Закрыть

Арыфметыка жыцця. Як спыніць дэпапуляцыю Беларусі?

Страна Беларусь | 05-09-2011 | 19 819
Арыфметыка жыцця. Як спыніць дэпапуляцыю Беларусі?

 

Арыфметыка – дакладная навука. Супраць лічбаў няма аргументаў! Аднак дакладная навука не дае адказу на адно з пытанняў: «Чаму так адбываецца?» Чаму вымірае беларуская нацыя?

Ёсць такая вёска Альшаны ў Столінскім раёне Брэсцкай вобласці. Яе насельніцтва – 7 тысяч чалавек. Самая вялікая вёска Беларусі! У шмат якіх сем'ях – 6-8 дзяцей! У чым сакрэт? Можа ў веравызнанні? Значная частка насельніцтва вёскі Альшаны – пратэстанты. Асноўны занятак жыхароў – бізнэс, вырошчванне агуркоў.

Як спыніць дэпапуляцыю Беларусі? Тэму даследуе Фадзей Шымуковіч, былы настаўнік з Дзісны.

Крыху гісторыі. Галоўнае багацце планеты – людзі - у колькасных адносінах пастаянна расло. Рост быў бурным, асабліва апошнія 150 год. У пачатку новай эры, 2000 год назад, насельніцтва Зямлі складала ўсяго 230 мільёнаў чалавек. Праз 1000 год было 275 мільёнаў, а ўжо ў 1850г. дасягнула 1 мільярд чалавек. Да 2000 года нас стала каля 7 мільярдаў.

У 1939 годзе, калі адбылося аб’яднанне Усходняй Беларусі з насельніцтвам 5,6 мільёнаў, з Заходняй Беларуссю, з насельніцтвам у 4,7 мільёнаў, нас стала 10,3 мільёна. Так што Вялікую Айчынную вайну мы сустрэлі прыкладна з гэтай лічбай. Калі паверыць чуткам, што ў вайну загінуў кожны трэці, то пасля выгнання нямецкіх акупантаў нас засталося 7 мільёнаў.

 

Арыфметыка жыцця. Як спыніць дэпапуляцыю Беларусі?

Глыбокае. Хлопчык. Фота Леанарда Рачыцкага, каля 1930 года

 

Але ўжо да 1950 года насельніцтва рэспублікі складала 7 мільёнаў 745 тысяч чалавек. За 5 год натуральны прырост склаў 745 тысяч чалавек, або кожны год прыбывала прыкладна 150 тысяч беларусаў! [Паводле ацэнак сучасных даследчыкаў, страты насельніцтва БССР падчас нямецка-савецкай вайны склалі каля 20%, у такім разе разлікі аўтара перабольшаныя. Да таго ж, пасля вайны мела месца міграцыя з іншых рэспублік Саюза – заўв. Рэд.].

Здавалася б, каму было нараджаць столькі дзяцей? Другое пытанне – не было не толькі памперсаў, але добрых полак, ніхто і не думаў пра дзіцячае харчаванне. Разжаваны кусок хлеба, якога не заўсёды хапала, загорнуты ў анучку – асноўнае дзіцячае харчаванне. Пустышкі таксама былі дэфіцытам. Незразумела, як маці 50-х-60-х гадоў умудраліся выкарміць сваіх немаўлят.

У 1960 годзе мне давялося працаваць старшынёй Стэфанпольеўскага сельсавета, і па абавязку службы ўручаць медаль мацярынства ІІІ ступені за 5-е народжанае дзіця сваёй суседцы ў в. Ліпкі. Уручаючы ўзнагароду, я павіншаваў маці дзяўчынкі і не стрымаўся запытаць, як яны асмеліліся ў такіх цяжкіх умовах павялічыць сям’ю. Яна мне адказала: “ Мілы сусед, няўжо мы ўшасціх не пракормім гэту кроху?” І прагадавалі, і адукацыю далі, і жыццё ў гэтай “крохі” зладжанае.

Як кажуць у народзе, усё ішло пуцём-дарожкай. Нараджальнасць перавышала смяротнасць, і ўжо на 01.01.1993 года насельніцтва краіны склала 10 мільёнаў 239 тысяч чалавек.

Але наступіла чорная паласа ў дэмаграфічнай сітуацыі, нараджальнасць стала рэзка змяншацца, а смяротнасць расці. Ужо на 01.01.2008 года насельніцтва зменшылася да 9 мільёнаў 655 тысяч чалавек. За 10 год, якія папярэднічалі 2008 году, не далічыліся 584 тысячы чалавек. Працэс прадаўжаецца і да гэтага часу. Перапіс насельніцтва, які праводзіўся ў 2009 годзе, канечне прааналізавалі ўсебакова, але вынікі аналізу ўтоены ад народу. Але ўсё ж штосьці становіцца вядомым.

У 2010 годзе насельніцтва Віцебскай вобласці скарацілася на 8057 чалавек. Па дадзеных галоўнага статыстычнага ўпраўлення вобласці, у 2010 годзе на Віцебшчыне нарадзілася 12406 дзяцей – на 173 менш, чым у 2009 годзе, а памерла 20463 – на 417 больш. Па-ранейшаму турбуе статыстыка шлюбаў і разводаў.

Спынюся на нашым Мёрскім раёне, думаю, становішча аналагічнае і ў іншых раёнах. Статыстыка нараджальнасці, смяротнасці, шлюбаў і разводаў прыведзеная ў табліцы.

 

Арыфметыка жыцця. Як спыніць дэпапуляцыю Беларусі?

 

Прааналізаваўшы табліцу, мы з краязнаўцам Пятром Баговічам прыйшлі да высновы, што нараджальнасць на сяле вышэй, чым у горадзе. 60 год таму ў маёй роднай Баркоўшчыне пражывала 10 гаспадароў. Толькі ў дзвюх сем’ях было па 2 дзіцяці. Даходзіла да 6-7 дзяцей.

У 1960 годзе ў былым Стэфанпольеўскім сельсавеце, зараз тэрыторыя САК “Сіцькова”, пражывала больш 1700 чалавек. Сёння ў гаспадарцы каля 380 жыхароў, з якіх частка прыезжых. Калі ў 1966 годзе прымаў Акунёўскую СШ, у ёй навучалася 229 вучняў. У школьным мікрараёне функцыянавала Фядосаўская ПШ 15-20 вучняў і Турчанская ПШ 30-40 вучняў. У гэтым годзе за парты Сіцькоўскай СШ сядзе ўсяго 65 вучняў, у 1-м і 2-м класах усяго па аднаму вучню.

Сустракаю сваю вучаніцу па Дзісненскай СШ.

– Ірынушка, як твая сям’я, дзеці?

– Я не замужам.

– Чаму ж так? Табе ж даўно пара нараджаць.

– Пара. У мяне такі ўзрост, што пара б ужо і нараджаць. Але праблема: ад каго? Я хачу здаровае дзіця, без дурной спадчыннасці. І праблема паўстала, ад каго радзіць, не гаворачы ўжо аб тым, з кім выхоўваць?

Усё, аб чым выступае на публіцы прэзідэнт, аб чым моляцца святары - вечарам кожны дзень метадычна абвяргаецца, аплёўваецца і асмейваецца гаспадарамі і прадаўцамі тэлевізійнага супермаркета. Станіслаў Гаварухін у інтэрв’ю “Камсамольскай праўдзе” заўважыў, што кіно і тэлебачанне абавязаны фарміраваць у чалавека лепшыя маральныя якасці, але за апошнія 20 год адбываецца маральнае разлажэнне чалавека, асабліва моладзі.

Ці патрэбна здзіўляцца, што пры апытанні сацыёлагаў, кім бы вы хацелі стаць, некаторыя з дзяўчат адказваюць – хачу стаць прастытуткай, а хлопцы гатовыя ісці ў “браткі”, або стаць кілерам.

Мімаволі ў памяці ўсплывае песня: “У меня братишки нет, у меня сестрёнки нет. Что же будет, если мода на детей пройдёт?” Праходзіць гэта мода, паважаны чытач.

 

Арыфметыка жыцця. Як спыніць дэпапуляцыю Беларусі?

Дзеці. Глыбокае. Фота Кастуся Шыталя

 

Наша райгазета “Міёрскія навіны” за 9 чэрвеня 2009 года. Артыкул “Прафілактыка ранніх шлюбаў”, мерапрыемства праводзілі БРСМ, ЗАГС, аддзел моладзі сумесна з педагогамі Мёрскай СШ№2. У канцы мерапрыемства была дадзена анкета з наступнымі пытаннямі: ці гатовы вы праяўляць клопат аб дзецях (станоўча адказалі толькі 2%); ці гатовы вы правяраць дамашнія заданні ў сваіх будучых дзяцей (гатовы толькі 3%); ці гатовы вы ўставаць па начах да сваіх дзяцей (не гатовы ніхто). Толькі 3% згадзіліся хадзіць на бацькоўскія сходы, 3% гатовы чытаць дзецям казкі. Затое купляць сабе модны абутак і адзенне гатовы ўсе да аднаго.

Газета “Народнае слова” за 17 кастрычніка 2009 года. Цэлая старонка прысвечана пытанню “Як прыпыніць змяншэнне насельніцтва”. За круглым сталом Святлана Галубкова, начальнік упраўлення сацыяльнай падтрымкі насельніцтва камітэта па працы і занятасці насельніцтва аблвыканкама, якая бачыць прычыну змяншэння насельніцтва ў міграцыі за межы рэспублікі, смяротнасць ад ДТЗ, суіцыдаў і ўтапленняў. Але не заўважае нізкую нараджальнасць.

Аляксей Пракоф’еў, намеснік начальніка ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама. Ён прычыну бачыць у алкагалізме. Пётр Немяненак, намеснік начальніка ўпраўлення фізічнай культуры і спорту аблвыканкама. На яго думку, як толькі паставім на належны ўзровень фізкультуру і спорт, праблема будзе знятая. Андрэй Захараў, нам. начальніка ўпраўлення прафілактыкі УВД аблвыканкама. Упарадкаваць продаж гарэлкі і цыгарэт.

І вось Мікалай Брусакоў, святар, паслухаўшы прысутных, папрасіў адказаць на пытанне, колькі ў кожнага дзяцей у сям’і. Выявілася, што ва ўсіх па аднаму, толькі ў Немянёнка двое. У самога святара – трое. “Бачыце, – сказаў святар, – дзеці ў сям’і выраджаюцца. Дзяржава грошы ўкладвае, а праблема не вырашаецца. Таму што чалавек згубіў сэнс жыцця”.

І сапраўды, усе чацвёра ўдзельнікаў людзі матэрыяльна больш чым забяспечаныя. Маюць шыкоўны кватэры. Да іх паслуг элітныя садзікі і школы, а вось сэнс жыцця скажоны – займець пародзістага сабаку, кошку, добрую машыну, але не абцяжарваць сябе дзецьмі. Наша эліта лічыць, што дзяцей павінны нараджаць ткачыхі, даяркі, прыбіральшчыцы.

 

Арыфметыка жыцця. Як спыніць дэпапуляцыю Беларусі?

Беларускія вёскі пусцеюць на вачах. Фота Кастуся Шыталя

 

Падымаецца ўзрост уступлення ў шлюб. Алена Ланская, пераможца міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2011”, у інтэрв’ю “Советской Белоруссии” сказала: “Сёння самая звычайная дзяўчына спярша будуе кар’еру, забяспечвае сабе тыл і толькі потым думае аб дзецях. Гэта раней абавязкова было выскачыць замуж у 20 год, а зараз барышні заводзяць сем’і і пасля 30, і ўсе да гэтага адносяцца нармальна.” Хлопцы таксама не спяшаюцца заводзіць сям’ю. Добра гэта ці дрэнна, але такая сямейная палітыка не на карысць дзетанараджэння.

У размовах часта можна пачуць меркаванне аб нараджэнні другога, трэцяга дзіцяці – няма чаго нараджаць галечу. Дзеці – дарагое задавальнне. Маладая сям’я, мае былыя вучні Аляксандр і Наталля, абое маюць вышэйшую адукацыю. Бацькі ў Наваполацку дапамаглі купіць дом. У іх 2 дачкі 3-х і 4-х год. Каб аддаць у садзік у мінулым годзе, ім далі пералік з 21 прадмета, якія неабходна купіць, акрамя абутку і адзення. Бацькі пенсіянеры, быўшыя педагогі. Агульнымі сіламі адолелі. У гэтым годзе чуў абутак старэйшай перайшоў да малодшай. У мінулым годзе зменны абутак каштаваў 27 тыс. рублей, у гэтым – 108. Вось і даводзіцца дзядулю і бабулі жыць на адну пенсію, а другую – на ўнукаў.

Маладая сям’я, муж, мой вучань Валодзя, працуе ў электрасетках, заробкі па мерках Дзісны нармальныя, жонка Ірына медсястра. У гэтым годзе сынок пойдзе ў першы клас. Што ж вы, – кажу, – думалі раней, каго адправіце ў садзік. Мы думалі пра гэта раней, але фінансы не дазваляюць, усё дзіцячае такое дарагое.

 

Арыфметыка жыцця. Як спыніць дэпапуляцыю Беларусі?

Дзеці. Глыбокае. Фота Кастуся Шыталя

 

Заходжу ва ўнівермаг. Туфлі дзіцячыя для хлопчыка ў мінулым годзе каштавалі 72 тысячы, у гэтым 220-250 тысяч рублёў, паліто – 100 тысяч, у гэтым – 250 тысяч. І ўсё ў 2-3 разы даражэй. Можна ўзяць крэдыт пад 10% гадавых, але яго ж патрэбна вярнуць, а ў наступным годзе ўсё паўторыцца наноў.

Не павінна заставацца ў баку і царква. Калі царква не будзе выкарыстоўваць магчымасць заявіць аб сваёй пазіцыі па пытанню дэмаграфіі, то яе голас не будзе пачуты, або пачуты слаба. Прыхаджане павінны ведаць, што царква стаіць на пазіцыі Хрысціянскіх каштоўнасцяў. Уцаркоўленых прыхажан вельмі мала, хаця многія лічаць сябе праваслаўнымі. І зараз адна з галоўных задач царквы ў тым, каб павялічыць працэнт уцаркоўленых сямей, растлумачыць людзям, што дзеці – гэта не абуза, а Божы дар, што без дзяцей жыццё не можа быць паўнацэнным.

Уладзімір Караткевіч пісаў: “Нам Богам дано – наша зямля – гэта святое месца пад небам”. А святое месца пустым не бывае. Заселюць кітайцы, арабы. І будзе ў нашых гарадах бушаваць полымя згараемых аўтамашын, магазінаў. Зараз гэтыя карцінкі мы бачым з экранаў тэлевізараў у Германіі, Францыі, Англіі. Нам гэта патрэбна?

Вольнае Глыбокае №35 (595) 1 верасня 2011 года

* * *
Артыкул быў напісаны ў межах "Народнай праграмы". “Народная праграма” – гэта грамадская ініцыятыва па выпрацоўцы новага пазітыўнага бачання будучыні Беларусі. На гэтым шляху ініцыятары праграмы імкнуцца аб’яднаць прафесійныя высілкі экспертнай супольнасці і ўдзел самага шырокага кола грамадзянаў у абмеркаванні найбольш вострых і надзённых пытанняў развіцця краіны.

Афіцыйны сайт "Народнай праграмы" - prahrama.by. Артыкулы "Народнай праграмы", напісаныя мясцовымі аўтарамі, сабраныя ў адмысловым радзеле на "Вестках".

Подписывайтесь на наш Telegram-канал @govorim_news
Заметили ошибку? Выделите текст, нажмите Ctrl+Enter и оставьте замечание!

Написать комментарий

Информация
Чтобы написать комментарий вам нужно авторизоваться или зарегистрироваться

Обращались ли вы за помощью в милицию?