Малыя рэкi – вялiкiя праблемы. Гутарка журналіста Уладзіміра Скрабатуна з эколагам Алегам Лысёнкам
Якой мы бачым будучыню Беларусі? Якую краіну пакінем нашым дзецям і ўнукам? Каб зазірнуць у будучыню, трэба ведаць і сённяшнюю рэчаіснаць. Будучыня краіны робіцца сёння. Ці здавальняе нас стан навакольнага асяроддзя, у якім мы жывём? Ці ўсё добра з нашымі лясамі і пушчамі, азёрамі і рэкамі?
Аб праблемах малых рэк гутараць рэдактар газеты “Вольнае Глыбокае” Уладзімір Скрабатун і эколаг, старшыня праўлення арганізацыі “Прырода і мы” Алег Лысёнак.
Што адбываецца з малымі рэкамі?
Алег Лысёнак: У апошнія гады пачалі інтэнсіўна зарастаць малыя рэкі: пры ўваходзе ў возера – у адзін бок, на выхадзе з яго – у іншы бок. Цалкам. Там, дзе плынь хуткая, зарастання ракі не назіраецца.
Недалёка ад вадаёмаў вельмі часта размяшчаюцца калгасныя фермы. Побач з імі – ямы, дзе захоўваецца гной. Дакладна вядома і навукоўцамі даследавана, якія рэакцыі і працэсы адбываюцца ў гэтых ямах на працягу 8 гадоў. Што далей адбываецца – невядома! Ніхто не ведае! Якія там шкодныя рэчывы ўтвараюцца? А гэтым гнойным ямам па 50-60 гадоў! І пра іх ўсе даўно забыліся…
Аднак гадамі ідуць дажджы, растае снег… Вада з ямаў трапляе ў рэкі і азёры. Мая выснова такая: гэтыя сцёкі ўтвараюць нейкі дадатны эфект для водарасцяў, які спрыяе суцэльнаму зарастанню рэк у зоне іх павольнай плыні. Дзе хуткая плынь, зарастання водарасцямі не назіраецца.
З мінулага года я заняўся тэмай стану малых рэк. Звяртаўся ў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, у газету “Савецкая Беларусь”… І – нічога! Мае звароты перасылаюць міністру.
Ніхто не хоча ўздымаць праблему і давесці яе да ведама навукоўцаў. У мінулым годзе я зачытаў даклад аб праблемах малых рэк на міжнароднай канферэнцыі, дзе было 35 краін-удзельніц. Ніякай рэзалюцыі на тое не было прынята. Нібыта праблемаў у нас не існуе.
Страчаны шанец на аднаўленне Залескага парку
Алег Лысёнак: На берагах азёраў і рэк, размешчаныя помнікі прыроды – старадаўнія паркі, якія закладзены два-тры стагоддзі таму ўласнікамі шляхецкіх маёнткаў. На вышэйзгаданай канферэнцыі мною было закранута пытанне аб стане Залескага парка, помніка эпохі Рамантызму.
Мы распрацавалі адмысловы праект, у якім улічаныя ўсе пытанні і экалогія і гісторыя Залескага парка ўзаемазвязаныя. Планавалася стварэнне гісторыка-экалагічных сцежак з парка да легендарнай Мамчынай горкі, рэстаўрацыя былой графскай стайні ў парку, пабудова вальераў для жывёлаў.
Стайня на сядзібе ў Залессі
Праект можа весці грамадская арганізацыя, але на ім павінен быць подпіс мэра. Мэр кажа: “Вы не зможаце гэта выканаць!”, спаслаўся на занятасць і адправіў да намеснікаў. Намеснікі выслухалі і кажуць тое самае: “Не! Мы не панясем ваш праект на подпіс!” Вось так сталіся непатрэбнымі 150 000 еўра на Залескі парк.
Гэты праект разглядаўся ў лютым мінулага года. Аднак Еўропа ўжо сродкі выдаткавала, таму быў паўторны разгляд у ліпені. Патэлефанаваў у Паставы… Мэр кажа: “Прыязджай!” Ён адразу мяне прыняў . На ўсё пагаджаўся: “Магу быць вядучым праекту я, можаш ты! Бяры на сябе тыя 150 000 еўра і распараджайся імі!” Толькі плячамі паціскваў: “Як гэта так! Даюць грошы! Чаму б не ўзяць? Трэба і гэтым займацца: аднаўляць паркі, вывучаць стан нашых рэк… Гэта – наша Радзіма! І грошы даюць…”
Тады мы разам з навучэнцамі Пастаўскага каледжа правялі водную экспедыцыю па рацэ Мядзелцы… Праўда, не паспелі праект цалкам рэалізаваць. Але не па віне мэра, а таму што тэрміны былі ўжо ўпушчаныя.
Мільён еўра кату пад хвост
Алег Лысёнак: Выпадак з Залескім паркам быў у мінулым годзе… А сёлета? Так і хочацца вылаяцца мацюкамі: 1 млн. 200 тыс еўра, якія Еўропа хацела выдаткаваць нам, пайшлі кату пад хвост. Два месяцы мучыліся з напісаннем гэтага праекту. А партнёр, які вядзе праект “Азёрны край” на Беларусі – Браслаўскі райвыканкам – у апошні момант адмовіўся ад фінансавання.
Уладзімір Скрабатун: Дык не зразумела, чаму Браслаў адмовіўся ад 1 млн. 200 тыс. еўра? Была боязь, што няма ў нас спецыялістаў па гэтай тэме і праект не будзе рэалізаваны?
Рака Друйка на Браслаўшчыне. Фота Photoclub.by
Алег Лысёнак: Увесь праект вісеў на мне. Праект вельмі складаны. Ён прадугледжваў стварэнне ў школах, у кожным сельсавеце адмысловых пастоў, ачыстку праблемных участкаў рэк, правядзенне пры райвыканкамах пасяджэнняў па праблемах экалогіі, кантроль за станам экалогіі, дапамогу ў правядзенні даследванняў…
Напэўна, у Браславе палічылі, што праект – невыканальны. Хаця й праект падавалі не яны, а яны павінны былі быць толькі вядучымі праекту.
Уладзімір Скрабатун: Можна меркаваць, што не ўсе зацікаўленыя, каб праводзіўся аналіз і даследаванне экалагічнай сітуацыі ў рэгіёне. Можа высветліцца, напрыклад, што нейкая калгасная ферма злівае нечыстоты ў рэчку ці возера.
Нязручная тэма экалогіі
Уладзімір Скрабатун: У нас могуць пакараць вясковага гаспадара за ўзвядзенне лазні паблізу возера… Як бы ўсё правільна і па законе! Тым часам, толькі праз горад Глыбокае працякае 15 рэк і ручаёў прыроднага паходжання. Уздоўж гэтых ручаёў стаяць мясакамбінат, сельгастэхніка, рай¬па¬ліў¬збыт, гаражы, туалеты, хлявы і жылыя дамы прыватнага сектару. Увесну талая вада змывае нечыстоты і ручаямі ўсё гэта трапляе ў возера Кагальнае.
Атрымліваецца, калі прынцыпова сачыць за выкананнем законаў экалогіі, то трэцюю частку Глыбокага трэба пераносіць у іншае месца. Дык ці адэкватны ўрон, які нанесены прыродзе ад вясковага жыхара, які за 10 метраў ад возера пабудаваў лазню, і ўрон, які наносіць экалогіі 20-тысячны горад Глыбокае?
Затоплены падворак на вуліцы Кірава, 2010 год. Фота Яўгена Самсонава
У нас у краіне існуе Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, у кожным адміністрацыйным раёне існуе Інспецыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Як бачым, аб стане прыроды дбаюць дзве арганізацыі. Нямала!
Яшчэ ў дадатак – трэцяя, грамадская, “Прырода і мы”. Наконт Вашай арганізацыі ўсё зразумела: паўнавартастая дзяржава ў процівагу дзяржаўным структу¬рам павінна мець развітую грамадзянскую супольнасць.
Што датычыць Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, то яна паказала сваю эфектыўнасць, бо наўпрост не пад¬парадкоўваецца мясцовай уладзе. Як бы інспекцыю не кры¬тыкавалі нядобра¬зыч¬ліўцы, але штогод становіцца ўсё меней браканьераў як водных, так і лясных. Людзі нясуць пакаранне за пазапраўную лоўлю рыбы, паляванне, збор ягадаў, высечку драўніны.
Інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя – справаздачная Мінпрыроды, і знаходзіцца яна ў Доме Саветаў, дзе і мясцовая ўлада. Мясцовай жа ўладзе, натуральна, не вельмі выгодна ўзнімаць праблемныя экалагічныя тэмы.
Высечка хмызнякоў каля вёскі Зябкі. Фота Уладзіміра Скрабатуна
Алег Лысёнак: Я наўпрост задаў намесніку міністра прыродных рэсурсаў пытанне: “Ці была ў межах кампетэнцыі Глыбоцкай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя магчымасць спыніць павальную высечку кустоў і дрэў уздоўж нашых дарог?” Намеснік: “Абавязана была спыніць! Гэта ў межах яе кампетэнцыі”. Я прыйшоў да высновы, што і Міністэрству не патрэбныя справаздачы з раёнаў аб праблемах з экалогіяй. Усё павінна быць добра…
Павальную высечку кустоўя – так званыя “чыстыя палі” – я лічу абсалютна неабгрунтаванай. Кустоўе і дрэвы, што стаяць ля дарог, якраз і забіраюць у сябе пыл і шкодныя рэчывы, якія выкідвае ў паветра аўтатранспарт. Ну пасеклі! А кустоўе ізноў расце на гэтым месцы…
Уладзімір Скрабатун: Выслухаўшы Ваш аповед, я прыйшоў да высновы, што ў наяўнасці канфлікт інтарэсаў паміж грамадскімі арганізацыямі з аднаго боку і чынавенствам ўсіх рангаў - з іншага. Чынавенства, атрымліваецца, не зацікаўленае ў гэтым, бо ў працэсе вывучэння экалагічнага стану як у пэўным рэгіёне, так і ў краіне цалкам могуць усплыць шакуючыя факты.
Хто будзе абараняць беларускую прыроду?
Уладзімір Скрабатун: Як Вы думаеце, ці не мэтазгодна ў будучыні стварыць адну арганізацыю, якая б займалася праблемамі аховы жывёльнага і расліннага свету, а таксама і праблемамі экалогіі і навакольнага асяроддзя з падпарадкаваннем цэнтральнай уладзе, напрыклад, Прэзідэнту краіны?
Алег Лысёнак: Цяперашняя рэчаіснасць упарта кажа аб тым, што мы ідзем да таго варыянту, як і ў Еўропе, – у будучыні нашыя рэкі і азёры могуць застацца без рыбы і без усяго жывога! Еўропа і Азія гэта ўжо атрымалі. Убачылі. Зразумелі і зрабілі высновы. А мы?
Загінулая рыба на рэчцы Дабрылаўка, вясна 2011 года. Фота Яўгена Самсонава
Наша Інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету ловіць толькі браканьераў усіх масцей, але калі нехта скідвае шкодныя рэчывы ў вадаёмы, то нібыта, іх гэта не датычыць. У будучай Беларусі я бачу адну магутную арганізацыю, якая будзе займацца праблемамі аховы жывёльнага і расліннага свету і сачыць за станам нашай экалогіі.
Уладзімір Скрабатун: Ёсць такая прымаўка: “На тое і шчупак у сажалцы, каб карась не драмаў!” Гэта азначае, што ў процівагу дзяржаўным арганізацыям, якія дбаюць аб стане нашай прыроды, павінны існаваць і грамадскія экалагічныя арганізацыі. Дзякуй за цікавую гутарку. Жадаю поспехаў у Вашай упартай барацьбе за чысціню нашага навакольнага асяроддзя і каб у малых рэк не было вялікіх праблемаў!
Надрукавана ў газеце “Вольнае Глыбокае” № 33 (593) 18 жніўня 2011 года. Публікуецца са скарачэннямі. Падзагалоўкі ад рэдакцыі “Вестак”.
Написать комментарий
Обращались ли вы за помощью в милицию?
Объявления
Подключение стиральных и посудомоечных м...
30 бел.руб.
17:07, 03.02.2023Устранение засоров в Минске. 8(044)59683...
35 бел.руб.
17:07, 03.02.2023Замена смесителя. 8(044)5968381
25 бел.руб.
17:07, 03.02.2023Ремонт санузла и ванной комнаты. Минск....
30 бел.руб.
17:07, 03.02.2023Сантехнические работы в Минске 8(025)74...
20 бел.руб.
17:07, 03.02.2023