніх паўночных дзяржаваў; 9) Прастора паўночных дзяржаваў, што існуюць 2000 гадоў і дасягнулі свайго найвышэйшага развіцця ў сучаснасці.
А цяпер сцісла разгледзім гэтыя дзевяць фактараў:
Фінаскандыя — прастора архейскіх узвышшаў.
Паводле карты Седэргольма, Фінаскандыя ўлучае Нарвегію, Швецыю і Фінляндыю. Стэн дэ Гір мяркуе, што такая Фінаскандыя ёсць ядром Балтаскандынавіі, бо тут прысутнічаюць усе дзевяць фактараў. Гэты геалагічны рэгіён дэ Гір прыкмячае падобным да Лаўрэнтыйскага рэгіёна Паўночнай Амерыкі. Гэта дакладна вызначаная мясцовасць, якая выбітная сваімі ф’ёрдамі і шкерамі. Яна складаецца са старадаўняга горнага рэльефу, што значна пацярпеў ад лядовай дэнудацыі і абмяжоўваецца Балтыйскім морам з Поўдню на Поўнач, Фінскім залівам і шведскімі азёрамі з Захаду на Усход.
Паўастраўная прастора Паўночнае Еўропы.
Гэтая другая рыса залучае вобласць, шырэйшую ад першай. Да яе дадаецца Данія, Усходняя Карэлія і Кольскі паўвостраў. Паўастраўная сістэма злучаная з кантынентам чатырма перашыйкамі агульнаю даўжынёю ў 350 км. Часткова ізаляваныя ад кантыненту, гэтыя паўастравы прыстасаваліся да прыморскага жыцця і развілі больш актыўную і незалежную цывілізацыю.
Дэ Гір не ўлучае Эстонію ў гэты паўастраўны рэгіён, хаця яе з трох бакоў атачае вада. Нават частку Латвіі — Паўночную Курляндыю — можна ўважаць за паўвостраў.
Фінаскандыя — прастора характэрнай марэннай тапаграфіі.
Значнасць гэтага марэннага фактару для заходнебалтыйскіх краінаў найбольш высокая, бо гэткія межы раскінуліся найдалей на Усход. Сягаючы за шматлікія марэнныя ўзгоркі і азёры, яна ўлучае ў Балтаскандынавію амаль усю Літву, Паўночную Беларусь і значную частку Заходняй Расіі. Гэты багаты на марэны краявід характарызуецца вялікай разнастайнасцю рэльефу і некалькімі тысячамі разрозненых азёраў. На Поўдзень і Усход ад гэтае мяжы рэльеф становіцца больш плоскім, бо ўтвораны водналедавіковымі адкладаннямі.
Фінаскандынаўская ўздымная прастора.
Яна ўлучае ўсю тую мясцовасць, дзе дакладна прасочваецца нават найменшы ўздым. Гэты рэгіён ахоплівае не толькі ўласна Фінаскандыю, але таксама Эстонію, Латвію і маленькую частку паўночна-заходняй Літвы. Такая ўздымная паверхня мела пэўную практычную значнасць у даўнейшыя часы ў Батнічным заліве, дзе за колькі стагоддзяў вада на некалькі кіламетраў адступіла ад узбярэжных мястэчак.
Гэтыя першыя чатыры балтаскандынаўскія рысы ставяцца да фізічнае сферы, таму апісанне іхніх асаблівасцяў можа быць правераным і адносна бясспрэчным. У адрозненні ад іх, некаторыя разыходжанні ў перакананнях могуць з’явіцца пры абмеркаванні наступных пяці антропагеаграфічных крытэраў Балтаскандынавіі:
Ядро (цэнтр) паўночнае расы.
Стэн дэ Гір праводзіць паўднёва-ўсходнюю мяжу панавання паўночнай расы па мяжы паміж літоўцамі і беларусамі, ахопліваючы Латвію, Эстонію і нават частку Паўночнае Расіі (басейны Нявы і Паўночнай Дзвіны). У цяперашні час гэтыя межы, натуральна, могуць быць толькі адноснымі, яны чакаюць удакладнення праз адкрыцці наступных даследзінаў гэтых рэгіёнаў. Хаця ў нас няма дакладных звестак, мы часова можам пагадзіцца на тое, што краіны Балтыі, разам з Літвою, падзяляюць больш супольных антрапалагічных рысаў са скандынаўскімі прадстаўнікамі нардычнай расы, чым з альпійскімі славянамі. Аднак у Еўропе ўжо шмат стагоддзяў няма чыстых расаў, і таму нават прыблізныя межы нельга вызначыць дакладна.
Прастора дзвюх фінаскандынаўскіх моваў.
Залучаючы толькі два моўныя гурты (скандынаўскі і фінска-вугорскі), Стэн дэ Гір без дастатковых абгрунтаванняў аддзяляе ад Балтаскандынавіі трэці балтыйскі гурт, які складаецца з літоўскай і латышскай моваў. Абступаючы паўднёва-ўсходні бераг Балтыйскага мора, гэты гурт гарманічна далучаецца да фінаскандынаўскіх моваў і ніколі не быў аднесены класіфікацыяй у большы славянскі рэгіён. Таму моўная мяжа Балтаскандынавіі на Паўднёвым Усходзе павінная праводзіцца ўздоўж рысы панавання літоўскай і латышскай мовы.
Прастора пратэстантызму.
Абмяркоўваючы толькі пратэстантызм, Стэн дэ Гір пакідае па-за балтаскандынаўскімі межамі амаль усю Літву, траціну Латвіі (Латгалію) і рог Эстоніі. Яму было б мэтазгодна выняць з Балтаскандынавіі праваслаўныя краіны, бо праваслаўная царква стварыла свой уласны пакорлівы тып культуры і менш арганізаванае рэлігійнае жыццё. Амаль тысячу гадоў пратэстанцкія краіны Заходняе Еўропы выношвалі плён сваёй цывілізацыі ва ўлонні каталіцтва. Калі мы будзем вывучаць культурнае жыццё і характар насельніцтва змяшаных рэлігійных зонаў Еўропы, мы ўбачым вельмі малую розніцу паміж каталікамі і пратэстантамі. Гэтая розніца не замінае шчыльным стасункам і шырокаму супрацоўніцтву. За апошнія дваццаць гадоў літоўскае каталіцкае жыццё і культура зведала моцны ўплыў шматлікіх інтэлігентаў, што навучаліся ва універсітэтах Заходняе Еўропы. Тыя ж сувязі заходняй цывілізацыі лучаць Літву і Скандынавію. Гэтыя і іншыя фактары абуджаюць сталую і сапраўдную прыхільнасць да скандынаўскіх краінаў. Такім чынам, рэлігійную і культурную балтаскандынаўскую мяжу варта пасунуць да краю праваслаўнага рэгіёну.
Прастора цяперашніх паўночных дзяржаваў.
Дэ Гір улучае ўсю Скандынавію (разам з Даніяй і Iсландыяй) і Фінабалтыю ў мясцовасць паўночных дзяржаваў, але вымае Літву. Разам з тым, што ён не падае ўсіх крытэраў гэткага рашэння, ён знаходзіць ва ўсіх гэтых паўночных краінах адну супольную рысу: яны ўсе з’яўляюцца морскімі нацыямі з камерцыйнымі партамі ў якасці сталіцаў. У час, калі пісаў дэ Гір, актуальным быў падзел Літвы, але сённяшняга дня гэта не тычыцца. Літва, пасля некаторых ваганняў, за апошнія гады стварыла маленькі, але дзейсны гандлёвы флот і ў будучыні можа вельмі ўдала развіць сваё гандлёвае мараплаўства да ўзроўню, калі яе сапраўды стануць уважаць за морскую дзяржаву.
Астатнія чыннікі таксама вымагаюць залічэння Літвы ў паўночныя дзяржавы. Адной з такіх падставаў з’яўляецца геаграфічная шырыня. Калі мы прымем Гібралтар за паўднёвы край Еўропы, а мыс Нордкап за паўночны, то тады 54-ая паралель станецца мяжою паміж Паўночнай і Паўднёвай Еўропай. У рэчаіснасці гэтая паралель знаходзіцца троху на поўдзень ад Даніі і Літвы. Да таго ж, амаль уся Літва знаходзіцца ў тых жа геаграфічных шырынях, што Данія і Паўднёвая Швецыя (ажно да Гальмстада і Кальмара), і таму клімат там нават халаднейшы, чым у Капенгагене, Осла, Гётэборзе і Стакгольме.
Яшчэ адной падставай з’яўляецца паўночны характар і тэмперамент літоўцаў, які ў міжнародных зносінах праяўляецца ў стрыманасці і абачлівасці. Гэтыя самыя нардычныя характэрныя рысы выявіліся не толькі пры ўрэгуляванні праблемы Аландскіх астравоў ці Грэнландыі, але таксама пры вызначэнні межаў паміж Латвіяй і Эстоніяй і паміж Літвой і Латвіяй. Балканскія рысы ці схільнасці ніколі не праяўляліся ў гэтых дыскусіях. З гэтае нагоды цалкам справядліва ўважаць Літву за паўночную дзяржаву.
Прастора паўночных дзяржаваў, што існуюць 2000 гадоў і дасягнулі свайго найвышэйшага развіцця ў сучаснасці.
За цэнтр гэтае зоны Стэн дэ Гір прымае Данію і Швецыю, а ў перыферыю ўлучае ўсе тыя краіны, што былі ім доўгі час падпарадкаваныя. З пазнейшага пункту погляду, толькі Літва з’яўляецца выняткам. Ужо з X стагоддзя літоўскія княствы пачалі ўтвараць сваю ўласную дзяржаву, а з XIII па XV стагоддзе Літва была дастаткова магутнай, каб адбіваць не толькі тэўтонскія, але і татарскія нашэсці. Кіроўны цэнтр гэтае дзяржавы заўсёды знаходзіўся ў паўночным рэгіёне, у паўночнае частцы басейну Нёмана (Вільня), хаця геаграфічны цэнтр Літвы амаль 200 гадоў (XIV — XVI стагоддзі) знаходзіўся ў Кіеве. Літоўскае панаванне на вялізных тэрыторыях узбярэжжа Чорнага мора і басейну Дняпра выклікала шырокае расцярушванне энергіі і намаганняў, прадухіляючы такім чынам умацаванне ўласнае культуры. Гэта, напэўна, было самай вялікай перашкодай да культурнай сталасці літоўскае нацыі. Як вынік, цяперашнія літоўскія лідэры не думаюць, што Літва дасягнула найвышэйшае ступені сваёй велічы і культурнага развіцця напрыканцы Сярэднявечча.
Хаця скандынаўскія нацыі і зведваюць сёння культурны і эканамічны росквіт, сродкі на культурныя і эканамічныя перамогі ўсходнебалтыйскіх нацыяў, і асабліва Літвы, толькі пачынаюць вылучацца. Магчыма, толькі пад канец гэтага стагоддзя вышэйзгаданыя краіны здолеюць нарэшце дасягнуць росквіту годнасці і культурнае велічы. На нашых вачах перагортваецца самая важная старонка балтыйскае гісторыі. Гэтым нацыям яшчэ наканавана зведаць пакуты вялікае стваральнае працы. I ў гэтым сэнсе яны мусяць далучыцца да гурту паўночных дзяржаваў, што ў сучаснасці дасягнуць найвышэйшага культурнага развіцця.
Усе дзевяць геаграфічных характарыстык, што апісаныя Стэнам дэ Гірам, прысутнічаюць толькі ў Фінаскандыі, якая складаецца з Нарвегіі, Швецыі і Фінляндыі. У выпадку Даніі і Эстоніі мы назіраем сем з тых фактараў, у Латвіі — шэсць, а ў Літвы — два. Гэтак публіцыст вымае Літву з сям’і балтаскандынаўскіх нацыяў. Аднак, не жадаючы ізаляваць яе,Стэн дэ Гір змушаны ўлучыць гэтую краіну ў славянскі рэгіён, хоць яна таго не вартая праз этналагічныя і палітычныя чыннікі і не можа быць адлучанай ад сваёй сястры Латвіі і сваячкі Эстоніі, з якімі ў яе шмат характэрных падабенстваў.
Прымаючы да ўвагі даследзіны балтаскандынаўскіх характарыстык Стэна дэ Гіра, дазвольце нам дадаць пэўныя ўласныя антропагеаграфічныя крытэры да геаграфічных і культурных межаў балтаскандынаўскага рэгіёну. Дзеля гэтае мэты мы будзем ужываць класіфікацыю, якая ўлучае наступнае: 1) Балтаскандынавія — прастора характэрных марэнаў, якая складаецца з вельмі аднастайнага прыроднага асяродку для сельскае гаспадаркі і жывёлагадоўлі; 2) Край нацыяў пераважна паўночнага характару; 3) Балтаскандынавія — прастора сямі малых моваў; 4) Балтаскандынавія — край заходняга хрысціянства; 5) Балтаскандынавія — завершаны хаўрус паўночных дзяржаваў, якія гарманічна атачаюць Балтыйскае мора і надаюць яму сапраўды міжземны характар; 6) Балтаскандынавія — край малых нацыяў, супольных культурных інтарэсаў і ўзаемных сімпатыяў, дзе разнастайнасць моваў і культураў не замінае ўзаемнай павазе, супрацоўніцтву і міру. З іншага гледзішча, гэта вельмі рэдкая і найбольш арыгінальная зона на нашай планеце.
Балтаскандынавія — прастора характэрных марэнаў.
Паўсюдна назіраецца вельмі падобная якасць глебы з амаль аднолькавым кліматам. Невялікі лішак дажджоў і ледзь дастатковая летняя тэмпература робіць гэты рэгіён прыдатным да вырошчвання аўса, жыта, ячменю і бульбы. Кукуруза кепска родзіць ў такім клімаце, а пшаніца расце добра толькі ў Даніі, Літве і Паўднёвае Швецыі. Глеба пасрэдная ці неўрадлівая, таму тут патрабуецца руплівая праца і прагрэсіўныя метады сельскае гаспадаркі і жывёлагадоўлі. Пануючы ўплыў малых гаспадарак прывязвае людзей да зямлі і прыватнае ўласнасці і памяншае кантраст паміж асобнымі сацыяльнымі класамі. Камунізму няма месца ў балтаскандынаўскім рэгіёне.
Край нацыяў пераважна паўночнага характару.
Сем паўночных нацыяў характарызуюцца стрыманымі, цярплівымі і настойлівымі настроямі, маюць шмат супольных фізічных рысаў, хаця яны і не ўтвараюць цалкам аднастайнага антрапагеннага тыпу. Фіны, напэўна, самыя флегматычныя і маўклівыя. Пры прасоўванні на поўдзень красамоўства нязначна ўзрастае, дасягаючы найбольшае праявы ў Дзукіі, ці Дайнаве, г.зн. Краіне песняў («daina» па-літоўску значыць «песня»), на поўдні Літвы.
Балтаскандынавія — прастора сямі малых моваў.
Сем балтаскандынаўскіх моваў належаць да трох малых гуртоў: тры з іх скандынаўскія, дзве фінска-вугорскія і дзве балтыйскія. З усіх бакоў іх атачаюць мовы нашмат большага панавання, і таму балтаскандынавы павінныя разважаць і дзейнічаць разам дзеля іхняе ж фізічнае бяспекі і культурнае незалежнасці. Нават для больш ізаляваных Швецыі і Нарвегіі немалое значэнне мае наяўнасць на ўсходзе і поўдні малых прыязных нацыяў, чым вялікіх і часам агрэсіўных сілаў, чыя імперыялістычная ўвага засяроджаная на Паўднёвае Ютландыі, Кіруне і Нарвіку.
Балтаскандынавія — край заходняга хрысціянства.
Заходняе хрысціянства, якое прадстаўленае ў Балтаскандыі дзвюма канфесіямі (як згадвалася раней), не чыніць ніякіх перашкодаў на шляху да супрацоўніцтва. Падобная рэлігійная разнастайнасць назіраецца ў Галандыі, Вялікабрытаніі, Злучаных Штатах і ў іншых месцах, яна ўзбагачае духоўнае жыццё, выклікае большую цікавасць да рэлігійных пытанняў і паніжае абыякавасць. Як вынік, каталіцкая Літва стала больш прыязнай да пратэстанцкай Латвіі, Швецыі і Эстоніі. Шмат культурных, эканамічных і палітычных пытанняў вырашаюцца паміж гэтымі краінамі мірным шляхам, нават калі яны часам тычацца канфесійных дактрынаў.
Балтаскандынавія — завершаны хаўрус паўночных дзяржаваў.
Ніводная краіна не можа быць вынятай з гэтага гурту, каб балтаскандынаўскі рэгіён не страціў свае вельмі гарманічныя авальныя абрысы і каб адна ці некалькі малых дзяржаваў не былі пакінутыя ізаляванымі, не маючы другога адпаведнага геаграфічнага рэгіёну, куды б яны маглі гарманічна ўвайсці. Гэтая завершаная сям’я нацыяў, што заахвочвае да міжнароднага і культурнага жыцця, надае Балтыйскаму мору сапраўды паўночнаміжземнаморскі характар і змяншае любую сумную аднастайнасць, якая б замінала ягонаму вобразнаму і творчаму духу. Шматстайнасць расавага паходжання, мовы і веры мелі велізарнае значэнне для росквіту класічнае цывілізацыі вакол старажытнага Міжземнага мора, і гэтая ж шматстайнасць павінная стаць каштоўнай рысай росквіту сучаснага Міжземнага мора на Поўначы. Насамрэч, дастатковая культурная шматстайнасць розніць Міжземнамор’е ад проста вялікага возера.
Балтаскандынавія — край малых нацыяў, супольных культурных інтарэсаў і ўзаемных сімпатыяў.
Шматстайнасць культураў і моваў не замінае ўсталяванню сяброўства, павагі, супрацоўніцтва і міру на слушным грунце. У сённяшнім свеце амаль немагчыма знайсці цэлыя сем суседніх нацыяў, што жывуць у сапраўдным сяброўстве. Галоўным правілам для суседзяў з’яўляецца недавер і зайздрасць адно да аднаго, пагроза адно аднаму і абяцанне вайны пры найменшае правакацыі. Выняткі з гэтага правіла насамрэч рэдкія, і Балтаскандынавія з’яўляецца адным з гэтых дзіўных і самабытных выняткаў. Нават напруга і раздражненне, выкліканыя Вялікай вайной, не перашкодзілі балтаскандынаўскім нацыям дасягнуць справядлівых і мірных супольных пагадненняў пры вырашэнні комплексу межавых праблемаў. Разуменне перамагло злосць і зайздрасць, а шырокае культурнае супрацоўніцтва зваявала ізаляцыю.
Хаця і існуе істотная адлегласць паміж Нарвегіяй і Літвой, але гэта не памяншае зацікаўленасці літоўскае моладзі ў цудоўных нарвежскіх ф’ёрдах і гарах, таксама як гаспадары на ўсходнім беразе Балтыі захапляюцца дацкай сельскагаспадарчай сістэмай і пераймаюць яе. Падобным чынам літоўскіх турыстаў прыводзіць у захапленне прыгажосць эстонскіх астравоў, шведскіх і фінскіх шкераў, велічных гораў і прывабных гарадоў Скандынавіі.
Увогуле, балтаскандынаўская геаграфічная адзінка з’яўляецца эканамічна багатым і працавітым рэгіёнам, чыя дастатковая культурная шматстайнасць робіць яго цікавым з сотні нагодаў. У гэтым рэгіёне шмат мінералаў, хоць і няма нафты ці вугалю. Аднак на шмат якіх рэках пабудаваныя гідраэлектрычныя станцыі, каб замяніць вугаль. На некаторы час Літва можа стаць сціплым балтаскандынаўскім зернясховішчам. Актыўнае і працавітае насельніцтва Балтаскандынавіі здольнае гандляваць і займацца камерцыйнай дзейнасцю. Узмоцненыя і палепшаныя зносіны па моры і паветры скароцяць адлегласці, а ўзровень жыцця, які цяпер нечувана расце, дазволіць нават сярэднім грамадзянам Усходняе Балтыі наведаць такія цудоўныя гарады, як Стакгольм і Капенгаген, узняцца на паўтары мілі да даху Паўночнае Еўропы, паглядзець на велічныя ф’ёрды, азёры і сонца апоўначы. Падобным жа чынам усходнебалтыйскія краіны прывабілі ўвагу прадпрымальных скандынаўскіх турыстаў. Яны прыязджаюць ва ўсё большае колькасці, каб пабачыць простую, але ўражальную прыгажосць балтыйскае вёскі, сціплае, але настойлівае імкненне да руху наперад; убачыць, як нацыі нараджаюцца і вызначаюць свой лёс; адчыніць новыя вялікія рынкі для свайго капіталу і прадпрыемстваў.
Мы спадзяемся, з напісанага зразумела, што ўвасабленне ў працяглую і прывабную рэальнасць ідэі Балтаскандынавіі вартае найлепшае і самае ўплывовае разумовае падтрымкі сямі нацыяў. Гэтак мы будзем служыць міру і духоўна ўзбагачаць мільёны высакародных і настойлівых людзей.
II. Балтаскандынавія як палітычная і вайсковая адзінка
Станоўча збалансаваная прапорцыя розных складовых нацыянальных гуртоў з’яўляецца фактарам, які дапамагае развіццю супольнага дабрабыту і супрацоўніцтва ў Балтаскандынавіі. Самай вялікай і магутнай балтаскандынаўскай краінай сталася б Швецыя з 6,300,000 жыхарамі; самай маленькай — Эстонія з 1,150,000 жыхарамі. Швецыя складала б толькі чвэрць балтаскандынаўскага насельніцтва і магутнасці, таму няма ніякіх падставаў сцерагчыся ейнага панавання. Яна была б папросту першай сярод роўных. I Данія, і Фінляндыя, і Літва маюць каля чатырох мільёнаў насельнікаў. Мы не можам уявіць магчымасці ні агрэсараў, ні ахвяраў агрэсіі ў такім хаўрусе нацыяў. Балтаскандынавія — гэта надзіва прапарцыйны рэгіён, ён ідэальна авальны паводле абрысаў і складае гарманічную геаграфічную адзінку.
У Балтаскандынавіі існуе малая верагоднасць палітычных спрэчак, бо кожная краіна мае дакладна вызначаныя межы, і яны ўзаемна прызнаныя. Нібы сем сем’яў жывуць у адной хаце, і кожная мае свой уласны пакой, у які сусед не сунецца без запрашэння. Такое ўзаемнае паразуменне і зычлівасць, што грунтуецца на гістарычна спраўджаных, дакладна вызначаных і прызнаных межах, з’яўляецца першым патрабаваннем да мірных зносінаў любога гурту нацыяў.
Аднак варта зазначыць, што балтаскандынаўская палітычная адзінка ніколі не змагла б стаць згуртаванай і цалкам аб’яднанай нацыяй, якой, напрыклад, з’яўляюцца сёння Злучаныя Штаты. Такі хаўрус не спалучальны з нацыянальным індывідуалізмам, прагай да свабоды і пэўнымі культурнымі ды эканамічнымі адрозненнямі краінаў, якія ўтвараюць Балтаскандынавію. Гістарычныя традыцыі некаторых з гэтых нацыяў будуць у далейшым прадухіляць утварэнне дасканалае федэрацыі. Спачатку Данія, затым Літва і троху пазней Швецыя — кожная ў мінулым мела перыяд сапраўднага імперскага будаўніцтва. Усе нацыі, нават тыя, што са сціплымі гістарычнымі традыцыямі, высока шануюць сваё ўласнае культурнае жыццё і незалежнасць. Таму больш дзейсным кампрамісам стала б утварэнне больш гнуткае канфедэрацыі ці асацыяцыі з найбольшым націскам на патрэбу ў агульнае абароне супраць агрэсіі. Пасля перыяду аднаўлення, развіцця і павелічэння камерцыйнае магутнасці Балтаскандынавія стане слушнай моцай і па вайне зможа стварыць добра падрыхтаваную армію ў прынамсі два мільёны жаўнераў і ваенна-морскі флот амаль настолькі ж магутны, як і цяперашні нямецкі. Ваенна-морская моц і паветраныя войскі былі б важнымі для ейнае абароны, бо толькі з дапамогай гэтых абарончых адзінак яна здолее захаваць Балтыйскае мора вольным і адкрытым. [...]
Калі б Балтаскандынавія была ў агульным выглядзе арганізаваная ў асацыяцыю нацыяў, тады б не было патрэбы ў супольнае канстытуцыі і супольным урадзе. Балтаскандынаўскі камітэт, што складаецца з дэлегатаў, якія абраныя парламентамі сямі нацыяў і якім нададзеныя шырокія афіцыйныя паўнамоцтвы, распрацаваў бы палітыку супольнае абароны, вызначыў бы накірунак замежнае палітыкі на карысць найлепшых інтарэсаў нацыяў-хаўруснікаў і значна заахвоціў бы культурнае і эканамічнае супрацоўніцтва. Аб'яднаны генеральны штаб быў бы сфармаваны з лідэраў кожнае з арміяў, якія б у час вайны і міру трымаліся мэтазгоднае праграмы абароны на сушы, на моры і ў паветры. Гэты аб'яднаны генеральны штаб меў бы права перасоўваць сілы кожнае арміі, цалкам ці часткова, куды б ні меркавалася неабходным дзеля супольнае абароны.
Асноўны накірунак замежнае палітыкі вызначаўся б міжпарламенцкім камітэтам, які б па чарзе ўзначальвалі ўсе дэлегаты ад сямі нацыяў. У Лізе нацыяў і астатніх міжнародных асацыяцыях усе прадстаўнікі сямі народаў прытрымліваліся б разам узгодненае палітыкі па кожным пытанні. У некаторых краінах Балтаскандынавія магла б мець супольныя пасольствы, духоўныя місіі і прадстаўніцтвы.
Асацыяцыя нацыяў неабавязкова мела б мытны хаўрус, але пасля дастатковага вывучэння і абдумвання было б магчыма прыйсці да пэўнага ўзаемнага пагаднення па мыце. Спачатку было б дастаткова папросту панізіць падаткі на міждзяржаўную камерцыю і павялічыць супольны гандаль. Сталіца багатае Швецыі і Данія знойдуць блізкае і прыбытковае поле для інвестыцыяў ва ўсходнебалтыйскіх краінах. Эканамічнае супрацоўніцтва выдатна заахвоціла б развіццё прамысловасці і гандлю па абодва бакі Балтыйскага мора. Узровень жыцця і ўсеагульны дабрабыт мог бы палепшыцца па ўсёй Балтаскандынавіі.
Пры арганізацыі Балтаскандынаўскае Канфедэрацыі будзе неабходна разам стварыць адзіную канстытуцыю, узор для якой можна знайсці ў канстытуцыі Швейцарыі, Злучаных Штатаў і Брытанскае Садружнасці. Канстытуцыю Злучаных Штатаў нельга капіяваць цалкам, бо Балтаскандынавія не складаецца з адное нацыі, адное мовы і адное культуры. Яна будзе канфедэрацыяй сямі асобных нацыяў. Кожная нацыя мае грунт і нагоду для абароны ды развіцця сваёй мовы і культуры, захавання звычаяў, што трымаюцца на стагоддзях гістарычнае традыцыі. [...]
Балтаскандынавія складаецца з трох каралеўстваў і чатырох рэспублік. Праз гэтую разнастайнасць формаў ураду будзе нялёгка вырашыць пытанне галавы выканаўчае ўлады Канфедэрацыі. Магчыма, найпрасцейшым рашэннем, калі б самі скандынавы былі згодныя, будзе надаць шведскаму каралю яшчэ адзін тытул: імператар Балтаскандынавіі. Скандынаўскія манархіі насамрэч больш дэмакратычныя за большасць рэспублік: іхнія каралі маюць менш выканаўчае ўлады, чым прэзідэнт Злучаных Штатаў. Аднак калі б большасць жыхароў праз сваіх дэлегатаў выказалі прыхільнасць да рэспубліканскае формы ўраду, то тады найбольш ідэальным узорам была б Швейцарыя, дзе няпісаны закон дае магчымасць кожнаму выбітнаму нацыянальнаму, рэлігійнаму і палітычнаму гурту па чарзе ўзначальваць урад.
У Швейцарыі тры мовы мяркуюцца роўнымі і афіцыйнымі. Аднак ужыванне сямі афіцыйных моваў было б непрактычным. Кожная нацыя мела б дзве афіцыйныя мовы: сваю ўласную нацыянальную і мову, абраную для міжкраёвых зносінаў у межах Канфедэрацыі. Напэўна, найбольш дасканалым выбарам для агульнага выкарыстання сталася б англійская мова. Было б лепей, каб апроч таго Канфедэрацыя прызнала дзве афіцыйныя супольныя мовы: англійскую, а таксама шведскую, што найбольш шырока вядомая сярод скандынаўскіх нацыяў і ў меншае ступені ў Фінляндыі. Балтыйскія нацыі маюць прыроджаную здольнасць да вывучэння моваў, і для іх не будзе складаным навучыцца размаўляць на дзвюх замежных мовах.
Міністэрствы. Будзе дастаткова чатырох асноўных міністэрстваў: замежных справаў, абароны, камунікацыяў і фінансаў. Кожная нацыя і надалей будзе мець уласную армію, але ўсе будуць аб’яднаныя пад супольным кіраўніцтвам аднаго генеральнага штабу і аднаго лідэра. Апошні будзе прызначацца толькі падчас крайняе неабходнасці. Міністэрства камунікацыяў мела б уладу толькі над самымі важнымі лініямі і артэрыямі сувязі, што ўплываюць на міжнародныя зносіны ў межах Канфедэрацыі. Грашовыя адзінкі кожнае з сямі нацыяў мелі б аднолькавыя кошт і вартасць, хаця іхнія назвы маглі б застацца адрознымі ў кожнае краіне. Міністэрства фінансаў кантралявала б супольныя падаткі і мытні, у той самы час астатнія галіны фінансавае сістэмы былі б дэцэнтралізаванымі і заставаліся б пад юрысдыкцыяй кожнага з урадаў. Любая нацыя па жаданні магла б мець уласныя дыпламатычныя місіі і консульствы, трымаючыся ўзору брытанскіх дамініёнаў.
Адной асобе амаль немагчыма дэталёва апісаць завершаную структуру гэткага праекту. Тут мы папросту высунулі некалькі прапановаў дзеля далейшага абмеркавання.
III. Гістарычны падмурак Балтаскандынаўскай ідэі
Тут неабавязкова спасылацца на намаганні шведскіх каралёў па аб’яднанні нацыяў, што атачаюць Балтыйскае мора, у XVII і XVIII стагоддзях. Але, паміж іншым, мы можам згадаць, што гэтыя намаганні былі сустрэтыя са шчырай падтрымкай лідэрамі высокіх літоўскіх колаў, напрыклад, літоўскі князь Януш Радзівіл і шведскі генерал Магнус дэ ла Гарды падпісалі дамову аб хаўрусе Швецыі і Літвы ў Кейданах у 1655 годзе. Высокая павага, з якой да князя Радзівіла і ягонае палітыкі ставяцца цяперашнія літоўцы, можа ілюстравацца той акалічнасцю, што адзін з палкоў сучаснае літоўскае арміі названы ў ягоны гонар.
Падчас Першай Сусветнай вайны (1914 — 1918 гг.) ідэя хаўрусу паўночных і балтыйскіх нацыяў распаўсюджвалася мэрам Стакгольму Ліндгагенам, чалавекам шырокіх поглядаў. Ягоны рух, аднак, сустрэў падтрымку толькі ў малога гурту шведскіх ідэалістаў. У Літве тая ж ідэя прасоўвалася выбітнымі людзьмі, што добра знаёмыя са Скандынавіяй: доктарам Ёнасам Шлюпасам, Канонам Тумас-Вайжгантасам, філосафам Шалькаўскісам, міністрам фінансаў Iчасамды інш. Доктар Ёнас Шлюпас і Канон Тумас-Вайжгантас склалі буклеты па гэтым пытанні. Асабліва асветным быў буклет «Вакол Балтыі», напісаны добра вядомым аўтарам, улюбёным святаром і гуманістам Вайжгантасам (Вільня, 1919). Прыводзім некалькі ўрыўкаў з гэтай працы:
«Апроч меркаванняў камерцыі і гандлю найбольш кіроўнай моцай да нашага хаўрусу са Скандынавіяй з’яўляецца іхняя культура. Але нехта можа запытацца, навошта так далёка ісці па культуру, калі мы маем немцаў у непасрэднае дасяжнасці? Праўда, што ёсць прыклад высока развітае нямецкае культуры практычна пад нашым уласным дахам, але якая карысць з гэтае культуры, калі яна не стасуецца з намі? Толькі некаторыя сельскагаспадарчыя і архітэктурныя паляпшэнні, бачныя ў Жамойці (Нізкія Землі), перанятыя ў немцаў. Нямецкая культура і думка, нават найвышэйшага парадку, ніколі раней і ніколі ў прышлым не ўкарэняцца глыбока ў літоўскую свядомасць, бо яны ненатуральныя, штучныя і грунтуюцца на прымусе. Нямецкая культура не развівалася з масаў, а нарадзілася і паходзіла толькі з вышэйшых афіцыйных колаў, як летняя расліна, што ўзімку штучна знесеная ў цяпліцу і таму ненатуральна развітая, бо перасаджаная задоўга да свайго часу».
Пра скандынаваў ён піша (с.10): «Скандынавы працавітыя, дасведчаныя і валодаюць высокім узроўнем агульнае і адмысловае адукацыі, так што з дзяцінства яны падрыхтаваныя да дасягнення грунтоўнага поспеху і багацця; яны спакойныя, стрыманыя, памяркоўныя, шчырыя, даверлівыя і добра выхаваныя; што яны пачынаюць, яны закончваюць; яны ашчадныя на словы і выраз пачуццяў; а калі яны ў запале, то жыва рашучыя ў працы, гутарцы і рухах».
Пасля вайны, у 1918 — 1920 гг., пра ідэю хаўрусу нацыяў, што атачаюць Балтыйскае мора, марылі палітычныя рамантыкі: літоўцы, латышы і эстонцы практычна ідэалізавалі скандынаваў за іхнія культурныя і эканамічныя дасягненні. Шэрагі шведскіх вайсковых афіцэраў добраахвотна прыйшлі на дапамогу балтыйскім нацыям у іхнім змаганні супраць расійскага імперыялізму, які спрабаваў тады падарваць памкненні балтыйскага люду да незалежнасці і свабоды. Троху пасля шведская стала прывілеяванай мовай у балтыйскіх універсітэтах, а літоўская і латышская былі ўлучаныя ў навучальныя праграмы скандынаўскіх вышэйшых навучальных установаў. Ёсць нашмат болей тагачасных сведчанняў духу сяброўства і добразычлівасці, які ўзмацняўся паміж нацыямі па абодва бакі Балтыйскага мора.
Пасля гэтае вайны існуюць усе магчымасці, каб праблемы ў зносінах паміж рознымі еўрапейскімі рэгіёнамі зведалі дзейснае абмеркаванне і каб была прынятая пэўная пастанова. Стварэнне Балтаскандынаўскае Канфедэрацыі сталася б, напрыклад, спрыяльным развязаннем занадта ўскладненага прускага пытання. Абодва берагі ракі Нёман, якія ўсё яшчэ пераважна літоўскія, павінныя вярнуцца да Літвы, у той час як азёрная мясцовасць Мазуры, дзе яшчэ размаўляюць па-польску, павінная перайсці да Польшчы. Але што рабіць з амаль двума мільёнамі немцаў, што жывуць паміж Краляўцом і Данцыгам? Калі гэты рэгіён застанецца часткай Нямеччыны, тады становішча Польшчы застанецца нявырашаным. Але калі б Усходняя Прусія стала часткай Балтаскандынавіі з поўным самакіраваннем і прызнанай аўтаномнай адзінкай Канфедэрацыі, тады б стратэгічная пазіцыя Польшчы бязмерна палепшылася, бо болей не было б праблемы «калідору». Простая логіка геаграфічнага размяшчэння вызначае выбар немцаў з Усходняе Прусіі. Вялікай перавагай для іх было б аб’яднацца з іншымі малымі нацыямі ў канфедэрацыю, дзе іхнія правы, прывілеі і вольнасці аўтаматычна атрымалі б адпаведнае прызнанне і памяркоўнае стаўленне. [...]
Чытач можа запытацца: ці ёсць увогуле магчымасці для ўтварэння такое Балтаскандынаўскае Канфедэрацыі? Ці ёсць якая падтрымка гэтае ідэі сярод саміх балтаскандынаваў?
Мы не толькі адчуваем, але ведаем з асабістых стасункаў, што хаўрус балтыйскіх нацыяў са скандынавамі ўспрымаецца з вялікай прыхільнасцю шмат якімі інтэлектуальнымі і палітычнымі лідэрамі Балтыі. Народы балтыйскіх дзяржаваў звернутыя да Захаду і Скандынавіі, а не да Усходу. Аднак гэтая маральная падтрымка і пасіўная ўхвала будзе недастатковай, калі гэты прывабны практычны план стане здзяйсняцца. Гэтае актыўнае здзяйсненне амаль цалкам залежыць ад Швецыі — самай вялікай і цэнтральнай краіны Балтаскандынавіі. Паколькі Стакгольм найбольш верагодна стаў бы сталіцай Балтаскандынавіі і ейным дынамічным цэнтрам, уласна шведы абавязкова мусяць выразіць сваё меркаванне на гэты конт і прыняць лідэрства ў гэтым руху. Астатнія балтаскандынаўскія нацыі дадуць бясспрэчную падтрымку шведам, але яны самі спачатку павінныя ўхваліць план і ўзяць ініцыятыву. Гэтага выразу ўхвалы, варта зазначыць, усё яшчэ не стае. Шмат сумневаў і няпэўнасці, відаць, знікнуць пасля заяваў на гэты конт ад палітычных лідэраў Злучаных Штатаў і Вялікабрытаніі, але гэтага таксама да цяперашняга часу не ставала. Таму нават тыя літоўскія прыхільнікі Балтаскандынаўскае Канфедэрацыі, якія заахвоцілі нас неадкладна выдаць гэты буклет, не могуць наважыцца выказаць якую здагадку пра будучыню гэтага руху.
У апошні час у гэтае краіне мы чулі мноства меркаванняў, што тычацца магчымасці далучэння балтыйскіх нацыяў да Цэнтральнаеўрапейскага блоку, які цяпер фармуецца Польшчай і Чэхаславакіяй. Культурнае і геаграфічнае размяшчэнне балтыйскіх рэспублік робіць іх папраўдзе блізкароднаснымі да Цэнтральнае Еўропы, што зрэшты можа ўлучаць усе маленькія краіны ад Эстоніі да Румыніі. Аднак гэтая тэорыя занадта новая і патрабуе дбайнага вывучэння і параўнання меркаванняў, перад тым як мы зможам адзначыць ейныя магчымасці.
Напрыканцы відавочная адна акалічнасць: палітычная ізаляцыя поўніцца небяспекай для малых міралюбных краінаў. У інтарэсах супольнае абароны яны мусяць аб’ядноўвацца ў лігі, асацыяцыі ці канфедэрацыі малых нацыяў. Толькі гэтак яны здольныя папярэдзіць паўтор цяперашніх трагедыяў, захоп і заняволенне магутнымі агрэсарамі. Яны павінныя выкарыстоўваць усе магчымыя сродкі, каб дапамагаць падтрымліваць даўжэйшыя прамежкі міру і росквіту ў свеце. На прасторы ад Грэцыі да Фінляндыі, паміж Нямеччынай і Расіяй, каля 120 мільёнаў прадстаўнікоў малых нацыяў, чыім святым абавязкам у змаганні за аднаўленне свабоды з’яўляецца планаванне прышлага вольнага, незалежнага і мірнага жыцця.
У гэтым дусе мы і напісалі гэтую працу, спадзеючыся, што яна будзе вартая ўвагі нароўні з іншымі падобнымі праектамі. Таксама мы спадзяемся, што хаця б крыху яна выявіць рэшце свету, наколькі моцна гэтыя працавітыя, энергічныя і міралюбныя нацыі прагнуць жыць сваім мірным, стваральным жыццём і захаваць сваё становішча ў еўрапейскім аб’яднанні нацыяў.
Альманах “Druvis”, № 3, 2011. З ангельскай мовы пераклаў Антон Шаблыка паводле: Kazys Paktas. The Baltoscandian Confederation. Vilnius, 2005.
Написать комментарий
Обращались ли вы за помощью в милицию?
Объявления
Подключение стиральных и посудомоечных м...
30 бел.руб.
17:07, 03.02.2023Устранение засоров в Минске. 8(044)59683...
35 бел.руб.
17:07, 03.02.2023Замена смесителя. 8(044)5968381
25 бел.руб.
17:07, 03.02.2023Ремонт санузла и ванной комнаты. Минск....
30 бел.руб.
17:07, 03.02.2023Сантехнические работы в Минске 8(025)74...
20 бел.руб.
17:07, 03.02.2023