Вяртанне страчанага, або зноў пра Францішка Багушэвіча
Жупраны
Нас, сённяшніх беларусаў, шмат часу аддзяляе ад XIX ст., якое паўстае ў нашым уяўленні як нешта размытае і няпэўнае. На самай справе, многім мы злучаны і знітаваны з гэтым загадкавым і бурным векам. Ён хавае ў сваіх глыбінях шмат таямніц, якія ўсё ж раз-пораз усплываюць на паверхню сучаснасці. Да адной з іх я змог дакрануцца сам.
Падчас размовы з зямлячкай Ф.Багушэвіча, найстарэйшай жыхаркай вёскі Лусцішкі – Шукеловіч Гэленай Міхайлаўнай, мне ўдалося запісаць два вершы, якія пані Гэлена ахарактарызавала як “байкі”. На самай справе спачатку пані Гэлена працытавала верш, які амаль поўнасцю супадае з багушэвічаўскім “Здарэннем”. Бабуля нават і не падазравала, што ведае адзін з твораў Ф.Багушэвіча. Затым яна прачытала яшчэ адзін верш, таксама не ведаючы яго аўтара. Мне адразу здалося вельмі падазроным такое суседства ў памяці жанчыны менавіта гэтых вершаў.
Пані Гэлена распавяла, што пачула другі верш зусім маленькай дзяўчынкай. Можна меркаваць, калі сама яна нарадзілася ў 1915 годзе , што адбылося гэта ў першай палове дваццатых гадоў. З маці яна выбралася ў маліны з родных Замасцянаў, што знаходзяцца паміж Багушэвічаўскімі Кушлянамі і Жупранамі. Ісці ў ягады трэба было даволі далёка. Для малой дзяўчынкі гэта было сур’ёзнае выпрабаванне. Гэты выпадак таму і запомніўся пані Гэлене, што маці ўпершыню ўзяла яе з сабою ў маліны. Па дарозе жанчына з дачкой напаткалі яшчэ адну дзяўчынку дванаццаці-трынаццаці год, троху старэйшую за малую Гэленку. Яна таксама ішла ў ягады і далучылася да іх. Гэта дзяўчынка якраз і прачытала па памяці верш, які вельмі спадабаўся Гэленцы і яе маці. Яны папрасілі дзяўчо навучыць іх. Пакуль дайшлі да малінаў, дык добра і запомнілі. Магчыма, што тая невядомая дзяўчынка была з саміх Кушлянаў і чытала хутчэй за ўсё верш самога Ф.Багушэвіча. Верагодна, што ці яна сама, ці яе бацькі мелі непасрэдныя кантакты з сям’ёй Багушэвічаў. Ад некага з іх яна магла пачуць і гэты верш. Не трэба забываць, што было гэта зусім нядаўна пасля смерці паэта.
На Жупранскай зямлі і дагэтуль шмат цытуюць свайго слыннага земляка. Пані Гэлена ўдакладніла, што потым гэты твор некаторы час вельмі папулярным быў у Жупранах і наваколлі, яго нават спявалі на вечарынах. Як запісаў даследчык У.Содаль, спявалі ў Жупранах і верш Багушэвіча “Сватаная” і, магчыма, іншыя. (Каментарыі У.Содаля, Я.Янушкевіча да кнігі Ф.Багушэвіч. Творы. Мн.,1991. Ст.251-252).
Верш мог уваходзіць у нявыдадзены зборнік Ф.Багушэвіча “Скрыпачка беларуская”. Сапраўды, творы з гэтай кнігі павінны былі некуды дзецца. Некаторыя з іх “пайшлі ў людзі” ад самога аўтара ці яго блізкіх. Пра гэта сведчыць тое, што верш бытаваў у час, калі былі жывыя сучаснікі Багушэвіча, памяць пра яго яшчэ не паспела згаснуць.
На аўтарства Багушэвіча ў сувязі з гэтым вершам указвае ўпамінанне яго ў перапісцы жыхаркі Свіранаў і аматаркі творчасці Багушэвіча Вэрці Казлоўскай з Уладзімерам Содалем. Яна піша: ”Мяне інтарасуе адна песьня-верш, каторую я знаю ад сваёй мамы. Гэта вельмі складная, із дваццаці куплетаў, жартаўлівая песьня “Пайшла цешча да зяця ў госці” ( Ул.Содаль. Свіранскія крэскі. Мн.,1995. Ст.57). Пані Вэрця дапускае, што гэты твор мог быць апрацаванай Ф.Багушэвічам народнай песняй. Сапраўды, магло быць і так. Але магчыма і тое, што гэта фалькларызаваны твор Багушэвіча, а ў Свіранах ведаюць варыянт жупранскага запісу. Вядома, што да вайны сям’я Багушэвічаў, у прыватнасці сын паэта Тамаш, вельмі часта бываў у Свіранах. Ад яго мясцовыя людзі маглі чуць і вершы яго бацькі.
Гэты твор, на першы погляд, здаецца простым, але гэта не зусім так. Аўтар уклаў сваю думку ў рыфмаваны радок і даў на суд народу. Відаць, што зноў падцвярджае аўтарства Багушэвіча, верш быў напісаны ў часы, калі не было беларускамоўных газет, у якіх маглі б ставіцца, абмяркоўвацца надзённыя, блізкія сялянам пытанні. Менавіта тады аўтар прапаноўвае сваё вырашэнне ў літаратурным творы, надаючы яму вершаваную форму, як найбольш прыдатную для запамінання. У творы знайшлі адлюстраванне сямейныя адносіны на вёсцы. Па аўтарскай задуме свет дзеліцца на два лагеры – справядлівасці і дурнаватага граху. Гэтыя супрацьлеглыя пазіцыі рэпрэзентуюць мужчыны і жанчыны адпаведна. Прадстаўніцы жаночага полу паўстаюць перад намі як пляткаркі і гультайкі, што стасуецца з жыццёвай філасофіяй Багушэвіча, які сам даводзіў, што “Гдзе чорт не можа, там бабу пашле”, а ў чысцы, месцы мук і пакутаў, заслужана пераважаюць жанчыны:
А што баб і дзявок – сказаць так –
Утрое больш, як мужчын ёсць на лік.
Хто за што, а як баб – дык найбольш за язык,
Языкі ж даўжыні – так , як добры ручнік.”
(“Быў у чысцы”)
Мужчыны малююцца як мудрыя працаўнікі. Верш вельмі арыгінальна прадстаўляе вечную літаратурную праблему – барацьбы дабра са злом і вучыць, што трэба заўсёды быць праўдзівым і справядлівым, а за гэта будзеш узнагароджаны, калі не Богам, то людзьмі. Дабро ў любых праявах застаецца ім, а зло спараджае толькі зло. Усе людскія ўчынкі цягнуць за сабой адпаведныя наступствы.
Гэты твор у нечым судакранаецца з ананімнымі гутаркамі, спецыфічным жанры, які стаіць на мяжы мастацкай літаратуры і публіцыстыкі. Жанр гутаркі быў вельмі распаўсюджаны ў XIX ст. і служыў фармаванню грамадскіх думак і перакананняў. Аўтар, відаць, блізка сутыкнуўся з тагачаснымі заганамі, не раз яго, відаць, абгаворвалі ў сям’і, не раз даймалі плёткамі і ўшчуваннямі, кпілі з яго літаратурнай дзейнасці, што не прыносіла жаданага багацця. Гэта і спрабаваў пакрытыкаваць аўтар у займальнай форме, і тым самым даць адказ сваім апанентам, а дакладней апаненткам. Лёгкі гумар таксама ўласцівы гутаркам, як і гэтаму вершу, а таксама свядомая спрошчанасць, дыдактызм, дыялогі, ілюстрацыйнасць, бытавая канкрэтыка і вялікая доля абагульнення і г.д. Але ў дачыненні да гэтага верша трэба казаць пра больш развіты сюжэт, узмацненне займальнасці, свядомую белетрызацыю. Лепш за ўсё будзе ахарактарызаваць гэты твор як пераходны, эвалюцыйны, што ўвабраў у сябе некаторыя элементы літаратуры XIX ст., але і не выпадае з кантэксту літаратуры пачатку XX ст.
Безумоўна, дадзены паэтычны твор нельга назваць цалкам аўтэнтычным, бо ўсё ж на працягу не аднаго дзесятка гадоў верш жыў не на паперы, а ў недасканалай чалавечай памяці. Нешта магло забыцца, нешта змяніцца, але ўсё разам, радок да радка, слова да слова, з’яўляецца чароўным водгуллем мінулага, напоўмістычным прывітаннем з XIX стагоддзя.
Нарэшце, прапаную вашай увазе сам твор “Пайшла цешча к зяцю ў госці”, які захавала ўчэпістая людская памяць:
“Пайшла цешча к зяцю ў госці”
Пайшла цешча к зяцю ў госці.
Яна мела многа злосці,
Бо сярдзіты той быў зяць –
Не ўмеў цешчы паважаць.
Маладзіца зараз ў слёзы,
Лае мужа і кляне,
А бадай яго залозы,
Душыць працай ён мяне.
Да работы рана будзіць,
Пасылае, як слугу.
Да работы няма ахвоты.
Жыць тут болей не магу”.
Ты, Алена, ты, дачушка,
Чорт вазьмі з работай той,
Ліш ты толька варухайся,
Не спі ў дзень, толькі стой.
Матка дачку навучае:
– Ты, Аленка, не маўчы!
Зяць праз дзверы атвячае:
– Так, так, цешча, навучы!
Як увайшоў зяць у хату,
Даў папругай па плячу,
За твае, цешча, навукі
Заплаціць табе хачу.
Злаяў зяць цешчу на суху
І ў барану запрог.
Баба борану таскае,
Пыл пасыпаўся з-пад ног.
Цешча борану таскала,
Толькі срыбулкі бразджац.
- Но, кабылка, но, сівая, -
Ўсё падсвіствае зяць.
Но нядоўга было ўрэмя,
Пэўна, прайшло гадзін пяць.
Ну ні разу не аддыхнула,
Стаў зяць цешчу распрагаць.
Выпраг зяць цешчу з бароны,
Баба коціцца кулём.
Чэраз поле, межды жыта
Смале к дзеду перуном.
– Ты скарэй, стары, збірайся,
Йдзі Аленку ратаваць.
Але сам высцерагайся,
Бо ён катам, а не зяць.
Слухаў стары, зубы сцяўшы-
Баба плётачку пляце.
І нарэшце, кій узяўшы,
Да зяця вадзіцца ідзе.
За дзвярыма зяць схаваўся,
Вуха к клямцы прылажыў,
Слухаў ён, не варухаўся,
Што цесць жонцы гаварыў
– Дзе ж ты відзела, Аленка,
Што без працы можна жыць?
От, кідай свае ганоры,
Трэба мужу дагадзіць.
Ён, і праўда, мо нягодны,
Але не п’яніца, не гультай.
Вы жывіце, дзеткі, з Богам,
Ты свой язык прытрымай.
– Вот люблю я гэты рэчы, –
З-за дзвярэй гукае зяць.
– А за добрыя саветы
Йдзі, стары, на покуць сядзь.
Сядзь ты, бацька, на пакуце,
Смаж ты, жонка, кілбасу.
Пачакай, стары, нямножка,
Я гарэлкі прынясу.
Запішчэлі скваркі ў печы,
Забразджэла скварада.
З рук у рукі пайшлі чаркі,
Вось і гэта не бяда.
Зяць старога паважае,
І паклон яму дае,
Болей скварак падсувае,
Часцей чарку падае.
Зяць да цесця прапівае
І наказ яму вядзе:
– Прыхадзі жа ты, старэча,
І пра зяця ўспамінай.
Дзе будзеш ісці, ехаць,
Глядзі мяне не мінай.
Узваліў яму на плечы
Трохпудовы каравай.
Ідзе стары і спявае –
Бойка выпіў, закусіў.
Каравай ён ледзь трымае –
Чыста плечы аддушыў.
Віктар Шукеловіч
Написать комментарий
Обращались ли вы за помощью в милицию?
Объявления
Подключение стиральных и посудомоечных м...
30 бел.руб.
17:07, 03.02.2023Устранение засоров в Минске. 8(044)59683...
35 бел.руб.
17:07, 03.02.2023Замена смесителя. 8(044)5968381
25 бел.руб.
17:07, 03.02.2023Ремонт санузла и ванной комнаты. Минск....
30 бел.руб.
17:07, 03.02.2023Сантехнические работы в Минске 8(025)74...
20 бел.руб.
17:07, 03.02.2023