Закрыть

Палеская памылка Яўхіма Карскага

Палеская памылка Яўхіма Карскага

Моўны фактар вызначаў на працягу дастаткова працяглага часу нацыянальную ідэнтыфікацыю насельніцтва па ўсім усходнееўрапейскім рэгіёне. Але, па-першае, ён не заўсёды быў кангеніяльным у дачыненні да такой праблемы, якая ў пачатку ХХ ст. імкліва набывала вастрыню, а, па-другое, у сілу розных прычын яго інтэрпрэтацыі набывалі пэўны ўзровень тэндэнцыйнасці.

Палеская памылка Яўхіма Карскага

Звычайна то былі прычыны палітычнага кшталту. Многія дэмографы, лінгвісты, гісторыкі, зыходзячы са сваіх меркаванняў, абумоўленых падзейнай кан’юнктурай і асабістым паходжаннем, выхаваннем, адукацыяй, стваралі канцэпцыі на карысць той сацыяльнай ці нацыянальнай сілы, да якой яны належалі. Яўхім Карскі быў беларусам па паходжанні. І па сённяшні дзень яго працы застаюцца аўтарытэтнымі для навукоўцаў, асабліва для ўкраінскіх даследчыкаў і грамадскіх дзеячаў, калі ўзнімаецца праблема нацыянальнай прыналежнасці жыхароў Берасцейска-Пінскага Палесся (фактычна сённяшняй Брэсцкай вобласці). Гэты рэгіён Я.Карскім уключаўся ў тэрыторыю ўкраінскага этнасу. Але аналіз пазіцыі класіка ўсходнеславянскай навукі выяўляе яе слабасць адносна дадзенай праблемы. Шлях да ўдакладнення той пазіцыі, яе вартасцей і значэння паспрабуем акрэсліць у гэтым артыкуле.

Усеагульны перапіс Расійскай імперыі 1897 г. па Гродзенскай губерні паведамляе пра 22,6 % насельніцтва з роднай мовай маларускай (украінскай). Канцэнтрацыя маларосаў назіралася ў трох паветах – Брэсцкім, Кобрынскім і Бельскім (часткова), дзе яны агулам складалі каля 350 тысяч.

Крыху пазней Я.Карскі практычна толькі на аснове вывучэння беларускіх дыялектаў склаў сёння шырока вядомую «Этнографическую карту белорусского племени» (што ўжо само па сабе некарэктна, пасколькі лінгвістычныя даследаванні не ёсць этнаграфічныя), у якой тэрыторыя з беларускім насельніцтвам на Берасцейска-Пінскім Палессі была, аднак, значна рэдукавана. Прычыны, думаецца, заключаюцца ў падыходзе вучонага да праблемы нацыянальнай ідэнтыфікацыі. Складваецца ўражанне, што Я.Карскі ў разглядаемым рэгіёне вызначаў размежаванне метадам «ад адваротнага». Гэта значыць, ведаючы асноўныя асаблівасці беларускага «наречия», ён устанавіў мяжу яго распаўсюджвання. Пры гэтым гаворкі, якія адрозніваліся некаторымі сапраўды прынцыповымі рысамі, былі аўтаматычна аднесены да бліжэйшага этнасу, у нашым выпадку – украінскага (нягледзячы на таксама прынцыповыя адрозненні і ад асноўнай масы ўкраінскіх гаворак). На гэта працуюць два аргументы.

Палеская памылка Яўхіма Карскага

Першы. Як відаць па карце, распаўсюджванне беларускіх гаворак на ўсходзе Беларусі канстатавалася Я.Карскім як вельмі глыбокае. Справа ў тым, што ведаючы дасканала рускую мову, вучоны пры ўсіх цяжкасцях выразна адрозніваў яе ад беларускіх дыялектаў (як, дарэчы, і неславянскія прыбалтыйскія гаворкі, няроднасць якіх з беларускімі з’яўлялася відавочнай нават пры няведанні іншых). Да таго ж не факт, што ён асабіста даследаваў Заходняе Палессе, больш бываючы ў паўночна-заходніх і заходніх паветах Беларусі. «Вось чаму трэба лічыць межы беларускага народу, паданыя акадэмікам Карскім у Віленшчыне і на захадзе Горадзеншчыны больш трывалымі, больш угрунтаванымі, чымся паўднёвыя межы Заходняй Беларусі».


Другі. Акадэмік У.Пічэта звяртаў увагу, што Я.Карскі быў схільны лічыць беларускія дыялекты менш самабытнымі, чым украінскія, што магло і прадвызначыць у такім дыскусійным моманце перавагу меркаванняў вучонага на карысць большай распаўсюджанасці апошніх. Да таго ж у яго лінгвістычных даследаваннях Палесся Я.Станкевічам выяўляецца шмат недакладнасцей і памылак. Больш таго, на думку Я.Карскага, «белорусское наречие» было ў свой час «инструментом литературы, которая имела целью возмутить народ против православной церкви и русских», гэта значыць, для такіх меркаванняў у вучонага былі і палітычныя матывы, якія накладалі суб’ектыўны адбітак.

Тым не менш і Я.Карскі заўважаў, што складзеная ім карта акрэслівае «вобласць, якая хутчэй належыць беларускай мове, чым этнасу» (курсіў наш – А. Т.), таму гэтыя словы не трэба скідваць з рахунку. Разважаючы аб устаноўленых межах беларускіх гаворак, Я.Карскі робіць некалькі вельмі цікавых заўваг адносна іх. Прынамсі адзначае, што вызначыць дакладна мяжу на беларуска-рускім або беларуска-ўкраінскім сумежжы па сутнасці немагчыма. Гэтым самым нібы прадбачачы эвентуальнасць памылковага і тэндэнцыйнага выкарыстання вынікаў яго даследаванняў, Я.Карскі дэклараваў, што яны не прэтэндуюць на тое, каб легчы ў аснову размежавання этнасаў. Хоць у пэўным сэнсе тут можна адшукаць і супярэчнасці ў пазіцыі самога даследчыка (што ўзнікае, відаць, з прычыны іншых – сацыяльна-палітычных – меркаванняў вучонага, якія, як бачым, такім чынам зашкодзілі метадалагічным асновам навуковых пошукаў). Да таго ж, як указвае Я.Насытка, галоўны недахоп Я.Карскага (і яго папярэднікаў – А.Рыціха і Г.Ноберта) заключаецца «ў тым, што ў этнічным размежаванні народаў іх аўтары кіраваліся толькі фанэтычнымі асаблівасьцямі мовы і не ўлічвалі сукупнасьці лінгвістычных, этнаграфічных і гістарычных фактараў», а таксама ў адсутнасці належнай увагі да дадзеных перапісу 1897 г. Найбольш узважаным бачыцца меркаванне польскага вучонага Ю.Абрэмбскага, які яшчэ ў 1930-х гг. зазначаў: «Гэтую (этнічнамоўную – А.Т.) мяжу можна вызначыць толькі пасля класіфікацыі розных моўных рысаў тым ці іншым чынам, ствараючы пэўныя агульнапрынятыя прасторава-моўныя канструкцыі, і г.д. Аднак заўсёды гэтая мяжа да пэўнай ступені застаецца ападыктычнай. Гэта мяжа ці памежная паласа рысаў з сумнеўнай легітымацыяй у межах усталяванай моўнай сістэматызацыі; гэта не этнічная мяжа par excellence. Яна набывае такое значэнне толькі ў інтэпрэтацыі палітыка, які на аснове і іншых індыкатараў, а не толькі моўных, прымае рашэнне, якая з гэтых рысаў мусіць быць вырашальным крытэрам».

Такім чынам, пазіцыя Я.Карскага па разглядаемай праблеме, што з’яўлялася працяглы час найаўтарытэтнейшай для навуковага і сацыяльна-палітычнага дыскурсу краін Усходняй Еўропы, у святле яго рэмарак, а таксама шэрагу іншых аргументаў, ужо не выглядае такой адназначнай, як раней. А сама праблема нацыянальнай ідэнтыфікацыі насельніцтва Берасцейска-Пінскага Палесся ў пачатку ХХ ст. выяўляе комплексны характар, які з часу Першай сусветнай вайны рэзка палітызуецца, што ў многім і вызначае вырашэнне праблемы да сярэдзіны ХХ ст., калі тое вырашэнне стабілізавалася правядзеннем беларуска-ўкраінскай мяжы. Рэвізія «палескага» аспекту даследаванняў вучонага аднімае глебу для спекулятыўных маніпуляцый навуковай спадчынай класіка некаторымі сучаснымі даследчыкамі.

Подписывайтесь на наш Telegram-канал @govorim_news
Заметили ошибку? Выделите текст, нажмите Ctrl+Enter и оставьте замечание!

Написать комментарий

Информация
Чтобы написать комментарий вам нужно авторизоваться или зарегистрироваться

Обращались ли вы за помощью в милицию?